Хто з маладзейшых дзяўчат з салдатамі? Адразу i не пазнаеш. Мусіць, ужо з тых, хто нядаўна быў падлетак, каго яны, сталейшыя, яшчэ не вельмі пускалі ў сваю кампанію, змушалі церціся пад вокнамі. Што ж, здзіўляцца ад гэтых перамен, можа, i не варта: для адных час гуляў i маладых уцех адыходзіць, для іншых — прыходзіць. На гэтым спрадвеку свет стаіць, род людскі трымаецца, і, мусіць, нікому не парушыць гэты просты, але мудры няпісаны закон. Бач ты, вунь ужо штурхаюцца i хіхікаюць, таўкуцца ў цесным гурце пад дворным акном зусім малыя жэўжыкі, стараючыся зазірнуць у хату i па нейкім магутным вечным поклічы прыроды цягнучыся да сакрэтаў сталага жыцця.
Чалавек, хоць нікім i не заўважаны, не запыніўся, пайшоў далей. З узрушэннем мінуў цёмную хату Зосінага бацькі, маўклівую воласць i гэтаксама неасветлены ўжо старшынёўскі, Сяргеенкаў дом, затым пакінуў за сабою дзядзькавы хаты i наблізіўся да роднага селішча. Асвойтваўся, забываў тое жорсткае існае, што не быў дома гэтулькі ўжо часу: былое, знаёмае хлынула на яго з усёю сілай дзіцячай i юнацкай памяці, уражлівасці, i ён зноў адчуў сябе на роднай зямлі. Здаецца, адлучаўся з дому зусім ненадоўга.
Іхняя старая, высокая, з глыбокім дуплом у камлі ліпа, плот, прысадзістая хата такія ж, якія i стаялі ўвесь час у вачах альбо нават i сніліся. Абзыўнуўся іхні сабака. Гаўкнуў радасна, пазнаўшы. Яму падтакнуў i суседскі, але непрыхільна, злосна, як на чужога чалавека.
Падарожны, запавольваючы крок, не заспяшаўся ўваходзіць у родны двор. Можа, таму, што вокны не свяціліся, значыць, усе ўжо спалі, можа, таму, што ў гэтую хвіліну ногі самі павялі да суседавага дома, дзе нявесткавала Зося — найдаражэйшы яму чалавек, найперш дзеля каго ён стараўся выжыць i вярнуцца сюды. Зосю ён не забываў, бадай, ні на адзін дзень, спадзеючыся, што яны зноў будуць сустракацца, кахаць адно аднаго. Яна ж некалі i на сваім вяселлі, i на яго праводзінах на вайну клялася: «Казала табе i яшчэ скажу: мяне змусілі пайсці замуж за Віцю, але не адвабілі ад цябе. Я толькі цябе, Яначак, люблю...»
У Гарбацэвічаў, як было відаць адгэтуль, з дарогі, зырка палала на камінку лучына, але ўбачыць тое, што робіцца ў хаце, было няможна: ніжнія шыбіны ў акне ад вуліцы былі завешаныя белымі фіранкамі. Бацькаў сабака, нібы здзівіўшыся, што ён абмінуў сваю хату, заціх, а вось гэты, суседаў гарлач, па-дурному зазвягаў, быццам на злодзея.
Палавінкі фіранак пасярод акна варухнуліся, падаліся ў бакі — i ён хітнуўся за шула. Заснежаны гародчык з кустамі парэчак i агрэсту, з ацярэбленым кустоўем кветак, новы плот высвеціліся, a ў незавешаным ужо акне паказалася кабета: сюды, на двор, затуліўшы далонькамі шчокі, зірнула гаспадыня, Вікця. Праўда, яе твару не было відаць: яго хаваў густы цень.
Вікця не засланіла сабою ўсё акно, бо стаяла збоку, дык ён убачыў палавінку першага, чорнага пакоя: у канцы яго, ля высокай белай грубкі, нагнуўшыся, знаходзіліся маладыя — Зося i Віця. Між імі, у пастаўленых на зэдлік шырокіх ночвах, сядзела голенькае дзіця. Вось Зося — у белай касынцы, у блузцы, рукавы якой былі загорнуты вышэй спрытных локцяў — зачэрпнула кубак вады, лінула зверху на светлавалосую дзяціную галоўку. Дзіця ад нечаканасці выпрастала спінку, заплюскала вочкамі, шырока разяўляючы роцік, а пасля зацерла-зацерла кулачкамі пад вачыма. Віця — падстрыжаны пад польку, ca светлай патыліцай, у зрэбнай кашулі з белым расшпіленым каўнерыкам, здаецца, памужнелы — заўсміхаўся, трымаючы ў руках, мусіць, загадзя нагрэтае ад стаяка вялікае белае прасцірадла. Усцешылася i Зося, лагодна пазіраючы i на малое, i на мужа, i ад гэтай іхняй бацькоўскай радасці, ад чужога шчасця яго раптоўна секанула па сэрцы тужлівасць.
Па-першае, уразіўся ад Зосінай весялосці, радасці, а па-другое, здзівіўся, што задаволены, шчаслівы i Віця: гэтае ж дзіця, можа, i не яго. Дык што — Зося не толькі прывыкла да Віці, але i пакахала яго? Забылася пра тое сваё «вернае» слова?
Зося падняла пад пахі дзіця, i яго, дзябёленькае, пунсовенькае, Віця абгарнуў прасцірадлам i панёс у суседні, белы пакой. Падарожны ж па-ранейшаму анямела пазіраў на ўсё: i на Зосю, i на дзіця, i на Віцю, добра не разумеючы, што ён бачыць i што адбываецца ў яго душы.
Праз міг новае, яшчэ цяжэйшае пачуццё хліснула па яго развярэджаным сэрцы: Зося выпрасталася, зірнула сюды, на свякроў i на незакрытае акно, прайшлася па хаце. За кароткі міг ён не паспеў агледзець яе твар, заўважыў толькі, што той быццам ужо не юны, а пасталелы, але па тым, як яна нязграбна ішла, была поўная, зразумеў іншае, для сябе вельмі пакутлівае: яна цяжарная...
Зося патупала цяжкаю гускай у лепшы пакой, да сына i мужа, a ў яго гэтым часам падранцвелі ногі: вось табе i Зося! Вось табе i іхняе каханне, i яе абяцанка! Ён адданы толькі ёй, а яна, бач, якая... Дзеля чаго тады ён ратаваўся на фронце ды ў шпіталі, чаго імкнуўся сюды? Каб бачыць такую нявернасць, чужое шчасце? Каб толькі злавацца альбо зайздросціць?