— Пра ўладу.
— Можа, i правільна. Давайце адразу браць быка за рогі.
— Пасля таго як 4 снежня Саўнарком РСФСР прыняў маніфест да ўкраінскага народа i прызнаў права ўкраінцаў на самавызначэнне, мы адчулі: Саветы, бальшавікі могуць скрануць з месца абцяжараную калымагу — пачаць больш-менш справядліва вырашаць нацыянальнае пытанне. Адпаведна, мы з надзеяй глядзім на Савецкую ўладу.
— Без гэтага ні Сталін, ні я не вялі б з вамі перамовы.
— Тое, што вы, Аблвыкамзах i Саўнарком, узялі ў свае рукі ўладу на Заходнім фронце, мы падтрымліваем. Мы хацелі б толькі папоўніць гэтыя органы сваімі землякамі. А вось што датычыць краёвай улады...— Кужэльны адкінуўся на спінку крэсла, i яно цяжка зарыпела,— У гэтым сэнсе Аблвыкамзах i Саўнарком — усяго толькі абласная ўлада. Заходняй, як вы называеце, вобласці. А што гэта — вобласць? Гэта ж тая сутнасць, тое найменне, што былі i раней — Паўночна-Заходні край... Мы хочам такіх адносін, як i да ўкраінцаў. Права на самавызначэнне. Мінімум аўтаноміі. Іначай рэвалюцыя будзе тычыцца ўсіх — толькі не нас. Значыць, трэба не толькі ўводзіць у нашы органы i нас, беларусаў, але карэнна рэарганізаваць ix.
— Як? — пільна зірнуў на яго Ландар.
— На Украіне, здаецца, заўтра-паслязаўтра збярэцца 1-шы Усеўкраінскі з'езд Саветаў i аб'явіць Украіну рэспублікай Саветаў. Вы тут, маючы сілу i не лічачыся з намі, нават слухаць не хочаце пра такое. Значыць, мы праводзім з'езд i выбіраем часовы орган улады — Арганізацыйны выканаўчы Камітэт. Ён увойдзе ў кантакт з Саўнаркомам РСФСР. Пасля мы склічам Нацыянальны Устаноўчы сход i выберам свой, беларускі, Савет рабочых, сялянскіх i салдацкіх дэпутатаў, вызначым лёс Беларусі, арганізацыю краёвага кіравання, зямельнае ўладкаванне, дэмакратызуем армію...
— Хітра! — адкінуў руку, паківаў галавою Ландар.— Вы нібы прызнаяце тут Савецкую ўладу, а на самай справе гоніце нас прэч!
— Выбачайце! — не міргнуў нават Кужэльны.— Нікога мы не гонім. На нашым з'ездзе будуць дэлегаты i ад Саветаў.
— Ды ведаю, які будзе прыкладны склад вашага з'езда! — махнуў рукою Ландар.— Ад нашых Саветаў вы запрашаеце па аднаму дэлегату ад павета. Як i ад валасных i павятовых земстваў, гарадскіх дум, настаўніцкіх i бежанскіх арганізацый i павятовых Саветаў сялянскіх дэпутатаў. Губеранскім харчовым камітэтам i губеранскім сялянскім Саветам вы далі па тры мандаты. Каля трэці будзе прадстаўнікоў ад вашых вайсковых рад (чыгуначнікаў, афіцэраў, урачоў, граматных салдат). Нямала будзе i ад кіруючых органаў партый i арганізацый, што варожа сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю...
— Мы хочам мець у полі зроку ўсе грамадскія слаі, палітычныя партыі. Праўда, ад маёмасных будзе толькі адзін чалавек. I той наш даўні дзеяч.
— Але асаблівыя прывілеі вы далі Вялікай беларускай радзе, Цэнтральнай беларускай вайсковай радзе, Беларускаму абласному камітэту.
— А па-вашаму, мы павінны не лічыцца з тымі, хто дзесяцігоддзі ўжо змагаецца за такі з'езд, за права «людзьмі звацца»?!
— Пры такіх суадносінах сіл на з'ездзе ні яго дух, ні рэзалюцыі, ні кіруючы орган не будуць адпавядаць задумам Саўнаркома Заходняй вобласці i фронту.
— А што хочаце вы? — ухмыльнуўся Кужэльны.— Кіраваць намі без нас?
— Я не ведаю, можа, у свой час пойдзе размова i пра Беларускую Савецкую рэспубліку,— непарушна адказаў Ландар на гэты кпін,— Але мы, мінскія бальшавікі, не хочам падзелу народаў, распаду Расіі на рэспублікі.
— Не вельмі хочацца рабіць тое, на што згадзіўся цэнтр? — зноў пацвеліўся Кужэльны.
— Калі цэнтр згаджаецца, каб вы супрацоўнічалі з намі, склікалі свой з'езд, то давайце супрацоўнічаць. Праводзьце кангрэс, выбірайце дэпутатаў у наш, ужо існы Савет. Пра норму прадстаўніцтва давайце дамаўляцца цяпер.
— Не! Я не згодзен браць удзел у гэтым фарсе!
— Дык — што? — пераможна («Нахабна»,— скажа Кужэльны) усміхнуўся Ландар,— Не сышліся характарамі?
— Я чакаў ад вас большай гібкасці...— прамовіў Кужэльны.
— А мы — ад вас...— падняўся Ландар, падаючы знак, што гаварыць яму больш нецікава.
9.
Позна ўвечар шаснаццатага снежня прыйшоў госць.
Алесь Нямкевіч ляжаў у сваім кватаранцкім пакойчыку на канапе, накрыты пухавіком, побач каля яго стаяла крэсла, а на ім — талерка з падагрэтым булёнам, хлебная луста i кубак з гарбатаю. Тут жа, у пакойчыку, знаходзілася i гаспадыня, цётка Паўліна — пажылая, поўная, нават залішне тоўстая, хворая на сэрца, спагадная адзінокая кабета (яе муж памёр летась, а два сыны былі на вайне). Яна падкручвала, большыла ў падвешанай да столі лямпе агонь i ў гэтую хвіліну прасіла добра знаёмага Васілевіча: