Вось нарэшце паказаўся на нізкім шэрым небасхіле жаданы белы дым, што вельмі не ўздымаўся, a падаў долу. Неўзабаве вынырнуў i цёмны цягнік, паволі набліжаючыся i цяжка чухкаючы.
Кужэльны пазнаў ix першы — яшчэ з тамбура. Хітнуў галавою i пакрочыў сюды — сярэдніх гадоў, высокі, статны, у зімовым шэрым паліто i каракулевай шапцы.
— Ну здарова, брацця! — паблажліва ўсміхнуўся, ткнуў пад паху кіёк i падаў аднаму, а пасля i другому вялікую сялянскую руку,
Паціснуўшы гэтую дужую лапу, Лашковіч запытаў:
— Вы — адзін?
— Але,— стрымана адказаў той.— Мае, Жылуновічавы, Чарвякова прыхільнікі прыедуць заўтра-паслязаўтра.— Зморшчыўся, зірнуўшы на дажджлівае неба i спрабуючы не сустракацца позіркам, запрасіў: — Давайце зойдзем у будыніну. Тут мы хутка прастудзімся.
Зайшлі. Вымкнуліся з пасажырскага гурту, збочылі ў зальны кут, да ёмістага паштовага, залітага чарнілам стала.
— Ну, які настрой, брацця? — пасміхнуўся Кужэльны.
— A ў вас? — суха запытаў Лашковіч.
Кужэльны спачатку са спачуваннем зірнуў на белы Лашковічаў твар, а пасля ўхмыльнуўся:
— Раўнуеце? Злыя?
Лашковіч i Васілевіч адразу ж зразумелі, што хацеў сказаць госць, з чаго пераможна пасміхаецца.
— Давайце, калі ласка, без амбіцый, звадаў, грызні...— падаў голас Васілевіч, ужо ведаючы задзірысты i самалюбны характар Кужэльнага.— Не так важна, хто парулюе, як важна, што выйдзе.
— Згодзен,— затаіў ухмылку Кужэльны.— Толькі без чмыхаў!
— Патлумачце,— па-ранейшаму суха буркнуў Лашковіч.
— Канечне, трэба, каб якраз вы, мінчукі, ігралі цяпер на першай скрыпцы,— не пазіраючы ім у вочы, прамовіў Кужэльны.— Але... салістамі быць вы не можаце.
Лашковіч i Васілевіч паапускалі галовы, слухалі.
— Вас выкачалі, выпацкалі, зрабілі ворагамі сваіх жа бацькоў...— рэзка, нібы папікаючы, прамовіў Кужэльны.— Адпаведна, вы выбываеце з гульнi. А вось мы — іншае... БАК улічыў вашу... ну, няўдачу, ці што... Мы пайшлі іншым шляхам: прызнаём Саветы i змушаем ix супрацоўнічаць з намі...— Ляпнуў далонню сабе па грудзіне.— Ужо тое, што я вось тут маю пісьмовы дазвол улады на скліканне нашага з'езда, гэта — вялікая перамога!
Кужэльны па-пераможнаму зірнуў на ix, разгубленых.
— Пра нашу тактыку i стратэгію мы пагаворым пазней, на кватэры,— прамовіў пасля.— А цяпер я іду да Ландара...
Лашковіч i Васілевіч амаль у адну хвіліну паўскідалі галовы: што — ідзеш без нас?
— Вы, як скампраметаваныя, можаце сапсаваць усю абедню,— адчуўшы іхнія думкі, сказаў Кужэльны.— Я павяду іншую, вельмі тонкую гульню. Упрыцірачку.
— Гулі — небяспечная рэч...— хмурна прамовіў Васілевіч.
— Але без ix палітыкі не бывае...— усміхнуўся Кужэльны. З хвіліну памаўчаў, а пасля нібы супакоіў: — Не бойцеся, я не хачу адпіхваць вас ад краёвай улады. Кожнаму знойдзем месца.
Пасля, на Петраградскай, калі Кужэльны зайшоў у невысокі цагляны будынак Савета, Васілевіч запытаў у змрочнага Лашковіча:
— Ну, што ты скажаш?
— З завадатарскімі замашкамі, але не дурань,— адказаў той.— Хочаш ці не хочаш, a мусім пайсці за ім. У яго руках — пэўны шанец.— Прайшоўся, кусаючы вусны.— Нашмат большы, чым у нас.
— Цікава, як пойдзе яго гамонка з Ландарам?! — прамовіў Васілевіч, таксама кусаючы вусны.— Таму ж i Петраград трэба слухаць, i са сваёй пазіцыі саступіць не захочацца. Асабліва — нам.
— Баюся я: ва ўсім гэтым ці не схавана, як кажа гэты наш новаяўлены месія, вялікая гульня,— уздыхнуў Лашковіч, чмыхнуў. Раз-другі.— Слабую сірату бог любіць, але шчасця шкадуе...
— Ну, калі ўжо цяпер на нас не пазважаюць, то не пазважаюць ужо ніколі...— запаліста сказаў Васілевіч.
Ніхто так добра i не ўведаў, пра што i як гаварылі Ландар i Кужэльны, але пасля адзін i другі расказвалі пра гэтую сустрэчу па-рознаму, дык можна ўявіць, што праходзіла яна прыкладна так.
Ландар — таксама маладжавы, з высокім ілбом i гладка зачасанымі назад цёмнымі валасамі, з трошкі выкатнымі вачыма, з чорнымі, сям-там сіваватымі вусікамі, у чорным касцюме i белай кашулі, пад гальштукам — падаў белую інтэлігенцкую руку i нібы здзівіўся: — Вы адзін?
— Я маю паўнамоцтвы ад Народнага камісара па справах нацыянальнасцей Сталіна i ад беларускага народа,— пафасна («Напышліва»,— скажа Ландар, «Годна»,— будзе гаварыць Кужэльны) адказаў візіцёр.
— Ад усяго народа? — усміхнуўся Ландар, сядаючы ў крэсла.
— Ад усяго,— без ніякага сумнення прамовіў Кужэльны.
— Ясна,— зноў паблажліва ўсміхнуўся гаспадар пакоя.— Дык пра што пачнём перамовы?