Выбрать главу

Нарэшце, кампанія рассаджваецца вакол стала, і Цупрон налівае па шклянцы, а ў гэты самы час, як заўсёды, Вальдамар Луста заяўляе, што шклянкамі піць лепей, чымся чаркамі, бо «свабодней ідзе». Выпіваюць усе адразу і крэкчуць. Іншыя паплёўваюць пад ногі.

— Смятанай, смятанай яе заядай,— давячыся, гукае Цупрон.

Міцька хапае лыжку, чэрпае смятану і пачынае шпарка есці.

— А гэта ж у Пабірахаў, хлопцы, карова хварэе, — раптам чамусьці ўспамінае ён.

— Ага, Пабірахі! — задаволена адгукаецца Цупрон.— Ну што, выйшла? Абкруціў канарэйку? Раскажы...

— Хо, было там што! Канешне, — кажа Міцька і ўсміхаецца.

— Што ты кажаш? — ускрыквае і падхопліваецца Цупрон.

— Выйшла, значыць? — падае голас Вальдамар Луста. — А мне гэта калі Цупрон шапнуў: «скарачай танец» — я гармонік і прыпыніў. Адразу здагадаўся!

— Дык раскажы! — просіць Цупрон.

— Ага, раскажы! — просіць уся кампанія.

— Хо! Яна сама...

— Што т-ты кажаш?

— Ага, сама.

— Ай-яй-яй-яй! — як не плача Цупрон. — Сама, га?

— Сама.

— А як жа?

— Спачатку, як выйшлі, павісла. Ну, пацалаваў. Я цябе кахаю, кажу, ты, кажу, прыгожая.

— Ага!

— А як гляну тымчасам на яе, а там рот да вушэй. Ну, думаю, зараз мяне ірваць пачне.

— Ха-ха-ха!...

— Хо-хо-хо!..

— Ай-яй-яй-яй!..

— Яшчэ па адной!

— На, па адной!

— Дык расказвай...

— Ну, ідзем. Куды, пытаецца, будзеш на работу паступаць? У горад, кажу. Будзь, кажа, гаспадарлівы.

— Ха-ха-ха!..

— Хо-хо-хо!..

— Так што ідзем, спыніліся, прытуліў я яе, а яна і ўмлела.

— Што т-ты кажаш?

— Ну, не зусім каб, а так, бачу...

— Ага...

— Хадзем, кажу, на мосцік. Хадзем, кажа, а ў самой, бачу, рукі трымцяць. I рада сама.

— Хі-хі-хі!..

— Прыйшлі, селі... Паклаў ёй руку на калені — маўчыць. Яшчэ шчыльней туліцца. I ўсё рада, што я з ёю. I верыш — сама...

— Ну?

— Ага.

— Во табе і Пабіраха!

— Во табе і ціхмяная.

— Ай-яй-ей-ай! — лемантуе Цупрон.

— От дык справы! А мы ж гэта ўчора, Міцька, ля таго мастка мядзведзя бачылі. Пэўна, з запаведніка прыблудзіўся. Толькі падыходзім — а ён плёх, тлёх — выбіраецца. Ды як зачмыхае, ды як зараве... Мы, брат, што сілы ўцякаць. Як не паўкіламетра гнаўся!..

— Ну, хопіць, — абрывае яго Міцька і незадаволена моршчыцца. — Давайце лепей падумаем, што далей рабіць будзем...

Кампанія пачынае абмяркоўваць сур’ёзныя справы, і толькі новы хлопец Рыгор Драздоў маўчыць. Нечакана ён падымаецца і так ціха, што ўсе, здзіўленыя, змаўкаюць, прыслухоўваючыся да яго голасу, пытаецца:

— Даўно вы так сустракаецеся? Не адказвайце — ведаю, што даўно. Колішні старшыня наш быў п’яніца і заваліў калгас. Колішні сакратар камсамольскай арганізацыі таксама п’янстваваў разам з вамі і патураў вам. Вы думаеце, што і я, новы сакратар камсамольскай арганізацыі, буду патураць вам? Ну, не! Дудкі, хлопчыкі. Будзем змагацца з вашай кампаніяй усім калгасам. Лодыраў нам не трэба. Далучыўся я да вас для таго, каб пабачыць, бо я не тутэйшы. А наконт Ганны — невядома. Мне здаецца, што Міцька Тычыла ганьбіць і абражае чалавека.

Кампанія здзіўлена ўставілася на Рыгора Драздова, а Міцька нечакана пабляднеў.

— Ну, чаго ты! — сказаў ён. — Хіба ты не расказваеш чаго-небудзь смешнага? Бачыш, тут так было... Ты ж паслухай!..

— Добрыя смешачкі, Міцька. Дзяўчыне зусім няма цяпер ходу. Не, брат, не падлашчвайся, не будзе па-твойму!

— Рабіце, што хочаце,— падала раптам голас Цупронава маці, якая якраз жа зайшла ў хату,— толькі мой сын жыве асобна і хай жыве як хоча. Я во працую, як магу, і мяне не чапайце.

