Выбрать главу

I бач як выйшла: калі ўжо авансам па кілаграму, дык пазней, увосень, акурат, глядзі што і па тры будзе. Дзіва: і супадзе ж іншы раз такое! I толькі пасля гэтага як след дайшло да яе свядомасці: гэта ж па тры кілаграмы! У іх з Ганнай ужо цяпер трыста з лішкам працадзён, а гэта значыць... Колькі ж гэта будзе? I Адарка пачала лічыць. Бязгучна варушыла яна вуснамі, прыпамінаючы вядомыя адной ёй правілы множання, а перад сабою бачыла не мяхі са збожжам, а чыстую ўтульную хату, у якой ёсць дастатак. Ці ж мала марыла яна пра гэта? Рыгор памёр перад вайной, пакінуўшы яе з дзіцем на руках. Можа б і нядрэнна жыла яна, можа б яшчэ і замуж выйшла, але ж тут — вайна. Колькі гора перанесла Адарка, ратуючы ад пагібелі Ганулю. Тыднямі ў цёмных паграбах адседжвалася, па лясах бадзялася, у зямлянках жыла, бо гітлераўцы з вёскі выгналі. Добра яшчэ, што хоць хата ўцалела нейкім дзівам. Адразу пасля вайны яшчэ мацавалася Адарка, а тут во здаваць пачала. Абыякавасць нейкая прычыпілася, як да старой. А якая ж яна старая, калі ёй яшчэ толькі сорак год!.. Ой, божачкі, больш тысячы кілаграмаў выходзіць! Ды не можа таго быць. Пажывем — пабачым.

А Ганна ў гэты час клала на падводу мяхі. Ёй налічылі трыста сорак кілаграмаў жыта. Гэта была першая буйная палучка пасля вайны. Магчыма некаторых, як і Адарку, яна захапіла знячэўку, але Ганна наперад усё ведала. Яна насіла свае мяхі разам з Рыгорам Драздовым. Падхоплівала левай рукою мех за рог, куляла на правую руку, якую моцна трымаў Рыгор, і, па-мужчынску шырока ступаючы, падавалася да калёс. Носячы мяхі, яны коратка размаўлялі:

— Дужая ж ты,— дзівіўся Рыгор.

— А я вытрымкая,— сказала Ганна.

— У тое, што калгас выйдзе ў перадавыя, верыш? — зусім нават неяк па-дзіцячаму запытаўся ён.

— А як жа,— адказала яна.

— А ў школе ты вучылася? А ці праўда, што ў Міцьку Тачылу была закаханая? А ці вывучала пастанову партыі і ўрада аб працадні? — сыпаў ён ёй пытанні і пад канец прапанаваў: — Давай дружыць. Прыходзь на камсамольскі сход.

— Добра,— радасна згадзілася Ганна.

— Учора на праўленні рашылі адкрыць у калгасе агранамічныя курсы,— паведаміў ён.— Два разы ў тыдзень займацца будзем. Запішашся?

— А як жа,— сказала Ганна.

— Ты колькі класаў скончыла?

— Тры,— беручы чарговы мех, адказала яна.— Не было як хадзіць, дык кінула.

— Сёння ў нас сход, дык прыходзь. Ва ўсім дапаможам — ты дзяўчына працавітая. Возьмеш у мяне статут камсамола.

Вунь колькі паспеў нагаварыць ёй Рыгор Драздоў, пакуль мяхі насілі. Колькі марыла яна пра вучобу, аж тут бач якое будзе рабіцца! Ужо загадзя за яе падумалі, загадзя аб усім патурбаваліся. Яна ўзялася за лейцы, кранула каня.

— Н-но!

Тады Рыгор Драздоў гукнуў:

— Пачакай, Ганна! А хто ж мяхі дапаможа зносіць?

Яна спыніла каня, паціснула плячыма: дапамагчы і сапраўды не было каму...

Невысокага росту, але каранасты, з карычневымі вясёлымі вачыма, у напаўвайсковай форме, у хромавых паношаных ботах, ён ішоў поплеч з ёю, размаўляў і час-ад-часу перабіраў правай рукою валасы на галаве. Парыпвалі аглоблі, рыпела нешта ў хамуце на кані, конь фыркаў, гучэў трохі хрыплаваты, але ласкавы Рыгораў голас, а над усім гэтым стаяў напаўлетні, напаўвосеньскі дзень, што чапляў і на парканы, і на двары, і на каня, і на калёсы з мяхамі, і на саміх іх тонкае павуцінне бабінага лета. Рыгор усё расказваў, але, на вялікае яго здзіўленне, Ганна амаль не слухала цяпер яго. Яна найбольш аглядалася на двары, з якіх выглядалі бабы ды падлеткі, ёй так і хацелася сказаць ім усім: «Бачыце, колькі ў нас хлеба! Во прыйдзе свята, дык так справім — і Яўгена з горада пазавем!» Але ці можна было такое гаварыць, калі поплеч з ёю крочыў Рыгор Драздоў?

Ганна доўга думала над гэтым і раптам сказала Рыгору: ·

— Во ўжо і не так далёка да Кастрычніцкіх свят. Мы таксама спраўляць будзем. Прыдзеце да нас у госці?

— А чаму ж не прыйсці,— адразу згадзіўся ён.

Фурманка апускалася ў лог да мосціка, конь пайшоў подбегам, і абодвы яны заспяшаліся. Рыгор, як узышлі на мосцік, быў памкнуўся зноў памянуць пра Міцьку Тачылу, але перадумаў і змоўчаў. А тут, за мосцікам, адразу і паваротка ў двор. Двор стаіць на ўзгорачку і пабудаваны па даўняму звычаю — амаль у канцы пляца. Пры ім усюды расце бульба і віднеецца яшчэ палоска Адарчынага лёну ды шуміць на ветры ігруша, і ўсё гэта вельмі выразна вырысоўваецца на фоне неба, бо далей, за дваром — спад, поплаў. А пры двары на лавачцы сядзіць Адарка.

«Божачка,— думае яна, калі фурманка зварочвае з вуліцы.— Няўжо гэта да нас? Аж чатыры мяхі!»

I ўпотай Адарка ўжо лае самую сябе, бо сама малавата працавала, быццам ёй усяго гэтага і не хацелася. I ўпотай упершыню нават як бы сорам закрадаецца ў душу. Міжвольна яна падхопліваецца і яшчэ па-старэчаму тупае да частаколавых варот, каб расчыніць іх. I міжвольна прыпамінаюцца спрэчкі з брыгадзірам. Як гэта здарылася, што часам яна адставала ад усіх? Імжыць яшчэ жаўранак у небе. Так, падымецца з пожні, патрапеча крыламі дый і зноў асцярожна апускаецца ў разорыну. I цяжка б’ецца сэрца ў Адаркі, хоць самой ёй і радасна. А калі фурманка падыходзіць да варот, на твары Адаркі з’яўляецца нават нешта накшталт непаразумення. Сакратар камсамола крочыць разам з Ганнаю. Гэта не тое, што той далёкі родзіч Яўген, якога яна і недалюблівала за яго ганарлівасць. А гэты, незнаёмы, бач, цягае з Ганнай мяхі, перагукваецца ды пасмейваецца. I Адарка пачынае крытычна аглядаць дачку: а хто ж яго ведае, чым яно ўсё можа скончыцца!..

6

Дзіва, што пачало рабіцца ў калгасе. Пасля таго, як знікла кампанія Дугі, аграном адкрыў пры клубе курсы, часта адбываліся тут і камсамольскія сходы. I раптам зусім нечаканае: Ганну Жылудовіч праўленне накіравала на прарыў — даручыла звяно па апрацоўцы ільну. А што за звяно! Старая Дадовіч, Адарка, жонка Зорыка Дугі Хіма і яшчэ некалькі такіх жа не надта старанных жанчын. 3 раніцы Ганна бегае па дварах, збірае сваё звяно.

— Хіма! — гукае яна пад акном.— Выходзь на работу!

— Ой, мілая мая, ды я ж толькі ў печы распаліла,— адказвае Хіма праз расчыненае акно. — Пачакай трохі. Збегай спачатку да Дадовічаў.

I Ганна імчыцца да Дадовічаў, а Хіма, пазіраючы ёй услед, цяжка ўздыхае: нядобрыя насталі дні. Каб не гэты аванс, то можна было б і зусім не ісці, а так — куды там. Чаго добрага,— пляц яшчэ адбяруць, во і круціся тады. Дый і Зорыка могуць яшчэ больш зганьбіць — бач, давялося ж уцякаць ажно ў Валжэвічы — гэта за сорак кіламетраў адсюль. Такія, як гэты новы старшыня ды во Ганны розныя,— прыціснуць добранька. Нездарма ж убіраюцца ў сілу. Не, трэба спяшацца. На рабоце зарывацца, канешне, не варта, а так, адбыць дзень трэба.

Дадовічыха ўжо чакае Ганну. 3 пранікам сядзіць на прызбе, а побач з ёю капошацца ў пяску куры. Яна па-ранейшаму любіць сказаць пры выпадку: «Я да свайго Цупрона не маю спраў. Я жыву асобна, а ў яго — свая галава на плячах».

Ледзь толькі Ганна паказваецца ў двор, Дадовічыха адразу падымаецца са свае прызбы. Гэтак бывае кожную раніцу. I, як і кожную раніцу, яна першая кажа:

— Ну, пайшлі.

— Ага, пайшлі, цётачка,— радасна ківае галавою Ганна.

Дзівіцца Дадовічыха, пазіраючы на маладую Пабіраху. Ці то яна наўмысна маўчыць, ці то і сапраўды такая — можа ж старая і да яе прыходу сама патупаць у поле. Каб сказаць, што дурная, дык не — на рабоце вунь якая кемлівая дый на тых курсах, якімі кіруе цяпер аграном, яе хваляць.

I ўжо само сабою закрадваецца ў галаву: а ці ўсё як трэба ў гэтай трохі як бы разяватай, а ў сапраўднасці і не разяватай дзяўчыны? Не Пабіраха, а проста загадка. Адно добра: не крычыць, не лаецца, не плявузгае начальству. 3 гэтай, бадай, і адпачыць, паляжаўшы ў полі, можна было б, ды вось сама працуе, не спыняючыся, а адстаць сорамна. Неяк няёмка, калі ты будзеш ляжаць, а яна працаваць. I Дадовічыха спяшаецца ўслед за Ганнай, якая патроху робіцца ёй у нечым блізкай. Ідучы, яна пачынае прыкідваць у галаве далей. А гэта ж ніякіх Пабірахаў хутка не будзе,— думалася ёй.— А ці адных Пабірахаў? Зорык Цэнтнер, Вальдамар Луста і тыя ўжо збеглі. Чаго ж гэта пацягнуўся за імі гэты дурніца Цупрон? Шукаць лягчэйшага хлеба? Можа і знойдзе, толькі вось чысціні душы не знойдзе. А такія, як Хіма Цэнтнерыха, як Лусціха, як некаторыя іншыя, для якіх калгас толькі прыпынак,— іх таксама хутка не будзе. Іх змяце гэты самы кілаграм, за які так стараецца Ганна. I жыццё зусім інакшае стане.