— Як гэта — вінен? — здзівіўся Цупрон. — Міцька ж прайграў! Ён жа зманіў, самі ж ведаеце.
Крамнік Дуга не толькі імі, а і ўсімі ў вёсцы лічыўся багацеем. Цупрону крыўднавата было аднаму паіць і частаваць кампанію
Старая Цупронава маці паклала ў гэты раз на стол кавалак сала, а Дуга прывалок з крамы банку кансерваў і селядзец.
— Пі, закусвай, — сказаў ён, ставячы на стол яшчэ і дзве бутэлькі гарэлкі.
— Значыць, паслязаўтра зранку, гадзін гэтак у дзесяць і збярэмся, — прапанаваў ён, калі выпілі.— А і здорава пажылі,— пакруціў ён галавою.
— Чаго ж ты не закусваеш? — накінуўся раптам на Міцьку Тачылу Вальдамар Луста. — Еж!
— Не магу, — пакруціў галавою Міцька. — Гэта во мы ядзім сала, селядцы, кансервы. А ў той раз Цупрон рынку смятаны паставіў. Дык як зачарпнуў я тую смятану, то і ўспомніў, што ў Пабірахаў карова хварэе: мы вось так ядзім, а там упрогаладзь. Чаму, га? Хіба мы лепшыя, а яны горшыя? Глядзі, яны абедзве не так, як мы, у калгасе працуюць. I калі па пяцьдзесят грамаў на працадзень давалі, дык і тады працавалі. А я — на кацер ходу, дзе лепей. I ты, Дуга, дзе лепей, і ты, Луста, таксама, і Цупрон нам у памагатыя, а Пабірахі ў гэты час плуг на сабе цягалі, галадалі, а калгаса не кінулі. Можа і бурчэлі, калі што не так, можа і лаялі калі каго, а на старану не кінуліся — ішлі ў поле за пяцьдзесят грамаў. Вунь ужо і страха ў іх на хаце прагніла і самая хата скасабочылася, а ўсёроўна ішлі ў поле, а не прыбіральшчыкамі ў сталоўку або афіцыянтамі. А цяпер мы ядзім, а яны ўжо зрання ў полі. I калі яшчэ тое будзе, што яны во так возьмуць селядцы, сала, кансервы, вып’юць ды закусяць? А я яшчэ на Ганну наплёў. А ў яе, брат, хоць рот і велікаваты, а характар добры. Вось і не лезе нічога, не хочацца жэрці.
Міцька Тачыла гаварыў гэта, ні да каго асабліва не звяртаючыся, як бы сам з сабою.
— Кінь, — перапыніў яго Дуга і махнуў рукою. — Усё гэта мінецца, вось пабачыш. Вось даю слова, во на маю руку, — праз месяц мінецца.
— Не трэба мне твая рука,— сказаў Міцька і заматаў галавою.
Позна ўвечары разыходзіліся, напэўна дамовіўшыся, што паслязаўтра ў дзесяць раніцы дэманстратыўна — усе разам — пакінуць калгас.
— Дык не забудзьцеся ж, роўна ў дзесяць раніцы, — напомніў яшчэ ўсім Зорык Дуга, калі разыходзіліся.
Роўна ў дзесяць раніцы таго дня да Цупрона Дадовіча прыйшоў Вальдамар Луста — з рэчавым мяшком за плячыма і з паўбаянам на правым плячы. Услед за ім з’явіўся Міцька Тачыла, але без рэчаў.
— 3 пустымі рукамі? — здзівіліся сябры.
— Пачакаю, — адказаў Міцька.
— Не пойдзеш? — устурбаваўся Цупрон.
— Пачакаю, — няўпэўнена адказаў Міцька. — Пачакаю Зорыка Дугі. Як ён пойдзе, то і я.
Чакаць давялося доўга. Гадзіннік паказваў ужо палову адзінаццатай, а Зорык усё не з’яўляўся.
— Можа з крамаю нелады — учора ж здаваў. Ідзі даведайся, Цупрон.
Але Цупрон замахаў абедзвюма рукамі.
— Ды што ты! У яго там сабакі ў двары — ваўкадавы. Схадзі хіба ты, Вальдамар.
Вальдамар паглядзеў, павадзіў па хаце вачыма, крактануў і нехаця падаўся на двор. Вярнуўся ён няхутка. Міцька Тачыла і Цупрон Дадовіч ужо ўволю намаўчаліся, кожны думаючы пра сваё, калі ляснула клямка і ў двор не зайшоў, а ўляцеў раззлаваны чырванатвары і потны Вальдамар.
— А дзе ж Дуга? — спалохаўся Цупрон. — Глядзі, арыштавалі Дугу за нястачу.
— А дзе Дуга? — зноў запытаўся ён, як толькі Вальдамар пераступіў парог.
— Чорт ма, таго Дугі! — вылаяўся Вальдамар. — Пакуль мы тут спалі ды яго слухалі, гэты Цэнтнер, дарма што важкі, а паспеў і адсюль вызваліцца, і на пасаду крамніка ў Валжэвіцкім сельпо прыстроіцца. Сёння раніцою паехаў Цэнтнер прыймаць новую краму. Цяпер пляваць яму на ўсе гэтыя выпіўкі ды на нагаворы.
Цупрон збялеў і нерашуча ўтаропіўся на Вальдамара.
— А што ж мы цяпер будзем рабіць? — прашаптаў ён.
— А ліха з ім! — сказаў Вальдамар. — Усёроўна нас кінуў бы. Будзем без яго работу шукаць. Пойдзем. Зараз жа і пойдзем, як дамовіліся. Так, ці што, Міцька?
Міцька адмоўка пакруціў галавой.
— Я ж сказаў: без Цэнтнера не пайду.
— Значыць, ведаў, што ён уцёк?
— Ведаў.
— Дык чаго маўчаў, чаго душу выварочваў? Ладна. Значыць, не пойдзеш?
— Не, — адказаў Міцька.
— Тады мы пойдзем! Збірайся, Цупрон,— падаў ён каманду.
Распаўзалася кампанія...
За вёскаю спыніліся.
— Бывай! — бадзёра сказаў Вальдамар Луста і падаў Міцьку руку. — Пабачым, як яны абыйдуцца без баяніста!
Але ў вачах іхніх, у рухах Міцька бачыў разгубленасць, няўпэўненасць у саміх сабе, незадаволенасць самімі сабою. Міцьку стала шкада іх абодвух, яму нават захацелася быць разам з імі. Ён гукнуў: