— Дурань, як ёсць дурань!..
Пахістваючыся, Дуга ўзыйшоў на мосцік, пастаяў яшчэ і на ім, перагнуўшыся цераз парэнчы, палюбаваўся на ручай, з берагоў увесь у ціне і гразі, і весела рассмяяўся. Пасля гэтага ён адразу ж пашыбаў да Цупрона Дадовіча. Там усе былі ў зборы. Вальдамар Луста сядзеў на ўслоне і трымаў на каленях паўбаян, але не іграў; сам Цупрон сядзеў пры акне і чамусьці спалохана пазіраў час-ад-часу на вуліцу, і наогул увесь ён быў пабляднелы і празмерна напалоханы; Міцька ж Тачыла стаяў у сваёй рачной форме пры сцяне, ні на каго асабліва не звяртаючы ўвагі, і калупаў запалкай у зубах. Відаць, толькі што вялася вельмі важная нарада, якая не дала ніякіх вынікаў. Прыходу Дугі ўсе надзвычай узрадаваліся, асабліва Цупрон. Ён адразу ж сарваўся з табурэта і кінуўся пасустрач.
— Ну вось, бачыш, і сам Дуга! Здароў, Зорык! — пачаў ён ціснуць яму руку. — Дзе быў, што новачга?
— Ого, новага, брат! — многазначна адказаў на гэта Дуга. — Ого! У мяне ўсё новае...
— Што ты кажаш? — здзівіўся Цупрон. — А мы тут усе насы павесілі.
— А чаго вешаць, — весела адказаў Дуга. — Я як ішоў, то за дарогу ўсё перадумаў. Нічога мы такога не зрабілі. Ну, была вайна, ну, пасля вайны кожны выглядаў, дзе лепш прыладзіцца. Я вось пасля арміі пайшоў у картбюро. А чаго ж? Франтавік, два гады шынель цягаў, то хіба не меў права? Ну, а пасля мы і тут пагулялі. На славу пагулялі! Хай вы і не былі на фронце, а і вы тут не вінаваты. Цяпер, бач, часы іншыя насталі. Цяпер трэба змагацца з усім гэтым. Цяпер такіх гнясці трэба. Калі што, дык і за краты!
— Што ты кажаш? — спалохана выдыхнуў Цупрон. — Значыць, і мяне могуць.
Дуга крытычна аглядзеў Цупрона з галавы да ног і, падумаўшы, сказаў:
— А чаго ж? Можна і цябе. Толькі не, — махнуў ён рукою. — Які ты тут козыр! Ты проста гуляка па вячорках ды выслухач добры. Каб цябе не было, то і расказ не ў расказ, і жарт не ў жарт. Ты ж як зацягнеш сваё — як гэта? — ай-яй-яй-яй! — паспрабаваў лемантаваць Дуга, — дык як пухавічок падсцелеш.
Кампанія шчыра рассмяялася.
— Бачу: спалохаўся, дык плюнь! Я — во, во, бачыш, ужо плюнуў, — і Дуга выцягнуў і разгарнуў перад усімі копію загаду.
Пакуль чытаўся ўсімі гэты загад ды пакуль усе захапляліся Дугою, сам Дуга сеў на табурэт, каб хоць крыху аддыхацца. Копію загаду ён акуратна склаў учацвёра і зноў схаваў у кішэню.
— Вы мяне слухайцеся, — сказаў ён. — Я вам дрэннага не параю. Я ў арміі складам загадваў і ніколі не губляўся. Такое не толькі ў нас цяпер творыцца, а ўсюды. Разумееце — ус-сюды! А таму трэба нам адсюль матацца. Як кажуць, перадыслацыравацца. На новае месца, каб не плявузгалі. Ну, а пажылі мы добра. Пагулялі. Во Міцька таксама па Дняпры паездзіў — будзь здароў! Там да кухара — такая бабішча! — прыстроіўся, дык яна яму бач якую пысу раскарміла. Адно грошыкі ў кішэню кладзі. Гутарыў я неяк з адным інвалідам, — ён во так у шпіталі да кухара прыляпіўся. Дык нічога не ўзяла, а яшчэ і на дарогу дала пяцьсот рублёў. Дык як на двое разадрала чалавека. У таго, бач, дома і жонка, і дзеці,— і ўжо як бы ехаць не хочацца. А яна — кухар гэты — адно: едзь да сям’і і — усё тут. Так і выправадзіла...
— Што ты кажаш? — здзівіўся Цупрон.
— Праўду кажу.
— Ну, а ён?
— А ён, бач, не хацеў ехаць ды паехаў. Усё ж, бач, дзеці. Дый, сказаць, па той, ранейшай, жонцы троху нудзіўся. Як ні кажы, а шкада.
— Так і паехаў?
— Так і паехаў.
— А я ні за што не паехаў бы, —сказаў Цупрон. — Баба мяккая?
— А хто яе ведае, хіба я глядзеў?
— Ну, калі кухар, то адяккая, — заўважыў Цупрон.
Усе зноў засмяяліся.
— А што, хлопцы, калі падацца мне ў горад ды ў ахвіцыянты прыстроіцца? — запытаўся Цупрон.— 3 голаду не прападзеш дый яшчэ і выгада. Вунь Дарага з Вынчыц дом пабудаваў.
— А чаму б і не ў афіцыянты, — у тон яму адказаў Дуга. — Міцька Тачыла можа ў шафёры падацца. Як ні рэйс, то ад выпадковых пасажыраў і рублік. Вальдамар... Вось Вальдамара не ведаю куды. Няма Вальдамару ходу!
— Як гэта — няма? — ускіпеў Вальдамар. — Я са сваім баянам дзе хочэш прайду. У джаз, у самадзейнасць!
— А і то страўда, — зазначыў Дуга. — То вось што! Давайце зробім так, як гэта заўсёды робяць сапраўдныя хлопцы. Калі што не па іх, то яны збіраюцца, торбы на плечы і — бывайце здаровенькі, не памінайце ліхам. Так, ці што?
— Так, — адразу падхапіўся Цупрон.
— Згода, — выгукнуў Вальдамар.
— Дык давайце не адкладваць у доўгую скрыню, а паслязаўтра напакуем торбы харчам, прыхопім грошыкаў ды разам і рушым у горад. Адразу ўсе — дэ-ман-стра-тыўна! А ўжо калі я тую халерную краму заўтра здаю, каб ёй пуста было, то давайце і гэта адзначым. За ўдачу на новым месцы! Ты, Цупрон, вінен Міцьку літру?