Лашковіч, а ён адзіны не быў загіпнатызаваны рашучасцю дужага чалавека ў чорнай скураной куртцы, усё яшчэ стаяў, трымаючы загадзя падрыхтаваны ліст са спісам «тутэйшага ўрада», гнеўна апаліў позіркам нечаканага, як гром сярод зімы, прышэльца:
— Эй вы, п'яны таварыш! Выйдзіце вой! Тут не балаган!
Нібы апамятаўшыся, падхапіўся малады юнак з левай паловы залы i ў знак салідарнасці з Лашковічам абурана выкрыкнуў:
— Мы пратэстуем! Гэта — месніцкае самадурства!
У канцы залы падняўся высокі чалавек i з хваляваннем дадаў:
— Мы маем права на свой з'езд па дазволе Наркамнаца! Таму дэлегатам самім рашаць — доўжыць з'езд альбо распускаць яго!
— Дыскусіі спыняю! — на ўсю залу крыкнуў уладным голасам чалавек у скуранцы.— Бальшавікоў i ім спачуваючым прашу падысці на Петраградскую, у Савет, усіх астатніх — разысціся па-мірнаму i па-добраму... Вам,— павёў рукой на прэзідыум,— застацца на месцы... [18]
Салдаты пачалі прымушаць выходзіць на двор. Некаторыя вайскоўцы, як бачыў разгублены Алесь, забіраюць паперы ад сакратаркі з'езда i ад прэзідыума.
— Хто гэты тып? — хтосьці гнеўна бурчэў паперадзе Алеся.
— Крывашэін — мінскі камендант.
— Не,— супярэчыў іншы голас.— Гэта — Ржэвускі.
— Вось вам воля, роўнасць i братэрства!
Алесь прытрымаўся з Мухам i выходзіў з залы амаль апошні.
— Давай-давай, вельможный пан, быстрее выходи! — злёгку піхаючы руляй яго ў спіну, панукваў малады салдат.
Над выхадам скупа гарэў ліхтар, але i пры яго святле, а таксама цераз людскі натоўп было відаць: тэатр ачэплены салдатамі; вайскоўцы шарэнгаю стаяць i па блізкіх Падгорнай i Петрапаўлаўскай вуліцах, a ў дамах, што былі насупраць, мірна свяціліся вокны; над горадам, як i трэба, ужо ўцямнелася марозная ноч.
— Кто большевики и им сочувствующие, проходи прямо на Подгорную улицу! — мітусіўся каля выхаду i крычаў малады мужчына (таксама, як i той, дэманісты, у скураной куртцы i шапцы).— Остальные — направо и по домам! Никакого скопления! Проходи! Проходи! — зірнуў на Алеся (гэта, як пазнаў Алесь, быў Клёнаў, бліжэйшы памочнік Фрунзе ў міліцыі, a паблізу яго стаяў Пятрусь Супраневіч).— Быстрее, быстрее!
I калі Алесь, толькі на хвілінку сустрэўшыся з ніякаватым земляковым позіркам, адышоўся, паварочваў на Петрапаўлаўскую, азірнуўшыся, убачыў: вывелі пад узмоцненаю аховаю прэзідыум; канвоем кіраваў той адчайны з пісталетам.
— Людзі, запамінайце! — хтосьці выгукнуў ужо з Петрапаўлаўскай вуліцы.— Лепшыя сыны нашага народа пад скрыжаванымі штыкамі ідуць на Галгофу!
— Гэй, ты, крыкун! — абарвалі яго.— Дуй адсюдава!
Пярэднія салдаты з канвою адганялі з дарогі тых, хто затрымліваўся альбо перагароджваў шлях; Алесь пад прымусам збочыў, ужо не бачачы паблізу Мухі (той ці застаўся ззаду, ці ўжо шмыгнуў адгэтуль). Калі прэзідыум праходзіў побач, Васілевіч, ідучы ззаду i ўлучыўшы хвіліну, шпурнуў яму свой партфель.
— Уцякай!
Алесь злавіў гэты пакоўны партфель, дзе былі многія з'ездаўскія дакументы, але яго тут жа схапілі за рукі двое з ачаплення.
— Видно, тоже гусь хорош! — прамовіў адзін з ix, i яны, вырваўшы з рук партфель, піхнулі Алеся да прэзідыумцаў.
На скупа асветленай Захараўскай вуліцы люд разыходзіўся, але купка з чалавек дваццаці — трыццаці ішла ўзбоч па тратуары i кляла «узурпатараў». Рэдкія прахожыя прыпыняліся i з цікаўнасцю пазіралі на гэтую своеасаблівую працэсію.
Праз некалькі хвілін арыштаваных прывялі да астрога.
11.
Праз два дні, пад полудзень, наглядчык паклікаў ix усіх у кабінет былой турэмнай адміністрацыі. Яны, за гэтыя дні аброслыя шчаціннем, з пакамечаным адзеннем ад лежатні на нарах, з падпухлымі i чырванаватымі вачыма ад бяссонніцы, згрызоты i крыку, галодныя, прыгнечаныя, сярдзітыя адзін на аднаго, цугам зайшлі ў чысты, са свежым паветрам пакой, стоўпіліся ў парозе.
У адміністрацыйным кабінеце за сталом сядзеў, як заўсёды, інтэлігентны, акуратны Ландар, побач з ім прымасціліся два мужчыны. Злева — дэманічнага выгляду (кучаравісты, з невысокім ілбом, з вялікімі, цёмнымі ўтрапёнымі вачыма i нібы арліным носам), справа — той, хто нядаўна прыносіў у штаб «беларускага войска» загад пра роспуск нацыянальных часцей, таксама ў чорнай куртцы i таксама чорны, як грак.
18
Пазней, на пачатку 20-х гадоў, адзін з ініцыятараў узброенага разгону вышэйназванага з'езда В. Кнорын у зб. «Беларусь», пішучы пра гэтую акцыю, зазначаў, што, нягледзячы на тое, што Беларускі кангрэс склікалі правасацыялістычныя беларускія элементы, на ім была даволі моцная левая фракцыя, i пры ўмелым партыйным кіраўніцтве, магчыма, удалося б з'езд раскалоць i яго рэвалюцыйную частку аб'яднаць пад савецкім сцягам. Але, прызнаваў В. Кнорын, гэта не было зроблена з-за пэўных памылак. Тое ж сцвярджаў i A. Чарвякоў у кнізе «За Савецкую ўладу», Мн., 1927, падкрэсліваючы, што на з'ездзе былі дэлегаты, выхадцы з рабочых i сялян, настроеныя зусім па-савецку.