— Час будзе, высплюся,— адказаў ён.— Мне якраз хочацца ўведаць, што тут робіцца i чуваць.
Маці нейкі час памаўчала, паўздыхала, а пасля пачала расказваць:
— Як табе i казалі, мала што добрае робіцца i чуваць... Каторыя маладыя кабеты шалеюць, старыя людзі гаруюць, а маладыя мужчыны i хлопцы — на вайне. Гарбук, Дзежка, як мы кажам, Лявон Вінцэсеў, Антон Емельяновіч, Пётрык Сцяпана Чорнага, наш настаўнік... Нават лекара, старога Чарнова, забралі. I Уладака Дземідовічавага. Праўда, Дземідовіч падмазваў, каб яго шаленца не ўзялі. Але сяроўна не выбавіў ад вайны — падгрэблі. Ды, кажуць, Уладак i сам захацеў уцячы з вёскі. Збаяўся, што Чорныя заб'юць. Мы, здаецца ж, пісалі табе: ён дзеўцы Міхайлы Чорнага, Верцы, дзіця прыстараўся. Праўда, сам ён, можа, i ўзяў бы Верку, але старыя Дземідовічы — супраць. Уга, каб яны ды з Чорнымі парадніліся! Яны ж — шляхта, а Чорныя — хто? Мужыкі! Галота!.. Два гадэ ўжо байстручку. Увесь у Дземідовічаву пароду. Лупаценькі, скалазубы. Чорны хацеў спаліць Дземідовіча з рымасці, ледзь не да смерці збіў Верку, з хаты выганяў, а потым здаўся. Гадуе байстручка... Ведама, жывое, малое. Чалавек жа, унук... Многіх нашых людзей ужо i няма, Яначак. Касцюкевічаў сын склаў галаву недзе ў немцаў, Хлябовічаў — у пінскім балоце, стары Драздовіч летась памёр, жонка Сцяпана Чорнага, Паўліна, сёлета аддала богу душу, а самога Сцяпана было спаралізавала, i сусед наш, Гарбацэвіч, з месяц зімою з пасцелі не ўставаў. Ногі было скруціла, надта жылы на ix павыпірала. Але выцыльгаў, ходзіць i робіць. Мы з бацькам зусім слабыя ўжо. Каб вы ўсе паварочаліся дадому, дык мы ўжо маглі б i спакойна памерці. Няма ўжо моцы трымацца праз сілу...
Маці цяжка ўздыхнула ды далей пачала расказваць пра янкавінскія падзеі:
— Летась, як толькі зіма пачалася, тут абіралаўку, як мы кажам, увялі. [2] Сані сена, два мяхі жыта, тры мяхі аўса забралі, каб ix халера ўдушыла. З месяц ужо, Яначак, хлеба не пячом. Ашчаджаем. А каторыя, надта Чорныя, ужо даўно, з Новага года, без хлеба. Яны i да вайны, як смяяўся Сцяпан, былі «два дні без хлеба, a трэці так», а цяпер зусім згалелі... Але мала, сынок, нястач, дык колькі яшчэ страху нацярпеліся! Як пачаў сюды ісці немец, дык паперадзе яго павалілі бежанцы. З Польшчы, з-за Нёмна. Тысячамі дзень i ноч ці самі ўцякалі, ці гналі ix з дзецьмі, з клункамі некуды ў Расею. Запрудзілі, здаецца, увесь свет. Нават i цяпер у Засценку польскія сем'і жывуць. Пазалетась i нас Сяргеенка сабраў у воласці ды кажа: прыйшла з павета папера, каб сыходзілі з вёскі. Трэба, кажа, не даць немцу ні хлеба, ні сена, ні быдла, пакінуць яму зямлю пустую. Загаласілі людзі. Куды сыходзіць? Чаго? Што лепшае на халоднай чужыне знойдзеш? Стаў крычаць Сяргеенка: ды жывяце пры дарозе на Расею, гараць ва ўсіх на вас вочы, да ўсякага ліхалецця прывычныя, цягавітыя, паслужлівыя — такія цяпер вы тут не трэба. Бо i новаму гаспадару будзеце служыць верна... Хто пачне ўпарціцца — той будзе строга пакараны. Дзе дзенешся, супроць сілы не пойдзеш. Мусілі спакоўваць вандзэлкі, сабраліся ўжо ўсёй вёскай у свет вялікі брысці. Аж новую паперу прыслалі: не, трэба ўсім тутэйшым вёскам застацца на месцы. Паставілі тут салдатаў, а нашых людзей ганялі за Налібакі рэзаць лес, рыць акопы... А фронт запыніўся зусім блізенька, пад Навагародкам. Калі-нікалі ўночы чуваць, як там бухае. I зарыва відаць... Які ўжо час спаць кладзешся, а не ведаеш: пад кім заўтра будзеш? Як той верхаводзіць пачне? Выцягне апошняе ці дасць крыху ўздыхнуць? Трывушчыя-то трывушчыя, як катэ, але ж i трывушчасць тая канец мае...
— Мог бы вярнуцца, як во цяпер, а тут ні нас, ні вёскі,— падаў голас бацька.— Усяго за свой век i нашы дзяды нагледзеліся, але такога ліхалецця, як кажа маці, яшчэ не было...
Янка адчуў: бацька таксама хоча пагаварыць з ім, бывалым ужо чалавекам, які доўга не быў дома. I не толькі пра вясковыя навіны, але i пра большае, да чаго кабеты не вельмі здатныя,— пра палітыку.
Жонка i дачка адчулі гэты «вышэйшы» намер, заціхлі — пагаварыце бацька з сынам, стары гаспадар з маладым.
— Я чуў, як ты нядаўна казаў нашым пастаяльцам: ні канца вайны, ні пачатку замірэння яшчэ не чуваць i не відаць,— сказаў стары.— Ты пабыў ужо на свеце, у катавасіях усякіх, многа чаго ўбачыў і пачуў. Я цяпер нікуды не адлучаўся з вёскі, але i я, як кажуць, цёмны чалавек, цямлю: не, вайна яшчэ не скора кончыцца. I наш цар, i Вільгельм альбо самі ашукаліся, альбо нехта ix хітра падмануў. Кожны, думаю я, лічыў: рыну з сілай, трахну-бахну — i верх вазьму, свайго даб'юся. Аж абодва ўскочылі ў багну. I ні туды, i ні сюды, а багма усе болей i болей зацягвае. Хіба не так?
2
Маецца на ўвазе рэквізіцыя хлеба, фуражу i жывёлы, уведзеная царскім урадам у снежні 1916 года.