— А вы? — генерал з ухмылкаю зірнуў на яго, Нямкевіча.
— Я — таксама,— Алесь хітнуў галавою на Васілевіча.
— Пудлівыя вы звыш меры! — сцяў вусны генерал.— Кажу ж, болей такога шанцу можа не быць... Ніколі! Дык грэшна, нават злачынна не парызыкаваць...
— Празмерная рызыка — авантурызм! — перапыніў Васілевіч.
— Што ж, давайце прагаласуем, калі няма згоды...— нахмурыўся Петрыкевіч, падняў руку.—Хто — за маю пазіцыю?
Услед за ім паднялі рукі Рак-Міхайлоўскі, Еўзікаў i Лашковіч.
— А хто — супраць? — павесялела запытаў генерал.
Рукі ўскінулі двое — Васілевіч i Нямкевіч.
— Вы ў меншасці, у апазіцыі, прыхільнікі Петраграда...— распраміў плечы, заззяў Петрыкевіч.
Не зважаючы на генералаву ўхмылку, Васілевіч зірнуў на Лашковіча, залыпаў вейкамі:
— Максім, ты — што?! Страціў развагу?!
— Трэба рашыцца,— ціха адказаў той,— Хоць раз у жыцці...
— Вось іменна! — прамовіў генерал, задаволена прайшоўся па кабінеце, а пасля хутка пачаў апранаць генеральскі шынель.— Я, спадары, да Доўбар-Мусніцкага. Паспрабуем паразумецца. А вы,— кіўнуў на Рак-Міхайлоўскага, Еўзікава i Лашковіча,— ідзіце да ўкраінцаў, шукайце падтрымкі i ў ix. Ну, а вы,— сажмурыўся, пазіраючы на Васілевіча i яго, Нямкевіча,— думаю, не пабяжыце дакладваць пра нашу гамонку Ландару i Мяснікову?!
— Як i дамовіліся, пра нашу гамонку я мушу даць тэлеграму Кужэльнаму...— пахмурна адказаў Васілевіч.
Яго пахмурнасць перадалася i Алесю Нямкевічу. Ён адчуў: яны розныя людзі, ідуць, набліжаюцца да небяспечнай мяжы...
Назаўтра Рак-Міхайлоўскі адкрыў з'езд, на які сабралася некалькі соцень дэлегатаў (чакалі не меней 900). Спачатку рашылі: чакаць папаўнення, а сход лічыць нарадаю. Праз дзень, 7 снежня, пасля доўгіх спрэчак з'езд усё-такі аб'явілі паўнамоцным.
Аднак з'езд да канца не давялі: прыйшла звышультыматыўная тэлеграма ад БАКа, дзе ад Вялікай рады патрабавалі «сход ад 5 снежня лічыць сходам, ніякіх рашэнняў не прымаць, іначай будуць пагібельныя вынікі».
У гэтыя дні ўзброеныя сілы Рэўкома, ужо маючы загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага, абяззброілі i выслалі з Мінска ўкраінскія часці, кіраўнікоў мясцовай Украінскай рады арыштавалі, беларускі полк далучылі да 289-га запаснога палка, абкружылі штаб i часці Доўбар-Мусніцкага. Бачачы, які лёс украінскіх i беларускіх часцей, генерал Доўбар-Мусніцкі рашыў не здавацца, нават загадаў свайму штабу ўзяць Мінск у свае рукі. Рэўком падцягнуў у горад большую сілу, абяззброіў i польскія часці, a ўсіх афіцэраў i генералаў арыштаваў. Ды часці Доўбар-Мусніцкага, самога генерала чакаў іншы лёс, i неўзабаве, відаць, асцерагаючыся варожасці з палякамі, міжнароднага ляманту, Вярхоўны галоўнакамандуючы Крыленка загадаў вярнуць польскім часцям зброю, афіцэраў i генералаў вызваліць i ўсіх накіраваць з Мінска пад Бабруйск (разам з польскім корпусам пайшлі вандраваць па пакручастых сцежках Доўбар-Мусніцкага i землякі Алеся Нямкевіча — былыя настаўнікі Лямбовіч i Кірыковіч, аднавяскоўцы Дзяжко, Гарбуковіч i Дземідовіч).
8.
Набліжалася палова снежня, ужо астудзілася неба, выстыла зямля, але ўсё дзьмуў-выў сыры вецер, ліў сцюдзёны дождж, падаў буйны мокры снег i тут жа раставаў — зіма лажылася марудна, нібы баючыся неўтаймоўных, гарачых людскіх страсцей.
Сёння — зноў непагадзь. Лашковіч i Васілевіч стаялі каля халоднай вакзальнай сцяны, сумна пазіралі на халодную хлёпанку i цярпліва чакалі петраградскага цягніка. Лёгкі на прастуду, Лашковіч пачаў ужо чхаць i нават глуха кашляць. Такое стылае надвор'е было не для яго хворых лёгкіх.
Васілевіч раз за разам зыркаў на гадзіннік, злаваўся: дзе той цягнік? Чаму ён так позніцца? Хочаш ці не хочаш, а вось калей i чакай: учора Кужэльны прыслаў ім уладную тэлеграму: «Прыязджаю заўтра. Знайдзіце прытулак, сустракайце».
Да сёлетняй вясны Лашковіч i Васілевіч нават не чулі пра гэтага Кужэльнага, выхадца з сялянскай сям'і з Рэчыцкага павета, які ў свой час падаўся ў Петраград, папрацаваў рабочым на сталічных заводах, паступіў ва універсітэт i скончыў яго, вёў асветную работу сярод землякоў, а вось нядаўна са сваімі аднадумцамі ўтварыў БАК i праз яго спрабуе стаць лідэрам усяго іхняга руху. Як ім здалося, ён, адарваны ад краю чалавек, не вельмі лічыцца ні з імі, мінчукамі, ні з петраградскімі суполкамі Гартнага, Чарвякова, чамусьці ўявіў; толькі ён можа зрабіць тое, што трэба.