Выбрать главу

Вось да якіх думак давёў Міцьку яго панылы настрой. Песня, складзеная можа сто гадоў назад, як бы клікала яго ў вялікі свет, а такім светам для Міцькі было толькі плаванне па Дняпры. Яго ж не пускалі ў гэтае плаванне, ставілі яму безліч перашкод, абыйсці якія было немагчыма. Нарэшце, Міцька не вытрымаў. Неяк увечары выпіў употай чацвярцінку, расхінуў форменку, паказаўшы свету матроскую цяльняшку, зайшоў на кватэру да самога Рыгора Драздова ды і выклаў там усё, што адчуваў і што думаў. На вялікае яго здзіўленне, гэты грозны Рыгор Драздоў думаў і адчуваў зусім жа так, як і ён, Міцька. I што заснуць можна нейкім вечным, але надзвычай успрыймальным сном, і што ён лепш за ўсіх, а сапраўднага кахання ў яго ўсё няма, і што ён многім падобны на Лермантава, і што ён таксама ніяк не можа надыхацца абшарамі. Вось толькі ў адным яны не сыходзіліся: яму, Рыгору Драздову, калі і ставіў хто ў мінулым перашкоды, дык ён, Рыгор Драздоў, змагаўся, перамагаў іх і выйшаў у вялікі свет, або ў вялікае плаванне, а такім вечным вялікім плаваннем для яго з’яўляецца камсамол. I ў заключэнне гэтага свайго душэўнага прызнання Рыгор Драздоў паляпаў Міцьку па плячы і сказаў:

— На Касцюкевіча не крыўдуй. Сам ведаеш, які ён прыняў калгас. На рахунку ні рубля не было, а даўгоў — 350 тысяч. Ні дысцыпліны, ні падтрымкі. Вось і трэба было паднаціснуць, а ў чалавека, хлопчык, парок сэрца, а гэта не жартачкі. Ленін чаму вучыў? Каб выцягнуць увесь ланцуг, трэба спачатку ўхапіцца за адно звяно. Вось і пачаў Касцюкевіч шукаць такое звяно. I знайшоў, хлопчык. Такім звяном быў лён. На гэтай зямлі ён добра родзіць і дае вялікі прыбытак. I цяпер, калі праз гэты прыбытак калгас стаў на ногі, Касцюкевіч робіць гаспадарку шматгаліннай. Мацуе паляводства, малочна-таварную ферму. I гэта даецца яму нялёгка. Яго трэба, хлопчык, падтрымаць. Але так, як вялікае тваё плаванне не ў калгасе, то я табе дам параду: цішком ад Касцюкевіча, пакуль ён збірае тыя подпісы, махні ты на параходства ды вось так, як мне, прызнайся ва ўсім начальству. Яны самі рачнікі — зразумеюць. I ў старых грахах сумленна пакайся. Вось пабачыш, залічаць у штат. Ды яшчэ, глядзі, на самы лепшы параход накіруюць. Чэснае слова, так будзе. А Касцюкевіча я тым часам угавару. Вось і справа будзе з канцом. Ды ты пачакай, хлопчык, пачакай, — раптам ляпнуў ён сябе рукою па ілбе і падхапіўся, захадзіў па пакоі. — Пачакай,— яшчэ раз сказаў ён і прыжмурыўся, штосьці прыпамінаючы. — А гэта ж у мяне ў Днепра-Дзвінскім параходстве ёсць сябар. Ну канешне, хлопчык, у Днепра-Дзвінскім... Камсорг параходства Міхаіл Нічыпаравіч Ліпняк. Разам у вобласці накіраванне атрымлівалі, а вось нешта нічога не піша, чарцяка. Відаць, работа закруціла — абавязкова напісаў бы. Дык вось што, хлопчык. Ты пасядзі тут, а я яму зараз цыдулю абмазгую. Пачакай толькі трошкі. Такую напішу, што будзе поўны парадак.

I на вялікае здзіўленне Міцькі, Рыгор Драздоў, той самы Рыгор Драздоў, што так злосна высмеяў яго праз «Наш вожык», напісаў зусім правільную запіску. Што Міцька Тачыла самы лепшы хлопец з усіх, якіх толькі ён, Рыгор, сустракаў; што ён бязмежна любіць Дняпро, што на параходах і кацерах ён адчувае сябе, як рыба ў вадзе, і што хлопец ён сумленны, чэсны і справядлівы і ненаівідзіць гультаёў і ўсялякія іншыя наросты на жывым целе грамадства, і што ў мінулым па нявопытнасці меў памылкі, аднак узяўся за розум, адумаўся, вельмі каецца і клянецца апраўдаць сябе, у чым ён, Рыгор Драздоў, не сумняваецца ніколечкі. А таму, па дружбе, ён, як за сябе, просіць прыстроіць хлопца на параход, бо ад гэтага залежыць лёс будучага чалавека. У канцы Рыгор прасіў не забывацца і пісаць яму, як будзе вольная часіна.

Запіску ён прачытаў Міцьку ўслых і запытаўся:

— Даеш слова, што апраўдаеш сябе?

— Даю, — адказаў Міцька.

— На, трымай, — сказаў Рыгор і працягнуў яму белы аркушок паперы.

Міцька не чакаў такога. Не помнячы сябе ад радасці, з запіскаю, надзейна схаванай у кішэні, ён ускочыў у хату, у якіх пяць хвілін сабраў чамаданчык і, ужо з чамаданчыкам у руцэ, зноў вылецеў на вуліцу. Тут, на вачах цэлага натоўпу, ён абняў і пацалаваў маці, сказаў, што едзе, але не сказаў, куды і чаму, і шпарка пакрочыў на шлях — лавіць выпадковую машыну.

