Выбрать главу

— Та-ак! — цягне Цупрон і пазірае на Ганну. Але позірк яго не так на ёй, як на яе плацці.— Справы!— зноў выдыхае ён, успомніўшы камсамольскія сходы і некалькі паседжанняў праўлення калгаса, куды, як і іншых, яго выклікалі яшчэ да здарэння на мосціку. Асалавелымі вачыма ён аглядае рэстаран і пытаецца: — Хто запіску пісаў?

— Рыгор Драздоў, — адказвае Ганна.

— Ну, яно і бачна. Маці такое не напісала б.

— Не, Цупрон. Гэта просьба маці, яе словы напісаны, — настойвае Ганна.

— У нас заўсёды крайнасці,— кажа Цупрон, відаць, паўтараючы чужыя словы. — Заўсёды на рабро, у тупік. Або туды, або сюды. Не вярнуся я ў вёску. Я працую там, дзе падабаецца, і маці за гэта крыўдаваць на мяне нельга. Так і скажыце. I я на яе не крыўдую. Чаго ж?

I ён устаўляецца вачыма на жанчын і зноў глядзіць на Ганну. «А гэты Міцька Тачыла не дурань, — разважае між іншым ён. — Нюх у яго гончы. Бач, і пад лахманамі змог угледзець такую прыгажосць!»

Не, не любіць ён Міцькі Тачылы!..

8

Пасля ўходу Зорыка Цэнтнера, Вальдамара Лусты і Цупрона Міцька Тачыла і сапраўды засумаваў. Праплывалі перад вачыма не так ужо і даўнія школьныя гады. Тады ён часта выходзіў за ваколіцу, спыняўся пры Дняпры і доўга тут прастойваў. Або іншым разам браў вуду і забіраўся ў кусты вудзіць акунёў. Вось так аднойчы вудзіў пад высокім гліняным берагам, а рыба нешта не бралася. Сядзеў-сядзеў Міцька дый рашыў, нарэшце, перабрацца на другое месца. Не спяшаючыся, зматаў вуды, забраў бляшанку з чарвякамі і толькі адышоўся ад таго куста, што над кручаю, як увесь той бераг — і куст, і тое месца, на якім сядзеў — раптам рухнулі, агаляючы размыты глеевы пласт. Тысячы пудоў зямлі на вачах у здзіўленага Міцькі сплылі ў Дняпро. Сплылі і закружыліся і пачалі асядаць на віры так, што тырчэлі некалькі хвілін з вады верхавіны высокага лазовага куста, што ўсё яшчэ не хацеў адыйсці ад роднага берага. А Дняпро лютаваў, вірыў, гнаў воды. Куст, вырваны ім з зямлі, раптам паплыў на сярэдзіну і там затануў.

Міцьку не толькі ўразіла ўсё гэта. Яго зачаравала суровасць ракі, яе патаемная сіла, якой ён раней зусім і не заўважаў. Вось тады ўпершыню і з’явілася думка пайсці працаваць на параход або кацер. А так як вучыўся ён дрэннавата, то думка гэтая ўсё больш і больш займала яго. У час вясновых іспытаў ён раптам кінуў школу і паступіў на курсы матарыстаў пры Дняпроўска-Дзвінскім параходстве. Праз паўгода Міцька быў на практыцы, а пасля яго прызначылі на кацер. Вазілі на прычэпах баржы, плыты і за кароткі час плавання Міцька яшчэ больш зжыўся з ракою.

Яшчэ да здарэння на мастку яго выклікалі ў праўленне. Старшыня калгаса Ілья Максімавіч Касцюкевіч, нядаўні рэдактар абласной газеты — чалавек пажылы, лысы, з пасмамі сівых валасоў за вушамі, у празрыстых акулярах з надзвычай тонкай сярэбранай аправай — проста і ва ўпор запытаўся ў яго:

— Чаму не працуеш?

Міцьку не было чаго адказваць на гэтае пытанне, і ён маўчаў. Тады Касцюкевіч устаў з-за стала і пачаў хадзіць з кута ў кут, з кута ў кут, паціраючы рукамі, як гэта заўсёды ён рабіў, калі пачынаў хвалявацца.

— Не, вы зірніце на гэтага хлопца. Ма-атрос! — і ён многазначна падняў угору ўказальны палец правай рукі.— Плечы — касы сажань,— развёў ён убакі рукі, паказваючы гэты сажань, — кулакі пудовыя, шыя бычыная, а не працуе. Маці, старая, ходзіць штодня ў поле, а гэты асілак, а ў сапраўднасці лодыр, адлежваецца. Не працуе — і ўсё тут! У Цэнтнера ў краме аціраецца, з Цэнтнерам п’е, з Лустай ды Цупронам на танцы ходзіць і чхаў ён на калгас. Не, браце Тачыла. Так не будзе! Працаваць прымушу! А не будзеш працаваць — адміністратыўным парадкам вытуру з матчынай хаты. Складу пратакол, увесь калгас падпішацца і, як без пэўнага занятку, здам міліцыі. А дойдзе да суда — у мяне ўсе сведкамі пойдуць. Не хочаш тут працаваць — калі ласка, працуй на Калыме. Там таксама зямля і таксама людзі. Ды не хочацца мне гэтага рабіць, бо хлапец ты — шчыра скажу — вельмі ўжо цікавы. Ну, дурэеш, дык я сам некалі быў такім — ведаю, разумею. Але, таварышок, хопіць! Час, як кажуць, і за розум брацца. Каб заўтра ж быў у полі.

Міцька пасля такой размовы, хоць і выйшаў на двор чырвоны, як вараны рак, і потны, аднак ні назаўтра, ні ва ўсе наступныя дні на працу не пайшоў. Пасля заметкі ў «Нашым вожыку» яго выклікалі ў праўленне яшчэ раз, але Міцька, успомніўшы, з кім будзе мець размову, махнуў у адчаі рукой і сказаў сам сабе:

— Не пайду!