— Легка сказаць — адкласці з'езд! — хітнуў галавою Рак-Міхайлоўскі.— Каля паўтысячы людзей прыехала ўжо. Ix жа трэба размясціць, карміць.
— Ну, а якая яго саюзніцкая платформа? — запытаў Лашковіч.
— Увогуле ён — віртуоз,— упершыню ўсміхнуўся Васілевіч.— Спачатку, выступаючы на II Усерасійскім з'ездзе сялянскіх дэпутатаў, а таксама ў дэкларацыях БАКа, ён не прызнаў Савецкай улады ні ў Петраградзе, ні тут, у Мінску. Гаварыў: Аблвыкамзах i Саўнарком — гэта органы франтавыя, а не Беларусі, бо ў ix «няма ні аднаго беларуса», дык якраз БАК мае права на ўладу. Пазаўчора Кужэльны нечакана звязаўся са Сталіным i сказаў таму, што згодзен весці сумесную работу, каб умацаваць у Мінску Савецкую ўладу, дзеля чаго думае правесці тут неўзабаве сялянскі з'езд. Сталін зацікавіўся i прызнаў: згодна з «Дэкларацыяй праў народаў Расіі», беларускі народ мае «безагаворачнае i поўнае права» свайго самавызначэння. Наркамнац згадзіўся, каб склікаць краявы з'езд Беларусі, але з той абавязковай умовай, каб ён быў ад імя i ВАКа, i Савета ў Мінску. Выбранаму на гэтым з'ездзе Савету i павінна належыць краявая ўлада. Статус з'езда i нормы прадстаўніцтва ўзгадніць разам. Партыі Гартнага i Чарвякова згадзіліся на такі саюз альбо кампраміс. Цяпер — слова за намі...
— Не ўяўляю саюзу з Ландарам! — паціснуў плячыма Лашковіч.— Як не ўяўляю, каб той добраахвотна паступіўся ўладаю з намі!
— Дудкі! — хмыкнуў Петрыкевіч.
— Учора Савет Народных Камісараў на чале з Леніным падакляраваў выдзеліць ВАКу 50 тысяч рублёў, даў ужо яму на рукі 9 тысяч,— дадаў Васілевіч.— Кужэльны атрымаў яшчэ тэлеграф i радыё. Пры Саўнаркоме цяпер будуць два пасланцы ад ВАКа, яны ўзначаляць Беларускі аддзел пры Наркамнаце. Праўда, калі Кужэльны паспрабаваў паслаць свайго чалавека на мірныя перамовы ў Брэст-Літоўску, дык яму рашуча адмовілі...
— Бо не хочуць прызнаць за БАКам функцыі ўрадавага органа! — саскочыў з падаконніка i нервова захадзіў па кабінеце Петрыкевіч.— Па-другое, іхняя «Дэкларацыя» — толькі гульня!
— Што хоча ад нас Кужэльны? — запытаў Лашковіч.
— Каб мы, тутэйшыя, «праспаўшы сваё, не нарабілі цяпер глупства»...— з ухмылкаю адказаў Васілевіч.
— Канкрэтней, Сымон...— папрасіў Лашковіч.
— Як казаў, трэба перанесці з'езд на 15-е. Падругое, па-ранейшаму вылучаць толькі тэзіс аўтаноміі. Пра большае — ні гугу!
Нейкі час усе памаўчалі, асэнсоўваючы пачутае.
— Што будзем рабіць? — разгублена запытаў Рак-Міхайлоўскі.
— Канечне, позна, вельмі позна мы спахапіліся ствараць сваё войска! Закалыхаў нас сваёю асцярогаю, сваім «супрацоўніцтвам з Часовым урадам» пан Скураны! — ходзячы па пакоі, скрушліва сказаў Петрыкевіч.— Мелі б, як i палякі альбо ўкраінцы, баяздольную сілу, дык i мы іначай гаварылі б, i да нас іначай адносіліся б. Той жа Ландар з Мясніковым, нават той жа Кужэльны. А выйсце я раю такое: трэба цяпер жа ісці да прысутнага тут аддзялення Украінскай рады, да Доўбар-Мусніцкага i прасіць паспрыяць нам пачаць заўтра наш з'езд... I з нашаю праграмаю...
— Але ж гэта — канфлікт не толькі з Ландарам i Мясніковым, але i з Кужэльным, а праз яго — i з Гартным, Чарвяковым...— насцярожыўся Васілевіч.— Гэта — развал усяго нашага руху!
— А вы што параіце? — Генерал запыніўся i гнеўна зірнуў ужо на Васілевіча.— Сядзець склаўшы рукі i чакаць, што зробіць адзін гэты Кужэльны? Не, дарагія палітыкі! Трэба варушыцца ўсім. I якраз цяпер, калі маем, можа, i апошні шанец! Дык i давайце кідаць кліч сябрам, усяму народу!
— Дык што — не чакаць усіх дэлегацый, пачынаць заўтра з'езд?
— Тут сабраліся амаль усе тутэйшыя лідэры,— сказаў Петрыкевіч.— Давайце палічым сябе за ініцыятыўную групу i прагаласуем: хто за тое, каб не падпарадкоўвацца ВАКу, адкрыць заўтра з'езд пад нашай эгідаю, сфармаваць на ім кіруючы орган i аб'явіць Беларускую Народную рэспубліку?
— Паверце, я ўсё сваё жыццё аддаю нашай барацьбе...— звычайна палымяны, рэзкі, Васілевіч цяпер прамовіў ціха, з развагаю.— З-за сваёй барацьбы, як вось i яны,— паказаў рукою на Лашковіча i яго, Нямкевіча,— знявольваўся, гнаны, босы i галодны... Але я на гэта не зважаю. Наадварот, шчаслівы, што дарос змагацца за нашу ідэю. Карацей, ніхто з вас не папікне, што я няшчыры, паганы сын свайго народа. Як i маіх сяброў...— Зноў паказаў на Лашковіча i Нямкевіча.— Але я ад усёй душы прашу: не перабольшвайма! А па-другое, давайце штосьці рабіць разам.