Ух, што толькі адкрылася гэтай старой жанчыне Дадовічысе! Вось і захацелася ёй некаму пра гэтае самае расказаць! А каму? Хіме Цэнтнерысе — не зразумее. Лусцісе — аблае толькі. Адарцы — няёмка, скажуць, пад дачку падладжваешся. 3 тыдзень хадзіла маўчком во з такімі думкамі, а яны так і прасіліся на язык. Падазрона паглядала на сустрэчных: а ці яны здагадваюцца? Толькі хіба ж пазнаеш чужыя думкі? I чым больш во так хадзіла, тым большая злосць разбірала яе на Зорыка Цэнтнера. Да драбніц успамінала колішнія п’янкі, чырванела за самую сябе. Бач, адсюль вытурылі, дык у Валжэвічах прыляпіўся. Ды як прыляпіўся: хіба не помніць яна ягоных слоў, што цяпер такіх гнясці трэба. Хі-ітры! Сон страціла Дадовічыха, шаптала ўначы: «Гад. Я сына праз цябе можа згубіла».
I пачала бліжэй трымацца Ганны.
Неяк у поўдзень выклікалі Ганну з поля ў праўленне. Хіма Цэнтнерыха, як толькі ад’ехалася Ганна на выпадковай падводзе, паднялася, страсянула з фартуха пыл, кінула пад ногі пранік і пацягнулася.
Грэла сонца, блізка над іржышчам хмарамі лёталі шпакі. Гулі машыны ў блізкай адсюль МТС. Чыстыя далягляды з засмучонымі на небасхіле лясамі ляжалі вакол. Хіма зажмурылася і сказала:
— А гэта ж, бабанькі, і адпачыць можна, пакуль Ганна вернецца!..
Адна з жанчын, як па камандзе, адразу кінула свой пранік. За ёю і яшчэ некалькі. I неўзабаве ўсе зрабілі тое ж. Толькі Дадовічыха ды Адарка па-ранейшаміу працавалі. На твары Дадовічыхі была злосць, гнеў. Яна так грукала сваім пранікам, што з-пад яго сотнямі іскраў ляцела ільняная луска. Нарэшце, прыпынілася і, паглядаючы на Хіму, сказала непрыязна:
— Чаго ж гэта ты не працуеш? Відаць, Зорык з крамы яшчэ нешта прывалок?
— Адчапіся,— спакойна сказала Хіма.— Зорык чэсны.
— Ведаем яго чэснасць. I ты такая ж чэсная. Чаго сама не працуеш ды і другіх збіваеш? Або табе балюча, калі лішні рубель будзе на працадзень ды людзі зажывуць як трэба?
— Во яшчэ,— павярнулася Хіма спіною.— Стану я з табою спрачацца!
Пастаяла, яшчэ раз пазяхнула і лягла ў цяньку ільняных снапоў. Поплеч ляглі яе сяброўкі, а Адарка і Дадовічыха ўсё грукалі і грукалі пранікамі. Злосць брала Дадовічыху не толькі на Хіму, але і на Ганну. Вось да чаго давяла яе беганіна па дварах, яе патуранне такім во, як Хіма. А гэтыя Хімы цяпер вылежваюцца.
3 гурту жанчын, што ляжалі ў цяню разам з Хімаю, раптам паднялася адна і падалася ў бок Дадовічыхі. Гэта была Лусціха. Сорам увесь час дапякаў яе, не даваў спакою. Сорам падняў яе на ногі, і яна зноў садзіцца на сваё месца, чырванее, бярэ сноп і пачынае абіваць яго...
К таму часу, калі Ганна вярнулася з праўлення, жанчыны, што ляжалі пад снапамі, паспелі добра задрамаць. На таку працавалі толькі яе маці, Дадовічыха ды Лусціха. Ганна прыпынілася, здзіўлена аглядзела ток, села, укрыла ногі фартухом. Дадовічыха непрыязна ва ўпор пазірала на яе.
— Паснулі? — запытала Ганна і кіўнула галавою ў бок Хімы.
— Або не бачыш? Гэта ўсё праз цябе. Не твая гэта справа кіраваць...— вымавіла Дадовічыха і раптам асеклася. У вачах Ганны яна заўважыла тое, што ўжо не аднойчы многія заўважалі — нешта як бы незразумелае, але ўпартае, нейкі як бы патаемны агонь.
— Вось і добра, цётачка,— спакойна сказала Ганна.— Хай паспяць. А мы тымчасам папрацуем.
Грукат трох пранікаў не вельмі каб шкодзіў спячаму гурту на чале з Хімай. А Дадовічыха з сілаю грукала і грукала пранікам, скоса паглядаючы на Ганну. Ой не, зусім не сапсавалі твае душы, дзевухна! Глядзі, памылілася я, калі так падумала. За гэтай тваёй як бы спакойнасцю сам чорт хаваецца. А тым часам тут і характару трохі ёсць. Толькі як бы там ні было, а гурт ужо раскалоўся на дзве няхай пакуль няроўныя часткі. А як прачнуцца гэтыя дурні ды ўбачаць, што і сонца ападае і сама звеннявая працуе, што во тады будзе? А там ёсць і сарамлівыя і дапяклівыя маладухі. Ой, глядзі, адлежыць сёння свае бакі Цэнтнерыха!
