Выбрать главу

— Ох, каб яму! Вось яшчэ няшчасце на нашу галаву! Ён ды яшчэ Цэнтнер, ды гэты Вальдамар, ды Цупрон, ды яшчэ колішні старшыня — аднаго поля ягады. Таго дык, дзякуй богу, выгналі, а да гэтых усё ніяк не дабяруцца. Ну, пайшлі, пайшлі працаваць, — заспяшалася Назараўна.

Ганна таксама падхапілася, выцерла хусцінкаю твар і пайшла вязаць снапы. Але цяпер ужо не працавалася. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботнымі. На абедзе яна не пайшла дадому, а лягла ў цяньку снапоў ды нечакана і заснула пад званочкі зозанца ды перагук конікаў. Званочкі то шапацелі, то звінелі, напамінаючы аб леце, аб разорынах, на якіх ляжыць даўно ссохлая сурэпка, аб неабсяжным полі. Блізка фыркалі коні, выпражаныя з жняяркі, стрыножаныя і пушчаныя выбіраць на іржышчы траву.

Пасля перарыву Ганна крышку прызабылася аб ранішняй размове і зноў працавала, забягаючы наперад усіх. А ўвечары, калі вярталіся дадому, знарок адстала і пайшла, задумаўшыся. Ужо ля самых двароў з кустоў раптам выйшаў Міцька Тачыла і накіраваўся да яе. Яна пабляднела.

— Добры вечар, — сказаў ён.

— Добры вечар,— адказала Ганна.

— Я ведаю — табе расказалі, — загаварыў ён. — Ганна, Гануля, даруй мне. Гэта ж заўсёды бывае так, што хлопцы хваляцца. Хіба адзін я? Ды ты спытай у каго хочаш — усе так скажуць. Як збяруцца — так іншы і пачынае выхваляцца. I ўсе ведаюць, што ён маніць, а робяць такі выгляд, як быццам гэта праўда. Спакон веку так. Ну, а я змянцешыў гэтаму балабону — Парасцы — вось яна і разнесла, як сарока. Каб хлопцам, то тыя пасмяяліся б, дый маўчок. А гэтая — бабам! А, Ганна? Ды яны ж цяпер мяне — у пух і прах!

Ганна зірнула на яго, ледзь прыкметна ўсміхнулася і ўпершыню, як у жанчын, Міцьку ўразіла глыбіня яе вачэй, у якіх было нешта і спагадлівае і хавалася нешта незразумелае. Зірнула і кінулася ад яго трушком, як і там, ля мастка, учора.

Было яшчэ відно, калі яна праходзіла ля калгаснай канцылярыі. Тут між транспарантаў заўсёды было некалькі дошчак, на якіх вучотчыцы звычайна ўвечары вывешвалі вынікі рабочага дня. Ля адной з такіх дошчак цяпер было многа людзей. 3 гэтага гурту нехта паклікаў яе:

— Ганна, хадзі сюды.

Ганна нехаця збочыла, а натоўп раптам расступіўся, прапускаючы яе наперад.

На дошцы быў замацаваны вялікі аркуш наглянцаванай паперы і ўверсе было напісана: «Наш вожык, орган камсамольскай арганізацыі калгаса «Усход». Яшчэ ніжэй троху меншымі літарамі быў напісаны загаловак:

«Мядзведзь»

«Учора, 5 жніўня, усім нам вядомы марак Міцька Тачыла, якога прагналі з кацера за нядобрасумленнасць, падмеўся правесці дахаты калгасніцу Ганну Жылудовіч. Як дайшлі да мастка, то Тачыла нахабна пачаў чапіцца да т. Жылудовіч. Т. Жылудовіч так яго піхнула, што слаўны марак усёй тушаю плёхнуўся з мастка ў ручай. На той час ішлі з клуба дзяўчаты, і Міцька Тачыла, каб з яго пасля не смяяліся, прытварыўся мядзведзем, пачаў поўзаць на чацвярэньках, па-мядзведжаму гірчэць ды раўсці. А сёння, 6 жніўня, пусціўшы паклёп на т. Жылудовіч, слаўны марак, у той час, як усе мы працавалі, прап’янстваваў увесь дзень з такімі ж, як ён сам, а іменна:

1. Зорыкам Дугой, або іначай Цэнтнерам,

2. Вальдамарам Лустай,

З. Цупронам Дадовічам.

Трэба, каб у бліжэйшыя ж дні ўсіх іх паставілі на Праўленне, а такога, як Зорыка Дугу, каб знялі з пасады крамніка.

Ганьба і непрымірымасць да лодыраў і абібокаў!»

Унізе быў малюнак: масток, з мастка дагары нагамі ляціць у ручай Міцька Тачыла, а яна, Ганна, стаіць на мастку з закасанымі рукавамі.

Ганна адступілася, пачырванела, усхліпнула і раптам кінулася бегма ад калгаснай канцылярыі.

Ноччу не магла заснуць. Варочалася, уздыхала: кранула праўда, дый упершыню яе назвалі, як дарослую — таварыш Жылудовіч.

4

Зорык Дуга, або іначай Цэнтнер, не стаў чакаць, калі на яго пададуць скаргу. У той жа дзень, як з’явіўся ля канцылярыі «Наш вожык», ён шпарка накідаў заяву праўленню сельпо з просьбай вызваліць яго ад абавязкаў крамніка. 3 гэтаю заяваю Дуга, не зважаючы на сваю адышку, шпарка пашыбаў у сельскі савет, дзе было праўленне. Дзейнічаў ён надзвычай рашуча і ўпэўнена. Ён расказаў начальству, як была справа, паказаў даведку ад урача, што на ўсякі выпадак заўсёды хавалася ў яго кішэні, і ўжо к вечару таго дня меў на руках копію загада аб добраахвотным уходзе з работы. Пасля некалькіх паўлітэрак ён заручыўся і тым, што заўтра ж у яго пачнуць прымаць краму. У вельмі добрым настроі вяртаўся ён пасля гэтага падвечар дадому. Ля калгаснай канцылярыі спешіўся, пастаяў ля «Нашага вожыка», прачытаў «Мядзведзя», хмыкнуў, рассмяяўся, тыцнуў пальцам у Міцьку Тачылу і сказаў: