Выбрать главу

— Польскі шпіён! — хтосьці гучна выгукнуў з левай паловы балконаў. I ўслед за ім другі голас, адтуль жа, з партэра, дадаў:

— Доўбарчык!

— Правакатары! — не сумеўся, тут жа тыцнуў туды, наверх, пальцам правай рукі Лашковіч.— Я не інтрыган i не гулёк! Я дбаю пра свой люд! А вось вы — з лакейскаю душою!

— Такога заўзятага надта не саб'еш з тропу,— усміхнуўся Муха.— Хоць трохі ўжо i зарываецца...

Лашковіч сапраўды патушыў непрыязныя выкрыкі, змусіў усіх даслухаць, а пасля — i апладзіраваць.

Затым выступіў дэлегат з Віцебска. Алесь i Муха добра не пачулі яго прозвішча: не то Вашчыла, не то Важыла. Ён руйнаваў усе Лашковічавы тэзісы, перасцерагаючы, што той i яго аднадумцы бяздумна, нават злачынна асуджаюць Беларусь, як «асуджае лёс тое немаўля, у якога памірае маці». «Нам ніяк няможна свядома траціць Расіі-маці», гаварыў гэты пажылы вусач, заклікаў «не губіць беларускую справу», дабівацца «сама вялікае аўтаноміі».

Пасля некалькіх перапынкаў прамовіла яшчэ каля дзесяці чалавек (ад Вялікай рады i вайсковых рад, ад ВАКа, ад петраградскай БСДРП). Іхнія думкі былі самыя супярэчныя: калі амаль усе прызналі Саўнарком у Петраградзе, то ландараўскі Саўнарком у Мінску — менш паловы (адзін пpaмоўца не прызнаў нідзе бальшавікоў i «іхняга перавароту»). Большая палова гэтых прамоўцаў была за будучую незалежнасць Беларусі, меншая — толькi за яе аўтаномію.

Познім вечарам, калі прагаласавалі за тое, каб спыніць спрэчкі, да трыбуны падышоў фацэтны, у чорным касцюме, белай манішцы i пры белым матыльку Тарас Баравік i пад усіхнае маўчанне прачытаў з'ездаўскую рэзалюцыю. Але як толькі скончыў прамаўляць, зала пыхнула, нібы порах, не меней пятнаццаці чалавек з партэра i з балконаў падхапіліся i захацелі тое-сёе паправіць у рэзалюцыі.

Лашковічу, старшыні апошняга пасяджэння, здаецца, ледзь-ледзь удалося ўтаймаваць заўзятых крыкуноў, угаварыць ix прамаўляць па чарзе. Пасля іхніх паправак (а яны найбольш былі пра Саветы) амаль усе дэлегаты з рашаючым голасам прагаласавалі за тое, каб прызнаць новую ўладу ў Петраградзе, а што датычыць тутэйшага кіравання, то па пераважнай большасці галасоў з'езд прыняў рэзалюцыю, каб стварыць орган краёвай улады «ў асобе Усебеларускага Савета (Рады) сялянскіх, рабочых i салдацкіх дэпутатаў i ўсталяваць «рэспубліканскі лад». Краёваму Савету (Радзе) павінна была перайсці дзяржаўная ўлада ў Беларусі. А гэта значыла, што з'езд не прызнаў Аблвыкамзаха i Саўнаркома Заходняй вобласці.

Лашковіч, калі задаволены Баравік вярнуўся ў прэзідыум, а большая палова залы заўзята адляскала стоячы, накрычалася: «Брава! Брава! Брава!», падняў руку i зноў папрасіў цішыні.

— Сябры!—усклікнуў ён. Жвава, радасна.— Цяпер нам трэба ўтварыць часовы орган нашай улады — Арганізацыйны выканаўчы камітэт. Ёсць думка выбраць яго з семнаццаці чалавек.

Назваўшы прозвішчы, ён асекся, нібы праглынуў язык, уталоплена зірнуў у канец доўгай залы, за ім пачалі паварочвацца, а то i ўставаць людзі ў партэры, на балконах: адпіхаючы тых, хто стаяў, па праходзе шпарка беглі сюды, да сцэны, салдаты з вінтоўкамі. Вось першыя з ix ужо заскочылі на сцэну, абкружылі прэзідыум.

Прэзідыум i зала замерлі, анямела пазіралі на каржакаватага чарнявага, з дэманічным выразам твару мужчыну ў ботах, чорнай скураной куртцы i скураной шапцы, які спакойна ішоў па праходзе да сцэны. Ён падняўся на яе, стаў за трыбуну і патрабавальна махнуў пісталетам: садзіцеся!

Калі ўсе паслухмяна апусціліся, абапёрся на локці, пісталетнаю рулькаю падняў на галаве шапку i, усміхаючыся, прамовіў:

— Вось што, панове,— ляпнуў рукою з пісталетам па грудзіне.— Лічу ваш з'езд закрытым, а яго рэзалюцыі ануляванымі!

Па зале нібы пусцілі электрычны ток — яна, пазбавіўшыся здранцвення, заварушылася (многія паўскоквалі), загула:

— Хуліганства!

— Прэч!

Мужчына ў скуранцы спакойна падняў руку ўгору i стрэліў — зала, пазіраючы на яго i на дымны клубок, што рассейваўся i падымаўся, зноў уселася i анямела, бачачы, што жарты тут малыя.

— Ціха, папове! Ціха! — зноў непарушна прамовіў мужчына, паклаў пісталет на трыбуну i марудна дастаў партсігар, цыгарэту з яго i закурыў. Пасля, выпускаючы бокам рота дым, падняў вочы па залу.— Улічваючы тое, што вы не прызнаяце тут Аблвыкамзаха i Саўнаркома, рашылі захапіць уладу, Саўнарком пастанавіў наступнае...— Дастаў паперу з кішэні курткі i прачытаў: — «Акружыць будынак, дзе засядае Беларускі з'езд, арыштаваць прэзідыум з'езда, а таксама выбраны ім орган краёвай улады, адклікаць са з'езда... бальшавікоў i тых, хто стаіць на пункце гледжання Савецкай улады, i сам з'езд аб'явіць распушчаным». Ясна?