I прадбачачы тое, што будзе, са спагадаю паглядала на Ганну і ўпотай задаволена пасмейвалася.
...Неяк надвячоркам, перад нядзеляю, завярнула Дадовічыха ў калгасны клуб, дзе ў той чае якраз збіраўся агранаімічны гурток. Села за адным сталом з Ганнаю, загаварылася.
Ды так і засталася на ўсе заняткі.
7
Пакуль Ганна працавала ў полі, яна ведала толькі тое, што кожны дзень бачыла перад сабой — жыты, аўсы, пшаніцу, бульбяныя абшары. I толькі ўвосень — у гэтую першую ўдалую восень — яна змагла як след уявіць, што такое яе калгас. Як бы нават нечакана да тых трох кілаграмаў дадаліся мех яблык, воз капусты, некалькі тон бульбы. Праўда, грошай не па дзесяць рублёў атрымала, а ўсяго толькі па сем. Каля трох тысяч рублёў! Што галоўнае ў хаце, асабліва для дзяўчыны? Канешне ж, добры ложак, пасцель. Вось і выбіраюцца яны сёння з маці ў горад за пакупкамі.
На двары стаіць пагодлівы восеньскі дзень. Ля двара, прывязаны да частакола, запрэжаны ў калёсы конь. На Ганне ўсё тое ж плацце і тыя лодачкі, у якіх танцавала яна некалі з Міцькам Тачылам. Ох, Міцька, Міцька! Пабыў, пажыў у калгасе, можа і пасумаваў, а тады падаўся зноў у рачны порт. Расказваюць: піша, што зноў працуе на кацеры.
Ганна стаіць пры дзвярах, трымаючы кашолку, а Адарка ўсё яшчэ корпаецца пры палацях, увязваючы ў хусцінку дзесятак яек.
— Ну, навошта яны табе, мама? — міжвольна пытаецца Ганна.— Пакінь!
— Не, трэба, — кажа Адарка. — Як жа так: у горад едзем ды каб не прадаць.
— Грошы ж ёсць, — нясмела заяўляе Ганна.
— Хай сабе! — і, азірнуўшыся на дачку, дадае: — Хіба ж мне не хочацца адвезці што на рынак, як і іншыя? Ну, хіба няпраўда?
— Праўда, — згаджаецца Ганна. — Але ж доўга.
— Зараз, зараз. Нельга ж, каб у дарозе пабіліся. Калісьці Рыгор. твой бацька, не любіў, калі што зроблена не так.
Потым яны доўга ладкуюцца на калёсах — Адарка з аднаго боку, трымаючы ў руках вузельчык з яйкамі, Ганна з другога.
— Ну, кранай, — загадвае нарэшце Адарка.
— Пачакай троху, я во лодачкі скіну. Замінаюць. Там перад горадам абую.
Яна знімае з ног лодачкі, падсоўвае іх пад сена і ўжо на хаду садзіцца. Адарка сядзіць на калёсах у пярэстым андараку, што неяк захаваўся пасля вайны, у самаробнай вышыванай кофтачцы, а на галаве — белая паркалёвая хусцінка па краях у клетку. Мінаюць лог, мінаюць калгасную канцылярыю. Нечакана з двара, што ўвесь акружаны ліпамі, насустрач ім выбягае Дадовічыха — нізенькая, сівая жанчына.
— Ганна, Адарка! — гукае яна. — Пачакайце!
У руках Дадовічыха трымае таксама вузельчык.
Ганна нацягвае лейцы, спыняе каня.
— Ах, замарылася, — кажа Дадовічыха. — Гэта ж мой, гэты гультай, пісьмо прыслаў. Ледзь дачакалася. Піша, што працуе ў горадзе, у рэстараіне ахвіцыянтам. Піша, каб заехала. Дык скажыце яму, што няма маёй згоды. Ні рукі, ні ногі не нясуць мяне туды, бо ведаю, чаго ён там прыстроіўся,— сыпле яна. — А тымчасам во вузельчык сабрала, — і на яе выцвілых вачах успыхваюць слёзы, а рот пачынае крывіцца.— Там, у вузельчыку, і пісьмо — дзякуй яму, Рыгор Драздоў напісаў — але ж вы скажыце яшчэ і маё слова. Добра, Гануся?
— Добра, цётачка, — абяцае Ганна. — Зойдзем!
— Ну, то кранайце з богам,— ківае галавою Дадовічыха і суне свой вузельчык Адарцы пад ногі. — Кранайце ўжо. Ды гэтае, як будзеце купляць ложак, то не скупіцеся, — і яна дабрадушна моршчыцца. — Ну-ну, паехалі, — і адступаецца ад калёс.