Выбрать главу

Пасля ўцёкаў Цэнтнера, Вальдамара і Цупрона яму перадалі, што Касцюкевіч напісаў на яго вялізны пратакол і ўсіх, хто заходзіць да яго, просіць пад гэтым пратаколам падпісвацца. Міцька і пасля гэтага не выйшаў у поле і з нецярплівасцю пачаў чакаць свайго сумнага канца. Вось у гэты час і пачало здавацца, што яго лёс падобны на лёс таго змытага ракою куста. Спачатку ён абураўся, лаяў усяляк Касцюкевіча, не мог трываць, калі пры ім называлі імя гэтага чалавека, а потым на яго напаў вельмі чуллівы настрой. Бяссоннымі начамі выйдзе Міцька ў поле, услухаецца ў абшары, надыхаецца наваколлем і пачынае мармытаць песню, якая стала вельмі блізкай:

Выхожу один я на дорогу,

Сквозь туман кремнистый путь блестит.

Ночь тиха, пустыня внемлет богу,

И звезда с звездою говорит.

Зоры пераміргваюцца і сапраўды як бы шапочуцца. Сівее ў нізінах туман. Пачынае здавацца, што цярністы жыццёвы шлях сапраўды пралёг праз гэты туман. Хочацца распасцерціся на зямлі і, адчуваючы яе, заплакаць, як бы растварыцца ў ёй і драмаць у вечным спакоі, як гэтае неба, як сама яна, зямля. Растварыцца і адчуваць усё гэта, — і зразумелае, і вельмі многае незразумелае — вечна. I тады міжвольна ўяўляецца Каўказ, якога ён, яшчэ і не бачыў, і адзінокі сярод людзей, прыгожы, дарагі і блізкі чалавек Лермантаў. Не, ніхто не разумее яго, Міцькі. Усе бачаць у ім толькі таго прайдзісвета, што завёў на масток Ганну, а ў сапраўднасці ён лепшы за ўсіх, і ніхто не ведае, што як не плача ён па начах, дыхаючы ўсім наваколлем і ўсё больш убіраючы яго ў сябе. Не, ніхто не разумее і не зразумее! Вось хіба толькі Ганна! Як бы назаўсёды застаўся на яго вуснах той пацалунак і назаўсёды запомінілася прыгажосць яе сумных вачэй. Глядзі, закахаешся, Міцька, закахаешся ў гэту дзяўчыну, якую ўсе некалі называлі Пабірахай! Але ж ён, Міцька, яшчэ больш няшчасны, і таму кахання ніякага не можа быць. Дый і наогул — ці існуе яшчэ яно, гэтае каханне? Так, людзі сыходзяцца з-за агульнасці інтарэсаў, а сапраўднага, шчырага кахаяня няма, яно было магчыма толькі некалі і вельмі ж даўно. Толькі тады людзі і хінуліся адзін да аднаго, па-сапраўднаму кахаючы, толькі тады хлопец мог па-сапраўднаму і вянуць і сохнуць, калі дзяўчына яму падабалася.

Вось да якіх думак давёў Міцьку яго панылы настрой. Песня, складзеная можа сто гадоў назад, як бы клікала яго ў вялікі свет, а такім светам для Міцькі было толькі плаванне па Дняпры. Яго ж не пускалі ў гэтае плаванне, ставілі яму безліч перашкод, абыйсці якія было немагчыма. Нарэшце, Міцька не вытрымаў. Неяк увечары выпіў употай чацвярцінку, расхінуў форменку, паказаўшы свету матроскую цяльняшку, зайшоў на кватэру да самога Рыгора Драздова ды і выклаў там усё, што адчуваў і што думаў. На вялікае яго здзіўленне, гэты грозны Рыгор Драздоў думаў і адчуваў зусім жа так, як і ён, Міцька. I што заснуць можна нейкім вечным, але надзвычай успрыймальным сном, і што ён лепш за ўсіх, а сапраўднага кахання ў яго ўсё няма, і што ён многім падобны на Лермантава, і што ён таксама ніяк не можа надыхацца абшарамі. Вось толькі ў адным яны не сыходзіліся: яму, Рыгору Драздову, калі і ставіў хто ў мінулым перашкоды, дык ён, Рыгор Драздоў, змагаўся, перамагаў іх і выйшаў у вялікі свет, або ў вялікае плаванне, а такім вечным вялікім плаваннем для яго з’яўляецца камсамол. I ў заключэнне гэтага свайго душэўнага прызнання Рыгор Драздоў паляпаў Міцьку па плячы і сказаў:

— На Касцюкевіча не крыўдуй. Сам ведаеш, які ён прыняў калгас. На рахунку ні рубля не было, а даўгоў — 350 тысяч. Ні дысцыпліны, ні падтрымкі. Вось і трэба было паднаціснуць, а ў чалавека, хлопчык, парок сэрца, а гэта не жартачкі. Ленін чаму вучыў? Каб выцягнуць увесь ланцуг, трэба спачатку ўхапіцца за адно звяно. Вось і пачаў Касцюкевіч шукаць такое звяно. I знайшоў, хлопчык. Такім звяном быў лён. На гэтай зямлі ён добра родзіць і дае вялікі прыбытак. I цяпер, калі праз гэты прыбытак калгас стаў на ногі, Касцюкевіч робіць гаспадарку шматгаліннай. Мацуе паляводства, малочна-таварную ферму. I гэта даецца яму нялёгка. Яго трэба, хлопчык, падтрымаць. Але так, як вялікае тваё плаванне не ў калгасе, то я табе дам параду: цішком ад Касцюкевіча, пакуль ён збірае тыя подпісы, махні ты на параходства ды вось так, як мне, прызнайся ва ўсім начальству. Яны самі рачнікі — зразумеюць. I ў старых грахах сумленна пакайся. Вось пабачыш, залічаць у штат. Ды яшчэ, глядзі, на самы лепшы параход накіруюць. Чэснае слова, так будзе. А Касцюкевіча я тым часам угавару. Вось і справа будзе з канцом. Ды ты пачакай, хлопчык, пачакай, — раптам ляпнуў ён сябе рукою па ілбе і падхапіўся, захадзіў па пакоі. — Пачакай,— яшчэ раз сказаў ён і прыжмурыўся, штосьці прыпамінаючы. — А гэта ж у мяне ў Днепра-Дзвінскім параходстве ёсць сябар. Ну канешне, хлопчык, у Днепра-Дзвінскім... Камсорг параходства Міхаіл Нічыпаравіч Ліпняк. Разам у вобласці накіраванне атрымлівалі, а вось нешта нічога не піша, чарцяка. Відаць, работа закруціла — абавязкова напісаў бы. Дык вось што, хлопчык. Ты пасядзі тут, а я яму зараз цыдулю абмазгую. Пачакай толькі трошкі. Такую напішу, што будзе поўны парадак.