9

Міхаіл Нічыпаравіч Ліпняк быў па-баксёрску падстрыжаны пад вожыка, з паголеным, але надзвычай сінім падбародкам і з нейкім занадта ўжо хцівым гарбатым носам. Звонку гэта быў чалавек грозны, недаступны, злосны. Дазнаўшыся, што Міцька Тачыла прыехаў ад Рыгора Драздова, ён раптам расплыўся ў дабрадзейную ўсмешку, паказаўшы Міцьку роўныя і белыя, як часнок, зубы.

— Ад Драздова? — перапытаў ён.— Ну, як ён жыве, як спраўляецца? — I, не чытаючы запіскі, а толькі трымаючы яе ў руках, пачаў падрабязна распытваць пра жыццё свайго сябра. На вялікі жаль, Міцька дрэнна ведаў Рыгорава жыццё і ўвесь час выкручваўся на тым, што сам ён, Міцька, рэдка і непадоўгу бывае ў калгасе, а Рытор Драздоў і зусім прыезджы, заатэхнік.

— Шкада, шкада,— круціў галавою Ліпняк.— Хоць бы распытаў як-небудзь,— і ён дакорліва зірнуў іна Міцьку.

— А вы напішыце яму,— сказаў Міцька.— Ён прасіў.

— Напішу, напішу,— сказаў Ліпняк.— Выберу толькі час. Ну, а што ж ён піша? — і з гэтымі словамі Ліпняк паднёс да вачэй паперчыну.

Міцька неспакойна закілзаўся на крэсле, прыпамінаючы ўсё тое, што ён надумаўся за дарогу сказаць гэтаму чалавеку. А Ліпняк, прачытаўшы запіску, пачаў чытаць яе яшчэ раз, нарэшце сказаў «так», адсунуў запіску ўбок, забарабаніў пальцамі па стале і ўставіўся на Міцьку неспакойнымі шэраватымі вачыма.

— Ты плаваў на дваццаць сёмым кацеры? — запытаўся ён.

— На дваццаць сёмым,— каўтануўшы сліну, адказаў Міцька.

— Дрэнна плаваў. Ведаю, не расказвай. I не гаварыў бы з табою, каб не гэта,— і ён тыцнуў пальцам у аркушок паперы.

Міцька адчуў, што надыходзіць самы крытычны момант. Усё тое, што ён за дарогу надумаўся сказаць, неяк адразу выветрылася з галавы. Тады ён успомніў пра свае бяссонныя ночы, пра бадзянне па палях, пра перашкоды і тое вялікае плаванне, аб якім казаў Рыгор Драздоў, і, уздыхнуўшы на ўсе грудзі, пачаў гаварыць, наўмысна абыходзячы выпадак на мастку і заметку ў «Нашым вожыку». I чым больш гаварыў ён, тым больш дабрэў Ліпняк. Пад канец гарачага, як вецер, Міцькавата шэпту Ліпняк і зусім, відаць, расчуліўся.

— Так! — крактануў ён. — Аднак ты адумаўся,— і паківаў галавою.— Што ж я магу зрабіць? Каб гэта пісаў не Рыгор Драздоў, дык і наогул не было б ніякай гаворкі. А так... Сам ведаеш: тут галоўны гвозд аддзел кадраў і начальнік упраўлення. Да яго ісці табе не раю — ён у нас строгі і слухаць не стане. Што я магу? Я магу рэкамендаваць, заступіцца, улічыўшы такое раскаянне, такое жаданне і вось гэта,— і ён зноў тыцнуў пальцам у паперчыну.— Ты дзе спыніўся? У гасцініцы? Дык вось мая табе парада: пакінь мне заяву, а сам трымай курс на гасцініцу. Заўтра гадзінак так у дванаццадь падыйдзі да мяне, будзь ласкаў. Паспрабуем, пабачым — можа што і выйдзе. Паспрабуем, паспрабуем, — і ён зноў забарабаніў пальцамі. — Абавязкова трэба зрабіць, каб выйшла, — вырашыў нарэшце ён. — Ну, дык пакуль бывай, — і падняўся з месца, увесь час крытычна аглядаючы Міцьку.

Міцька Тачыла перажыў яшчэ адзін неспакойны дзень і яшчэ адну неспакойную ноч. Ён прыйшоў назаўтра не ў дванаццаць, а ў адзінаццаць гадзін і захапіў Ліпняка за тым жа службовым сталом.

— Як твая справа? — адказаў ён пытаннем на пытанне,— Прызнацца, цяжкавата было. Ды тут такая нечаканасць: начальнік упраўлення, аказваецца добра ведае Рыгора Драздова. Адкуль, якім чынам — не распытваў, няёмка было. Просьбу ўважыў. Такшто — віншую, — і Міхаіл Ліпняк, падняўшыся, працягнуў руку, якую ўзрадаваны Міцька ўхапіў абедзвюма рукамі.— Цяпер я ўжо яму напішу,— сказаў Ліпняк, усё яшчэ думаючы пра Драздова.— Бачыш, начальніка ведае, а запіску напісаў мне. Відаць, пабойваўся ўсё ж. Дык вось, слухай, наконт цябе. На параход цябе не паставілі, а паставілі на кацярок. На дваццаць пяты нумар. Там якраз механік на пенсію ідзе. Прыгледзімся да цябе, пабачым, ці апраўдаеш. Выйдзеш у перадавыя — на параход перавядзем, будзеш, як і раней,— прагонім з трэскам. Ну, толькі помні: за цябе я і Драздоў заручыліся — не забывайся пра гэта. Патрэбна будзе дапамога — паведамляй адразу, калі што не так — змагайся і таксама паведамляй, а я ўжо не выпушчу цябе з прыцэлу.