Выбрать главу

I вось зноў, як і тады, калі яна ўпершыню ішла на вячорку, Ганне робіцца ніякавата. Кожны як бы пазірае ёй у вочы, кожны як бы ведае, што гэта толькі што купленае плацце, і таму прыглядаецца. Прыглядаецца і Адарка. Няўжо ж і цяпер яе дачка горшая за другіх?

Ля прыступак магазіна Адарка заўважае дзябёлага чырванатварага дзядзьку з рыжымі даўгімі вусамі і нясмела падступаецца да яго.

— А дзядзечка, а даражэнькі,—пачынае гаворку яна. — А гэта ж купілі з дачкою ложак ды матрац, а грузіць няма з кім... На дачцы, бач, абнова. Адной мне цяжікавата будзе, то можа дапаможаце знесці на калёсы.

Дзядзька крытычна аглядае Адарку, пасля Ганну і на дзіва танклявым голасам кажа:

— А сама чаго ж не купіла?

— Паркалю, паркалю дачка купіла, — кажа Адарка і паказвае скрутак.

— А дзе ж ён, той ложак, у магазіне?

— У магазіне, дзядзечка.

— Ну, то хадзем, — згаджаецца ён і крычыць некаму ў натоўп: — Андрэй! Пачакай там мяне! _

I зноў едуць жанчыны па горадзе, сядзяць плячо ў плячо, важныя і трохі ўсхваляваныя.

— Цётачка, дзе тут рэстаран? — часта пытаецца ў сустрэчных Адарка.

Рэстаран — блізка ля цэнтра. Гэтая белая цагляная будыніна ў адзін паверх. Трохі даўгаватая, трохі нізкаватая. На вокнах і нават на шкляных дзвярах фіранкі.

— Ідзі, мама, — кажа Ганна, спыняючы каня, — а я тут пагляджу.

— Не, дочачка, трэба ісці ўдваіх. Я ўжо і забылася, што там казала Дадовічыха. Трэба ўдваіх. Толькі вось як жа з пакупкамі?

Але іх ахвотна выручае міліцыянер. Ён абяцае пасачыць за канём, за ложкам і за матрацам.

Ганна прыкметна хвалюецца, калі пераступае парог рэстарана. Яна ўспамінае Цупрона, яго звычай круціцца ля выпівалаў, дагаджаць ім і забаўляць іх, яго насмешлівыя, як на выкаце, вочы, што заўсёды паглядалі на яе з пагардаю, і ёй усё больш робіцца зразумелым, чаму Дадовічыха адмовілася наведаць яго і з якіх прычын апынуўся Цупрон во за гэтымі шклянымі дзвярыма. Божачка, ужо ж яна маладая, а колькі бачыла вось такіх на сваім шляху! Як толькі такі трохі ўзрасце і ўбярэцца ў сілу, то так і вынюхвае, дзе б зручней ды выгадней прыстроіцца. А цяжкое пакідае вось такой, як яна, або такому, як Рыгор Драздоў. I куды толькі ні забярэцца такі прайдзісвет! I ў канцылярыю, і ў рэстаран, асабліва, калі з харчаваннем нястача, і на чыгунку і чорт ма куды — каб было тое на небе, то ён і на самое неба забраўся б. Гаяна нават пабялела, калі заходзіла ў рэстаран.

За чыстымі сталамі абедалі людзі. Ганна пацягнула Адарку за рукаў.

— Пачакай, мама, дай аглядзецца.

Недалёка, справа, буфет і за ім буфетчыца. Хіба запытацца ў яе? Ганна патапталася на месцы, паглядзела на Адарку, і ўдваіх яны рушылі да шкляной аграмадзіны.

— Дзеванька, — запыталася Адарка. — А як бы пабачыць нам Цупрона Дадовіча? Ён тут ахвіцыянтам працуе, дык маці прыслала яму гасцінца, — і яна ўзняла руку з вузельчыкам.

Буфетчыца агледзела іх, паказала рукою:

— Вунь за тымі столікамі.

Але і паказваць не трэба было. 3 падносам у руках, на якім звінелі чаркі, сам Цупрон раптам вынырнуў аднекуль збоку. У белым касцюме, старанна зачасаны, прылізаны, ён так спяшаўся, што нават і не прыкмеціў аднавяскоўцаў. Ён быў п’янаваты, і гэта відаць было па яго асалавелых вачах, па рухах, і пахла ад яго адэкалонам і гарэлкай. За гэты час Цупрон неяк абмяк, шчокі раздзьмуліся і блішчэлі, як мядзяныя.

— Цупрон! — паклікала яго Ганна.

Цупрон уздрыгнуў і азірнуўся. Раптам яго вочы пачалі большаць, рот пачаў раскрывацца, шчокі распаўзліся яшчэ больш, і вось ужо з яго языка само сабой зрываецца знаёмае:

— Ай-яй-яй-ай! Ды гэта ж Ганна! Ды гэта ж Адарка! Як жа вы тут?

Ён хутка ставіць паднос на прылавак і шыбае амаль подбегам.

— Ну, Ганны ж не пазнаць,— кажа ён, трасучы яе руку.— Во табе і Ганна. Гэты хлюст Міцька Тачыла, каб яму!.. Ай-яй-яй-ай! Во табе і дзяўчына! Во табе і ўсходаўка!

— Чакай, чакай,— перапыняе яго Адарка.— Мы табе гасцінца ад маці прывезлі, — і яна падае Цупрону вузельчык. — Там і пісьмо. А сама яна не можа прыехаць, бо прыхварэла.

— Няпраўда, — раптам кажа Ганна. — Маці твая, Цупрон, не хворая, толькі яна да цябе не паедзе. Не паедзе, бо ненавідзіць такіх, якія кідаюць калгас і працуюць, дзе лягчэй. I прасіла перадаць, каб ты адумаўся і вяртаўся, бо яна адна, старая. I прасіла ўведаць, што ты думаеш. Во!

Цупрон пахмурнее. Рука, якая трымае матчын вузельчык, прыкметна дрыжыць.

— Чакайце, — кажа ён і дастае з вузельчыка запіску, напісаную Рыгорам Драздовым.

Доўга і ўважліва чытае яе, час-ад-часу шавелячы губамі. Там напісана, што нягожа пакідаць адну старую маці, якая выпеставала і ўзрасціла яго, што не да дабра давядзе Цупрона вось такое жыццё, што калгас багацее, работы шмат і кожныя рукі на ўліку. Можа ён адумаўся б, кінуў гэты рэстаран, кінуў дапіваць за другіх гарэлку ды ўсё ж вярнуўся. Маці ж чакае яго!..