Кампанія здзіўлена ўставілася на Рыгора Драздова, а Міцька нечакана пабляднеў.
— Ну, чаго ты! — сказаў ён. — Хіба ты не расказваеш чаго-небудзь смешнага? Бачыш, тут так было... Ты ж паслухай!..
— Добрыя смешачкі, Міцька. Дзяўчыне зусім няма цяпер ходу. Не, брат, не падлашчвайся, не будзе па-твойму!
— Рабіце, што хочаце,— падала раптам голас Цупронава маці, якая якраз жа зайшла ў хату,— толькі мой сын жыве асобна і хай жыве як хоча. Я во працую, як магу, і мяне не чапайце.
3
Ганна і не падазравала, што важныя падзеі чакаюць яе ў гэты дзень. Як заўсёды, раненька падхапілася і пабегла ў хлеў даіць карову. Карова — старая Лысуха — ужо з паўмесяца як разрэзала на поплаве на калючым дроце вымя, і нават і цяпер даіць яе — было адно мучэнне. Вымя ходь і зажыло, але ўсё яшчэ балела, і хоць прывыкла Лысуха да Ганны, але стаяла неспакойна, увесь час кідалася, а было і так, што зусім выбівала з рук вядро з надоем. Малака ж давала мала: Ганна даіла яе толькі раніцою і ўвечары. Гаспадарка была зусім нікчэмная — гэтая самая Лысуха, паўдзесятка курэй ды васьмёра ўжо ладных куранят. Але тыдні з два назад купілі яны на старане парасё, і цяпер яно рохкала ў закуце, ушыўшыся ў салому. Выкарміць гэтае парасё нічога не каштавала — у Ганны ж цяпер вунь колькі працадзён, а працадзень у гэтым годзе будзе не такі, як некалі. Зноў жа і ў агародзе бульба ўрадзіла — так што і адсюль падтрымка. А калі выпадзе на працадзень па дзесяць рублёў, дык тады і зусім будзе добра.
Зайшла Гаінна ў хлеў, пагладзіла Лысуху, паставіла ёй пад пысу вядро з пойлам, каб не дужа кідалаея. Сёння Лысуха вяла сябе спакайней, і Ганна хутка справілася з гэтай работай, якую лічыла самай цяжкай.
I малака Лысуха дала болей.
Пасля Ганна цадзіла малако, пасля разам з маці снедала, і за ўвесь гэты час яна амаль зусім і не ўспамінала пра Міцьку. У полі ўслед за жняяркай яна спрытна вязала снапы і толькі тут прыкмеціла, што жанчыны неяк падазрона на яе паглядаюць. А як дайшлі да першага завароту, старая Назараўна — жанчына грубаватая, але заўседы праўдзівая — разагнулася, стала перад толькі што звязаным снопам і, агледзеўшы гурт, прапанавала:
— Давайце адпачнем, кабеткі, ды пагамонім.
— Гэта ўжо з раніцы адпачываць? — узгарэлася Ганна.— Як хочаце, а я вязаць буду.
— Ну, не адпачываць, то давайце пагамонім,— і вочы яе нечакана строга бліснулі. — Вось хоць бы і пра цябе, Ганна. Дзе ж гэта было такое, каб дзяўчына з першага вечара ды паддалася хлопцу? Ну, чаго чырванееш ды вочы хаваеш? Думаеш, мы не ведаем? Захацелася Міцьку ад Рагіны адбіць? Захацелася пахваліцца перад усімі, што вось ты якая — з самім Міцькам гуляеш? Ды ён жа і глядзець на цябе не хоча! Ён цябе там абдурыў ля мосціка, а цяпер усім і расказаў. А хіба ж так сумленныя дзяўчаты робяць? Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату — і гаварыць употай не стане. А што ж цяпер будзе — ты падумала? Ты не аднеквайся — мы ўсё ведаем: той жа Міцька і пахваліўся сёння ўранні сваёй сястры. Праўда ж, Параска? — павярнулася Назараўна да хлёсткай маладухі.
— А ёй жа праўдачкі,— сцвердзіла тая.— Тутачкі, кажа, ля мастка.
— Хлусіць!— выдыхнула Ганна і раптам заплакала.
Упершыню бачылі жанчыны, каб хто з Пабірах ды так плакаў. Яны, калі нават ім у вочы, здаралася, казалі, што яны Пабірахі, дык і тады змоўчвалі і зусім не крыўдавалі, а наконт плачу, дык будуць і галоднымі і халоднымі сядзець, ды слязы че ўбачыш. Ганна ж быццам адплаквалася за ўсіх іх, адна і адразу. I тады ўсе ўбачылі, што яна як быццам бы і прыгожая. Хай рот трохі велікаваты, а вось чорныя вочы, з якіх цяклі слёзы, былі глыбокія і ў глыбіні сваёй, як бы хавалі нешта патаемнае, спатадлівае і жаласнае і нават нешта невядомае, незразумелае, але на дзіва добрае. I, пазіраючы, як яна сядзіць на снопе жыта ды плача, зусім забыўшыся прыкрыцца хусткаю, жанчыны патроху пачалі сумнявацца ў правільнасці Параскіных слоў.
— А можа ён наманіў табе, гэты ваш марак? — запыталася Назараўна.
— Я ж не ведаю, хай яна скажа, — адказала Параска. Але Ганна нічога не адказала.
— Можа і праўда, Ганна?
I тут Ганна змоўчала, толькі яшчэ гаротней заплакала.