Выбрать главу

— Вой, як ты пастарэў ужо! — здзівілася неўзабаве.— Сівізны вунь колькі!

— Хіба гэта сівізна? — усміхнуўся ён, як ніколі дагэтуль адчуваючы да сястры пяшчоту i дабрыню. Раней было іншае. Раней часцей гыркаліся, чым былі ветлівыя ды радыя адно аднаму.— Гэта ж — снег...

— Снег...— уздыхнула маці, пачуўшы яго адказ.— Але гэты снег ніколі ўжо не растане. Яго намяла вайна...

Ніхто нічога ёй не адказаў; маці таксама моўчкі пачала ўжо рыхтаваць вячэру. Нявестка Ядзя не паказвалася. Відаць, усё яшчэ апраналася, прыхарошвалася. Яна — чысцюха i франціха.

Неўзабаве маці падала на стол парэзаны качан кіслай капусты, вячэрнюю неабіраную бульбу, некалькі скрылікаў сала на талерцы; бацька прынёс з кладоўкі высокую манапольную пляшку, але не з чыстым, без асадку, вадзіцай-слязою, а з сіваватым пітвом.

— Выбачай, сынок, хлеба няма,— прамовіла маці.— Цяпер i мы рэдка хлеб пячом. Не самі яго ядзім — вайна есць...

Янка са здзіўленнем агледзеў запацелую пляшку, выструганы драўляны корак у ёй.

— Гадаеш, што гэта? — усміхнуўся бацька, адкаркаваў пляшку i наліў з яе ў невялікія чаркі. Падаў па чарцы i пастаяльцам, сынавым таварышам па нядолі.— Ну, за цябе, сын! Дай божа, каб сёлета вайна запынілася, каб лад на свеце настаў, каб усе маладыя мужчыны i хлопцы дадому вярнуліся, былі жывыя i здаровыя! — Павёў рукою з чаркай, прывечваючы i сваіх кватарантаў.

Янка здзівіўся, што селі за стол без нявесткі. Няўжо не ладзіць ca старымі?

— Дзе ж Ядзя? — асцярожна запытаў.

Маці i бацька перазірнуліся, паапускалі галовы.

— Яна цяпер у сваіх бацькоў,— прамовіла Кастуся.

«Пасварыліся-такі».

— Ну, на здароўе! — падспешыў бацька.

Янка даткнуўся па чарзе да бацькавай, матчынай i сестрыной чарак (у ix было па кроплі), кіўнуў салдатам i выпіў. Спачатку пітво апякло горла холадам (ведама, стаяла дагэтуль у сенцах), а пасля расцяклося ў жываце гарачынёю.

— Ну, дык якая наша растаранка? — усміхнуўся бацька.

— Моцная. Як агонь.

— Цяпер жа ў нас няма манапольнай гарэлкі,— патлумачыў бацька,— Цар забараніў яе i рабіць, i піць... Увёў...— запнуўся, зірнуў на дачку, каб тая падказала «вучоныя словы».

— ...сухі закон,— адразу ж памагла тая.

— А як увялі гэты «сухі закон», дык, кажу, гарэлка i прапала,— дадаў бацька.— То людзі навучыліся самі гнаць яе патроху. Спачатку гналі ў гаршках, а цяпер вот каторыя парабілі мудрыя апараты i гоняць апаратамі... Як кажуць: дзе голь бярэ? — Усміхнуўся.— Голі бог дае!

3.

Пра вясковыя навіны загаварылі ўжо ў белай хаце, калі леглі спаць.

Праўда, перад гэтым маці з Кастусяю ададралі на Янкавым плечуку закарэлыя бінты, абмылі, як казалі, «надта страшную рану» цёплай вадою i сваімі слязьмі, абклалі разрэзанымі папалавіне альясавымі галінкамі, абкруцілі беленькімі дзяцінымі полкамі.

Дагледжваючы, яны ўсё ж змусілі расказаць пра раненне, ён дагэтуль наўмысна ўсяго не пісаў ім у лістах, каб не палохаць, а цяпер мусіў прызнацца, як у студзені яны пайшлі ў наступленне пад Рыгаю — уночы, у палярную завіруху. Перлі па глыбокім снезе, пад выбухі i агонь нямецкіх снарадаў. Але паранілі яго не варожыя асколкі, а падбілі свае ж кулі. Адзін з рускіх аэрапланаў, што ляцеў на непрыяцельскія акопы, гупнуўся ад завірухі ды сустрэчнага ветру ззаду сваіх на зямлю i чамусьці застракатаў з кулямёта ў іхнія спіны... Многія рускія воіны i засталіся ў тых гурбах, сцяклі крывёю i замерзлі, а яго, на шчасце альбо на бяду, у час агледзелі i падабралі таварышы. Ужо ў сібірскім шпіталі даведаўся, што баі тыя ішлі крыху больш тыдня, пасля заціхлі, i вайна зноў перапынілася, пачала расцягвацца; па ўсёй даўжэзнай лініі руска-нямецкага фронту баёў, лічы, не ўсчыналася ўжо. Праціўнікі ці выдыхнуліся, ці хацелі перамагчы адзін аднаго змораю.

Цяпер Янка ляжаў на чысцюткім прасцірадле, што маці дастала з куфра для яго, як для дарагога госця. Гэтае прасцірадла, канечне, яшчэ ўлетку было выпарана i выбелена, прапопелена ў жлукце — выдзеўбанай кадушцы ў драўлянай калодзе,— выкачанае качалкаю i ляжала ў матчыным спраце для зручнага выпадку. Раней такія «панскія» прасцірадлы маці слала толькі гасцям альбо іхняму Алесю-настаўніку, калі той вяртаўся ca свету дадому, а вось сёння ўшанавала ўжо i яго. Зверху грэў мяккі пухавік.

Янка ляжаў i адчуваў дзіўны стан — не то дома ён, не то на фронце альбо ў шпіталі. Было ўлежна, цёпла, але разам з тым і здавалася: ён усё яшчэ на холадзе i ў небяспецы. Відаць, косці прамерзлі ў акопах наскрозь i не маглі яшчэ сагрэцца, а страх засеў у душы, як нейкая патайная хвароба.