Выбрать главу

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Міцька зноў заспяшаўся да Ганны, бо зайгралі вальс.

— Табе ісці далёка, дык я правяду,— сказаў Ганне Міцька.— Там на мосціку ля ручая пасядзім удваіх, пагаворым. Цяпер там прыгожа,— загаварыў Міцька, успомніўшы, што з-за гэтае ж прычыны ён усё ўгаворваў пайсці туды Рагіну, ды тая наадрэз адмовілася.— Ужо вольхі во-во пачнуць асыпацца, а пад мосцікам ручай увесь час булькоча. Сёння ноч цёплая,— і ён міжвольна яшчэ мацней прыхінуў Ганну да сябе.

— Мама будзе непакоіцца,— сказала Ганна і дадала: — Добра, удваіх пойдзем.

— Пасля гэтага танца,— шапнуў Міцька,— Выйдзем як бы праветрыцца дый пойдзем. А чаго тут, у клубе?

— Ага,— сказала Ганна і кіўнула галавою.

Вальс нешта хутка скончыўся, Ганна змахнула хусцінкаю з твару пот, зусім так, як гэта рабіла нядаўна Рагіна, Міцька падхапіў яе пад руку, запыхкаў, як вожык, і ўсім было відно, як яны падаліся на двор. Толькі адышлі ад клуба, толькі выйшлі з паласы клубнага святла, як Міцька абхапіў рукою Ганну за стан, прыціснуў да сябе, і яны пайшлі.

— Глядзі, якія зоры!.. — сказаў Міцька.

Зоры і сапраўды былі яркія, прыгожыя. Ад небасхілу і да небасхілу пераміргваліся яны і нават як бы варушыліся. Захад даўно патух, на тым месцы было цяпер неба, як празрыстае цёмна-сіняе шкло.

— Гэта праўда, што ты зволіўся з кацера? — раптам запыталася Ганна.

— Зволіўся, — сказаў Міцька і, паклаўшы левую руку ёй на грудзі, пачаў хінуць яе галаву да сябе.

Так прайшлі яны крокаў з дваццаць.

— Цяпер у калгасе будзеш працаваць?

— Не, чаго там, — адказаў Міцька. — Хай маці працуе — у яе пляц. А я падамся ў горад грошы зарабляць.

— Нядобра, — па-гаспадарску сказала Ганна. — У нас жа новы старшыня, трыццацітысячнік. Цяпер будзе ў нас па тры кілаграмы хлеба на працадзень і па дзесяць рублёў грашыма. Сама працаваць. Я ўжо дзвесце працадзён зарабіла — болей, як хто. Я дарма што з выгляду...

— Хо! — даверліва сказаў Міцька і зноў пачаў хінуць яе галаву да сябе.

Рагіна даўно адпіхнула б яго і даўно ўцякла б, а Ганна саромелася, але ўвачавідкі радавалася гэтаму. Яе ў гэты час нават браў гонар за самую сябе. Тады Міцька спыніўся і пацалаваў яе ў губы. Ганна паціху войкнула, а потым паціху задаволена засмяялася. Так доўга ішлі яны пад жнівеньскімі зорамі, аж пакуль не дыхнула на іх сырасцю, пахам гнілога лісця, альховымі карчамі і вадой. Вольхі і сапраўды пачалі ўжо асыпацца, і гэта нават у цемені адчувалася. Міцька яшчэ раз памкнуўся быў пацалаваць Ганну, але яна сказала:

— Хопіць, Міця. Хопіць!

Яму стала смешна, але ён стрымаў сябе.

Селі на нізкія парэнчы мосціка. Над мосцікам булькатала вада. У вадзе купаліся неба і зоры. Міцька прыхінуў Ганну, накрыў нават яе крысом свайго пінжака, і абаім стала ўтульна і добра. Міцька паклаў ёй руку на калені і ведаў, што яна нічога не скажа, і яна сапраўды нічога не сказала. Тады ён яшчэ шчыльней прытуліў яе да сябе і ўзяў яе рукі. Блізка нікога не было, адно плескатаў ручай. Міцьку ніякавата стала ля гэтай даверлівай Ганны, але ён успомніў Цупрона, абяцаных два літры гарэлкі. I вось у гэты самы час нават у цемені ён убачыў, як Ганніны вочы ўспыхнулі раптоўным страхам. Яна раптам падхапілася, з усяе сілы штурхнула яго ў грудзі і, не аглядаючыся, кінулася бегчы ў бок свайго двара.

Дзяўчаты і Цупрон, што вярталіся з пагулянкі і падыходзілі да лога, міжвольна жахнуліся, калі паўз іх праімчалася Ганна.

— Глядзіце, Пабіраха як смалянула. 3-за чаго б гэта? — сказаў Цупрон.

Але ў гэты час пярэднія дзяўчаты спалохана закрычалі і падаліся назад.

— Ой, дзевачкі, што гэта? — крыкнула адна з іх.

У ручаі, пад мастком, і сапраўды нешта варушылася і плёхалася ў гразі жывое. Вось яно выбралася на бераг і пайшло амаль на чацвярэньках, пыхкаючы, равучы.

— Мядзведзь! — як не з плачам крыкнула Рагіна.

— Мядзведзь! — адразу падхапіла некалькі галасоў, бо ўсе ўспомнілі, што блізка запаведнік, дзе мядзведзяў водзіцца нямала.

I ўся пагулянка кінулася наўцёкі ўслед за Ганнай.

А мядзведзь тым часам выбраўся на бераг і ў злосці пачаў адплёўвацца.

— Вось чорт! — сказаў нарэшце ён. — Ах ты, Пабіраха!

Пальцамі выкалупаў неяк з вушэй гразь, азірнуўся навакол і хуценька нырнуў у агароды.

2

У новым адпрасаваным касцюме матроса рачнога флоту, у высокай кепі з какардаю, у гамашах, што аж зіхацяць, Міцька Тачыла ідзе ў госці да Цупрона Дадовіча. Ён ведае, што там яго ўжо даўно чакаюць, і не адзін Цупрон, а з ім і яшчэ чалавекі чатыры або пяць, якім Цупрон палічыў патрэбным расказаць пра спрэчку і заклад. Чакаюць з нецярплівасцю, бо кожны ведае, што значыць для Ганны Пабірахі прайсціся з такім хлопцам, як Міцька Тачыла — па ім самыя найлепшыя прыгажуні млеюць і сохнуць.