— Гэ, Вальдамар, Цупрон! А можа застанецеся?
Вальдамар і Цупрон прыпыніліся, павярнуліся, і Вальдамар узмахнуў рукою.
— Не, не вернемся! — гукнуў ён.
— Не вернемся! — як рэха, паўтарыў Цупрон.
Міцька доўга яшчэ пазіраў ім услед, а потым уздыхнуў і, задумаўшыся, пакрочыў у вёску. Перад самім ім быў яшчэ незразумелы шлях, які трэба было знайсці і выбраць. Але тут жа ён і рашыў, што ніколі во так не пакіне свае вёскі.
5
— Ганна дома? — запыталася Назараўна.
— Ага, дома,— адказала Адарка.— Дома, заходзь.
— А самой табе ўсё нездаровіцца?
— Ага, нездаровіцца,— адказала Адарка.— Бач, восень во-во,— і яна паказала рукою на буслоў, што пераляталі цераз вёску на поплаў.— Буслы перад выраем збіраюцца.
Абедзве стаялі ля двара. Адарка была кіравалася да суседкі, ды якраз напаткала Назараўну. У апошні час яна часта скардзілася на боль у паясніцы, нават ездзіла ў бальніцу, але ні брыгадзір, ні Назараўна, ні нават сама Ганна не верылі ні ёй, ні даведцы, якую выдаў урач. Усе ведалі, што Адарка ў апошні час любіць адгуляцца. Асабліва на яе і не крыўдзіліся за гэта, некаторыя і зусім адмахваліся, калі ім напаміналі пра Адарку — шмат давялося перажыць удаве за вайну. На яе скуластым, абпаленым сонцам і вятрамі твары ляжала адмысловая сетка і вялікіх і малых маршчын, а валасы былі сівыя, як у бабулі. Многія помнілі, якая старанная была яна, калі аднаўлялі калгасныя пабудовы, дый і пасля ў полі жанчына была ўвішная. А во цяпер, як падрасла дачка ды пайшла працаваць разам з усімі, то Адарка трохі і занатурылася.
— Па справе? — запытала яна Назараўну, хаваючы вочы.
— Па справе. Трэба было б, каб пайшла ты, ды, бачу, прыхворваеш.
— Але ж, прыхворваю, мілая мая. Паясніца. На працу наўрад ці цайду.
— Ды не на працу,— махнула рукою Назараўна.— Якая ты! Да калгасных свірнаў трэба ісці, аванс даюць на працадні.
— Ой, што ты? — здзівілася Адарка.— А колькі ж на працадзень?
— Па кілаграму жыта.
— А не маніш? — уставілася на яе вачыма Адарка.— Нешта ж замнога. Летась толькі па паўкіло на працадзень, а сёлета авансам па кілаграму. Не веру! — і яна марудна апусцілася на лавачку.
— Ну і не вер,— адрэзала ёй Назараўна і пашыбала ў двор.
Праз колькі хвілін яна і Ганна выйшлі з хаты, моўчкі паспешліва прайшлі каля Адаркі, быццам яе зусім і не было тут. Адарка акінула поглядам іхнія спіны і апусціла голаў. Дзіва, а не дачка ў яе! Як яшчэ зімою быў сход і запланавалі атрымаць на працадзень па тры кілаграмы збожжа, дык Ганна так паверыла гэтаму, быццам тыя тры кілаграмы ўжо былі ў яе хаце. I вунь як рупліва і зімой і летам бегала на працу ў калгас, ад цямна і да цямна, з дня ў дзень, і хоць бы скарга табе.
I бач як выйшла: калі ўжо авансам па кілаграму, дык пазней, увосень, акурат, глядзі што і па тры будзе. Дзіва: і супадзе ж іншы раз такое! I толькі пасля гэтага як след дайшло да яе свядомасці: гэта ж па тры кілаграмы! У іх з Ганнай ужо цяпер трыста з лішкам працадзён, а гэта значыць... Колькі ж гэта будзе? I Адарка пачала лічыць. Бязгучна варушыла яна вуснамі, прыпамінаючы вядомыя адной ёй правілы множання, а перад сабою бачыла не мяхі са збожжам, а чыстую ўтульную хату, у якой ёсць дастатак. Ці ж мала марыла яна пра гэта? Рыгор памёр перад вайной, пакінуўшы яе з дзіцем на руках. Можа б і нядрэнна жыла яна, можа б яшчэ і замуж выйшла, але ж тут — вайна. Колькі гора перанесла Адарка, ратуючы ад пагібелі Ганулю. Тыднямі ў цёмных паграбах адседжвалася, па лясах бадзялася, у зямлянках жыла, бо гітлераўцы з вёскі выгналі. Добра яшчэ, што хоць хата ўцалела нейкім дзівам. Адразу пасля вайны яшчэ мацавалася Адарка, а тут во здаваць пачала. Абыякавасць нейкая прычыпілася, як да старой. А якая ж яна старая, калі ёй яшчэ толькі сорак год!.. Ой, божачкі, больш тысячы кілаграмаў выходзіць! Ды не можа таго быць. Пажывем — пабачым.
А Ганна ў гэты час клала на падводу мяхі. Ёй налічылі трыста сорак кілаграмаў жыта. Гэта была першая буйная палучка пасля вайны. Магчыма некаторых, як і Адарку, яна захапіла знячэўку, але Ганна наперад усё ведала. Яна насіла свае мяхі разам з Рыгорам Драздовым. Падхоплівала левай рукою мех за рог, куляла на правую руку, якую моцна трымаў Рыгор, і, па-мужчынску шырока ступаючы, падавалася да калёс. Носячы мяхі, яны коратка размаўлялі:
— Дужая ж ты,— дзівіўся Рыгор.
— А я вытрымкая,— сказала Ганна.
— У тое, што калгас выйдзе ў перадавыя, верыш? — зусім нават неяк па-дзіцячаму запытаўся ён.
— А як жа,— адказала яна.
— А ў школе ты вучылася? А ці праўда, што ў Міцьку Тачылу была закаханая? А ці вывучала пастанову партыі і ўрада аб працадні? — сыпаў ён ёй пытанні і пад канец прапанаваў: — Давай дружыць. Прыходзь на камсамольскі сход.