— Глядзі,— ківае галавою ў дальні кут.
А там, у дальнім куце, стаіць Ганна ў сваім плацці і лодачках. Косы ў яе нейкія выцвілыя, тонкія, твар пачарнелы, худы, а рот як не да вушэй. Страшыдла, а не дзеўка.
Рагіна ўсміхнулася, зірнула на Міцьку і зажмурылася.
А Міцька зноў сваё:
— Ды зірні лепей. Зірні на руку!
А на руцэ ад кісці і як не да локця тлустая чорная пісяга — гэта, калі яна круцілася перад люстэркам з падкасанымі рукавамі, дык незнарок чыркнулася ў чалесніку аб качаргу і вымазалася ў сажу. Хіба ж ёй заўважыць гэта, калі ўся яе ўвага — увесь слых і зрок — занятыя вячоркай, так што аж вочы ўспыхваюць, а рот сам сабою раскрываецца.
— Ох! — піснула Рагіна.
— Хо, — сказаў Міцька Тачыла. — А рот — аў, сапраўднае страшыдла. Нездарма ў іх на агародзе ні аднаго канапляніка не ўбачыш — баяцца.— I Міцька паспрабаваў прыціснуць да сябе Рагіну, але тая ўчас паспела непрыкметна адпіхнуцца ад яго.
Між тым Ганна стаяла і зайздросціла Рагіне. Вось скончыўся вальс, Рагіна выцерла хусцінкаю твар і пачала цягнуць Міцьку да выхаду — прайсціся. Але Міцька нешта занатурыўся, спыніўся, павярнуўся да хлопцаў і пачаў з імі гаварыць. Рагіна пастаяла-пастаяла дый падалася адна да выхаду. Тады Міцька агледзеўся вакол і пачаў прабірацца ў кут, абыходзячы групкі хлапцоў і дзяўчат.
«Да каго ж гэта ён? — міжвольна падумалася Ганне. — Ой, няўжо да мяне?»
Міцька ішоў і пазіраў на яе, і Ганна, не верачы, адвярнулася. Раптам лёгкі, як вецер, дотык яго рукі да пляча.
— Добры вечар, Гануся,— сказаў ён.
— Добры вечар,— выдыхнула Ганна, і вочы яе ўспыхнулі радасцю.
Міцька незадаволена агледзеў дзяўчат, што стаялі блізка, незадаволена сказаў «хо!» і, узяўшы Ганну за локаць, прашаптаў:
— У цябе, Гануся, уся рука ў сажы. Гэтыя верціхвосткі,— і ён яшчэ раз незадаволена зірнуў на дзяўчат,— трасцу скажуць.
Спагадаю, замілаванасцю свяціліся яго вочы, калі яна, пачырванелая, неўпрыкмет ад другіх сцірала з рукі сажу і ўдзячна пазірала на яго.
Зайгралі кракавяк, і Міцькавы вочы ўспыхнулі.
— Танцаваць умееш? — запытаўся ён.
— Умею,— адказала Ганна.
— Пойдзем станцуем!..
Зусім не адмаўлялася, не адпіхвалася Ганна, як гэта заўсёды рабіла Рагіна, а паслухмяна падала яму руку і — выйшла. У першай пары!
І адчувала, што ўвесь клуб пазірае на яе. Так, між іншым, на нейкі кароткі момант, убачыла пры парозе здзіўленую Рагіау і адразу забылася на яе. Як кружыліся, то Міцька лёганька прыціскаў яе да сваіх грудзей, і Ганна не адпіхвалася, як гэта рабіла Рагіна. Яна, пэўна, ганарылася ім, Міцькам, як ганарылася тым далёкім родзічам, які аднойчы да іх заехаў. Гэта відно было па яе вачах, па твары, па яе ўсмешцы. Яна была рада, што Міцька з ёю танцуе.
Як скончыўся танец, Міцька адвёў яе ў той жа куток і не адышоў, пакуль не зайгралі новага танца. Рагіну запрасіў на танец нейкі заезджы хлопец, але Міцька на гэта і ўвагі не звярнуў.
У перарыве між танцамі Міцька адвёў у бок свайго сябра Цупрона Дадовіча і шапнуў:
— А ведаеш што — правяду я сёння гэтую Ганну.
— Ды ці ты адурэў? — жахнуўся Цупрон.— Пабіраху?
— Ага. Яна, брат, дурнаватая — сама чэпіцца. Во пабачыш, адразіу абкручу. Не верыш?
— Ну ж і Міцька! — паківаў галавою Цупрон.— Не веру.
— Давай на заклад!
— Давай,— згадзіўся Цупрон.— Толькі як дакажаш?
— А і не трэба даказваць. Сама за мною бегаць будзе.
— Ну, добра. А на што?
— На два літры рускагоркай. Заўтра разап’ем у складчыну, а пасля ты яшчэ паставіш. Хо, такая тут справа! Ды я каго хочаш абкручу. Я столькі дзевак перабраў, што табе, Цупрон, і не снілася. Аднойчы з гэтай, з Матрунай,— і Міцька зашаптаў сябру на вуха.— А Рагіна — думаеш, яна святая? Як жа, трымай! Гэта яна толькі так, а па праўдзе, дык і не так. Ну, давай руку!