Выбрать главу

Антонік яшчэ ляжаў у калысцы, яна не зачапіла яго —няхай спіць. Не саромеючыся Віці, адвярнулася, скінула з сябе начную кашулю, пачала апранаць кожнадзённую шырокую спадніцу, а таксама блузку. Раней Віця ў такія хвіліны мог прылашчыцца да яе голай спіны, але сёння не падышоў. Яна ж, не азірнуўшыся на яго, патунала ў чорную хату — мыцца. Асвяжыўшы твар халоднаю вадой i выцершыся, дастала з кішэнькі спадніцы падараванае паручнікам круглае, з пазалочаным абадком i з вузенькаю, таксама пазалочанаю ручкаю люстэрачка. Свякроў у гэты час, пазіраючы ў акно, нечакана ашаламіла навіною:

— Гляньце: Янка Нямкевічаў дома!

Гаспадар, Анелька, Віця—усе амаль адначасна падаліся да вулічнага акна; яна ж, Зося, не кранулася нават з месца. У яе толькі рэзка штурхнулася сэрца, памлелі ногі i незаўважна паляцела з рукі люстэрачка.

Яно пляснулася вобзем і, чуваць было, пабілася. Усе раптоўна павярнуліся, убачылі яе, разгубленую, анямелую, а таксама i тое, што ляжыць долу металічны абадок, а вакол зіхацяць асколкі.

— А божачка мой! — сашчапіла худыя рукі Вікця.— Пабілася люстэрка! Гэта ж на вялікую бяду!

Ужо ў асвабодненым акне Зося ўбачыла Янку: той, высокі, у ботах i галіфэ, у белай кашулі, ішоў ад хаты па сваім двары. Яна прагна абгледзела яго, а тады ўжо адчула i сорам, i ганьбу. Праўда, ніхто нічога ёй не сказаў, усе паніклі, a Віця збялеў.

Ніхто не запыніў яе i не пайшоў услед, калі яна падалася зноў у белую хату. Села на ложку, бездапаможна апусціла рукі. Значыць, гэта на яго, на Янку, брахаў учора іхні сабака. Можа, Янка падыходзіў да іхняга акна, бачыў, як яна купала ў той час з Віцем Антоніка, бачыў, што яна зноў цяжарная.

Заадно i іншае, больш гаркотнае i грэшнае, здушыла душу. Доўга не магла прывыкнуць да новай сям'і, да Віці, але пасля, калі Янка пайшоў на вайну, а яна пажыла тут, нарадзіла сына i пачынала станавіцца гаспадыняю, калі-нікалі, бывала, прыходзіла ўжо не гнятлівая, a суцешлівая думка: а можа, не здарылася ў яе жыцці нічога страшнага? Не так ужо ёй тут i блага. Якія ні згрызоты, але жыве ў дастатку, не баіцца заўтрашняга дня. Нават больш — часамі падумлівала: а няхай бы Янка, ад якога памалу адвыкла, i загінуў бы, не вярнуўся дадому. Без яго было б лягчэй жыць. Зараз вось усе тыя яе нядобрыя думкі цяжкім каменем упалі на душу, прыціснулі сэрца. Як цяпер пры сустрэчы яна, такая вось здрадніца i грэшніца, зірне Янку ў вочы?

Сядзела, думала, i ніхто, Віця таксама, не ішоў клікаць яе снедаць.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

1.

— Якое сонейка! Які вясновы водар! — зацмокаў Васіль Муха, калі яны выйшлі з будынка мужчынскай гімназіі ды запыніліся паблізу парадных дзвярэй.

Праўда, надвор'е было лёгкае, маладое. У студзені i ў лютым пёк мароз, гуляла-шалела мяцеліца, а вось цяпер усё паласкавела: завірухі зніклі, мароз паслабеў, адпоўз у зацемненыя куткі альбо набіраў злосці на ночы i на блізкі ўжо новы месяц, на сакавік; неба пачало блакітнець, вышэць з кожным днём, а пасмялелае сонца дзёрзка заімкнулася ўгору, хмелячы людскія душы i сэрцы прыемным святлом i цяплом — ад яго, ад сонца, удзень было нават па-свойму парнавата, а за ноч гэтая парнасць астывала ў свежы, здаровы холад i аб'іньвалася на дрэвах i дратах.

Мінск ажыў. Выяснілася, пашырэла наваколле; закапалі звонкія кроплі з пацяплелых брылёў над дзвярыма i з карнізаў будынкаў; павіслі доўгія i тонкія ледзяшы; пабольшала на вуліцах гуляк — найбольш пажылых дзядуль i бабуль, цяжарных кабет i дзяцей; весялей затупалі коні, цягнучы вагоны па рэйках альбо лёгкія сані-брычкі, фурманкі з мяхамі ці скрынямі; паветра ўсё больш i больш напаўнялася пахам яшчэ накрытай снегам i лёдам, але ўжо неспакойнай зямлі, водарам ажыўленага соку i будучай маладой лістоты. Адным словам, i сёлета на зямлю ўпарта i настойліва спяшалася вясна, асвяжаючы свет ды хвалюючы ўсё жывое новым пачуццём.

Праўда, Сямён Васілевіч цяпер не ўсцешыўся так, як Муха: ён хацеў пагаварыць не пра надвор'е, а пра іншае. Калі Муха асцярожнічаў у гімназіі, пры сваіх не кідкіх на слова, але цікаўных калегах (а сярод ix маглі быць i нашэптнікі), дык было яснае яго хітраванне, а вось тут, на дварэ, Мухавы ўсцешкі пра прыроду, яго хітрыкі былі лішнія.

— Васіль...— памкнуўся загаварыць зноў Васілевіч, але той не даў волі.

— Адыдземся,— здаецца, незадаволена буркнуў. Мусіць, не зусім быў рады, што Васілевіч i ўбег як апараны ў гімназію, i хацеў пры ўсіх завесці непажаданую гамонку,— Ну, што табе гэтак свярбіць?