Выбрать главу

Міцька Тачыла перажыў яшчэ адзін неспакойны дзень і яшчэ адну неспакойную ноч. Ён прыйшоў назаўтра не ў дванаццаць, а ў адзінаццаць гадзін і захапіў Ліпняка за тым жа службовым сталом.

— Як твая справа? — адказаў ён пытаннем на пытанне,— Прызнацца, цяжкавата было. Ды тут такая нечаканасць: начальнік упраўлення, аказваецца добра ведае Рыгора Драздова. Адкуль, якім чынам — не распытваў, няёмка было. Просьбу ўважыў. Такшто — віншую, — і Міхаіл Ліпняк, падняўшыся, працягнуў руку, якую ўзрадаваны Міцька ўхапіў абедзвюма рукамі.— Цяпер я ўжо яму напішу,— сказаў Ліпняк, усё яшчэ думаючы пра Драздова.— Бачыш, начальніка ведае, а запіску напісаў мне. Відаць, пабойваўся ўсё ж. Дык вось, слухай, наконт цябе. На параход цябе не паставілі, а паставілі на кацярок. На дваццаць пяты нумар. Там якраз механік на пенсію ідзе. Прыгледзімся да цябе, пабачым, ці апраўдаеш. Выйдзеш у перадавыя — на параход перавядзем, будзеш, як і раней,— прагонім з трэскам. Ну, толькі помні: за цябе я і Драздоў заручыліся — не забывайся пра гэта. Патрэбна будзе дапамога — паведамляй адразу, калі што не так — змагайся і таксама паведамляй, а я ўжо не выпушчу цябе з прыцэлу.

I зноў Міцька пачаў плаваць на Дняпры, увесь час памятаючы пра гэтага не вельмі каб прыкметнага хлопца Рыгора Драздова. I ўсё больш і больш думаў пра Ганну. Дзіўная нейкая дзяўчына! Чаму гэта яна тады так адразу пайшла з ім, чаму — з першага разу — хінулася да яго? Пацалаваў, дык задаволена засмяялася. I пасля на масток пайшла. Так думаў ён доўгі час і чым больш думаў, тым больш не мог ва ўсім гэтым разабрацца. I толькі значна пазней, калі ён задаў сабе зноў тое ж самае пытанне, адразу і нечакана знайшоў на яго патрэбны адказ. «Ну чаму,— сказаў сам сабе Міцька Тачыла,— чаму дзяўчына ідзе з хлопцам? Чаму яна хінецца да яго? Ды калі ўжо яна і ідзе і хінецца, дык ужо ж, мабыць, кахае. Толькі з гэтай прычыны заўсёды ўсё і атрымліваецца так. Каб не было такой прычыны, то не было б ні абдымкаў, ні пацалункаў». Для Міцькі гэта было цэлым адкрыццём. Бадай што і вучоны, які гадамі прадуе тад нейкай праблемай і нечакана для самога сябе знаходзіць зусім непрадбачаны закон,— бадай і гэты вучоны не бывае так уражаны, як быў уражаны сваім адкрыццём Міцька. А Рагіна? Ды Рагіна ж зусім не кахала яго! I гэта таксама было адкрыццём...

У час стаянак на палубе кацера сумна гучала гітара і чуўся Міцькаў голас:

Выхожу один я на дорогу,

Сквозь туман кремнистый путь блестит...

Нарэшце, усё як след узважыўшы, Міцька сеў аднойчы за столік і, страціўшы некалькі аркушаў паперы, напісаў доўгае пісьмо. Напісаў і нецярпліва пачаў чакаць адказу. I ён, адказ гэты, прышоў. Дрыжачымі рукамі разарваў Міцька канверт, дастаў адтуль фатакартку і аж ахнуў ад здзіўлення. Гэта была Ганніна фатакартка, але якая то была Ганна! Разадзетая, непазнавальна прыгожая, з усмешкай на вуснах. У Міцькі Тачылы міжвольна ўзніклі тыя ж думкі, якія ўзніклі аднойчы ў Цупрона Дадовіча. Толькі думкі яго былі не злосныя, а прыязныя і шчаслівыя...

10

У канцы лістапада выпаў першы снег, а ў снежні па-сапраўднаму закруцілі зімовыя завірухі. Дарогу ад калгаса да горада занесла, штодзень на яе выязджалі снегаачышчальнікі. Ціснуў мароз, мерзлі канаплянікі на загарадзях, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая і цяжкая. У адзін з такіх непагодлівых дзён Міцька Тачыла, паставіўшы на снег два аб’ёмістыя чамаданы, бадай, з поўдня прачакаў ля чыгуначнай станцыі аўтамашыны. Наставіўшы каўнер зімовага паліто, ён подбегам прахаджваўся перад будынкам вакзала. А снег сыпаўся і сыпаўся. Часам моцны вецер здзьмухваў яго з даху вакзала і тады наогул нічога не было бачна. Міцька Тачыла нерваваўся і непакоіўся. Неўпрыклад мінуламу, сёлета, як толькі стаў Дняпро, ён напрасіўся ў докі, на рамонт, і цяпер ехаў дадому, бо згодна загаду начальніка ўпраўлення яму прадаставілі адпачынак на месяц. Блізкая сустрэча з Ганнай непакоіла і радавала яго. У апошні час было столькі напісана пісьмаў! Канешне, Ганна не чакала яго. Міцька зрабіў так, як робяць і іншыя ў падобных выпадках: ён утоіў пра адпачынак, каб прыехаць і сустрэцца як быццам бы неспадзявана. I ён пасмейваўся, наперад прадбачачы гэтую неспадзяваную сустрэчу і ўспамінаючы, як летам вярталася яна пад вечар з поля адна, а ён чакаў яе, каб папрасіць прабачэння. Мілая, добрая Ганна! Ён апраўдаў сябе, і яго цяпер ставяць нават у прыклад іншым, а летам глядзі што пашлюць працаваць на вялікі параход. Хіба ж не шчасце гэта? I хіба не шчасце адчуваць, што там, за гэтай завірухай і снегам, чакае цябе чалавек, які раптам аднойчы стане блізкім табе і дарагім! I хіба не пра гэта спявае вецер, сыплючы і сыплючы снег! I хіба не пра тое самае папіскваюць застылыя на марозе канаплянікі! I вось толькі трохі сорамна ўспамінаць не вельмі каб прыгожае мінулае. Але Ганна разумее яго. Яна так і піша. Яна кажа, што галоўнае ў жыцці зразумець сваю памылку, выправіць яе і стаць на правільны жыццёвы шлях. Ён, Міцька, зрабіў гэта. Ён не тое, што Цупрон, якога, кажуць, нядаўна выгналі з рэстарана. Аднак усёроўна чамусьці сарамнавата.