3

Ганна і не падазравала, што важныя падзеі чакаюць яе ў гэты дзень. Як заўсёды, раненька падхапілася і пабегла ў хлеў даіць карову. Карова — старая Лысуха — ужо з паўмесяца як разрэзала на поплаве на калючым дроце вымя, і нават і цяпер даіць яе — было адно мучэнне. Вымя ходь і зажыло, але ўсё яшчэ балела, і хоць прывыкла Лысуха да Ганны, але стаяла неспакойна, увесь час кідалася, а было і так, што зусім выбівала з рук вядро з надоем. Малака ж давала мала: Ганна даіла яе толькі раніцою і ўвечары. Гаспадарка была зусім нікчэмная — гэтая самая Лысуха, паўдзесятка курэй ды васьмёра ўжо ладных куранят. Але тыдні з два назад купілі яны на старане парасё, і цяпер яно рохкала ў закуце, ушыўшыся ў салому. Выкарміць гэтае парасё нічога не каштавала — у Ганны ж цяпер вунь колькі працадзён, а працадзень у гэтым годзе будзе не такі, як некалі. Зноў жа і ў агародзе бульба ўрадзіла — так што і адсюль падтрымка. А калі выпадзе на працадзень па дзесяць рублёў, дык тады і зусім будзе добра.

Зайшла Гаінна ў хлеў, пагладзіла Лысуху, паставіла ёй пад пысу вядро з пойлам, каб не дужа кідалаея. Сёння Лысуха вяла сябе спакайней, і Ганна хутка справілася з гэтай работай, якую лічыла самай цяжкай.

I малака Лысуха дала болей.

Пасля Ганна цадзіла малако, пасля разам з маці снедала, і за ўвесь гэты час яна амаль зусім і не ўспамінала пра Міцьку. У полі ўслед за жняяркай яна спрытна вязала снапы і толькі тут прыкмеціла, што жанчыны неяк падазрона на яе паглядаюць. А як дайшлі да першага завароту, старая Назараўна — жанчына грубаватая, але заўседы праўдзівая — разагнулася, стала перад толькі што звязаным снопам і, агледзеўшы гурт, прапанавала:

— Давайце адпачнем, кабеткі, ды пагамонім.

— Гэта ўжо з раніцы адпачываць? — узгарэлася Ганна.— Як хочаце, а я вязаць буду.

— Ну, не адпачываць, то давайце пагамонім,— і вочы яе нечакана строга бліснулі. — Вось хоць бы і пра цябе, Ганна. Дзе ж гэта было такое, каб дзяўчына з першага вечара ды паддалася хлопцу? Ну, чаго чырванееш ды вочы хаваеш? Думаеш, мы не ведаем? Захацелася Міцьку ад Рагіны адбіць? Захацелася пахваліцца перад усімі, што вось ты якая — з самім Міцькам гуляеш? Ды ён жа і глядзець на цябе не хоча! Ён цябе там абдурыў ля мосціка, а цяпер усім і расказаў. А хіба ж так сумленныя дзяўчаты робяць? Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату — і гаварыць употай не стане. А што ж цяпер будзе — ты падумала? Ты не аднеквайся — мы ўсё ведаем: той жа Міцька і пахваліўся сёння ўранні сваёй сястры. Праўда ж, Параска? — павярнулася Назараўна да хлёсткай маладухі.

— А ёй жа праўдачкі,— сцвердзіла тая.— Тутачкі, кажа, ля мастка.

— Хлусіць!— выдыхнула Ганна і раптам заплакала.

Упершыню бачылі жанчыны, каб хто з Пабірах ды так плакаў. Яны, калі нават ім у вочы, здаралася, казалі, што яны Пабірахі, дык і тады змоўчвалі і зусім не крыўдавалі, а наконт плачу, дык будуць і галоднымі і халоднымі сядзець, ды слязы че ўбачыш. Ганна ж быццам адплаквалася за ўсіх іх, адна і адразу. I тады ўсе ўбачылі, што яна як быццам бы і прыгожая. Хай рот трохі велікаваты, а вось чорныя вочы, з якіх цяклі слёзы, былі глыбокія і ў глыбіні сваёй, як бы хавалі нешта патаемнае, спатадлівае і жаласнае і нават нешта невядомае, незразумелае, але на дзіва добрае. I, пазіраючы, як яна сядзіць на снопе жыта ды плача, зусім забыўшыся прыкрыцца хусткаю, жанчыны патроху пачалі сумнявацца ў правільнасці Параскіных слоў.

— А можа ён наманіў табе, гэты ваш марак? — запыталася Назараўна.

— Я ж не ведаю, хай яна скажа, — адказала Параска. Але Ганна нічога не адказала.

— Можа і праўда, Ганна?

I тут Ганна змоўчала, толькі яшчэ гаротней заплакала.

— Ох, каб яму! Вось яшчэ няшчасце на нашу галаву! Ён ды яшчэ Цэнтнер, ды гэты Вальдамар, ды Цупрон, ды яшчэ колішні старшыня — аднаго поля ягады. Таго дык, дзякуй богу, выгналі, а да гэтых усё ніяк не дабяруцца. Ну, пайшлі, пайшлі працаваць, — заспяшалася Назараўна.

Ганна таксама падхапілася, выцерла хусцінкаю твар і пайшла вязаць снапы. Але цяпер ужо не працавалася. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботнымі. На абедзе яна не пайшла дадому, а лягла ў цяньку снапоў ды нечакана і заснула пад званочкі зозанца ды перагук конікаў. Званочкі то шапацелі, то звінелі, напамінаючы аб леце, аб разорынах, на якіх ляжыць даўно ссохлая сурэпка, аб неабсяжным полі. Блізка фыркалі коні, выпражаныя з жняяркі, стрыножаныя і пушчаныя выбіраць на іржышчы траву.