Выбрать главу

I Роза сціпла апускае вочы і садзіцца на месца. А праз хвілінку, падняўшы вечка парты, крадком ужо кідае позірк на старонку зачытанага рамана Лідзіі Чарскай «Ва ўладзе золата».

Роза ідзе другой студэнткай.

Астатнім паспяваць за Раяй Байцовай і Розай Вальфсон нялёгка. Няма ні таго бойкага слова, ні тае смеласці, што з пялёнак выхоўвае горад. Нібыта на рукі твае, і на ногі, і нават на мову набіты жалезныя абручы. Вёска… I немалы час спатрэбіцца, пакуль здолее яна гэтак жа лёгка павярнуцца, гэтак жа смела ўсміхнуцца, і загаварыць, і бліснуць чароўнай усмешкай…

О мілая мая вёска!

Найбольш дарослай на нашым курсе мне здаецца Таня Мялешка — хударлявая дзяўчына недзе з-пад Чырвонае Слабады. Ёсць у ёй нешта нетутэйшае, нешта не зусім ад вёскі і не зусім ад горада. Таня і апранаецца крыху інакш, як мы ўсе, вясковыя дзяўчаты (але і не так, як Рая Байцова і Роза Вальфсон), яна ўмее і сама штодня накручвае на паперкі валасы. I што самае дзіўнае — дзяўчаты, якія жывуць з Таняю ў адным пакоі, расказваюць, што яна атрымлівае пісьмы ад хлопцаў! А гэта ўжо недасягальнае… I яшчэ Таня не мінае ніводных танцаў, і з танцаў яе заўсёды таксама праводзяць хлопцы — са старэйшых курсаў.

Таня стараецца вучыцца. Яна кажа, што, як вывучыцца, абавязкова забярэ да сябе матку (матка яе, тэхнічка ў школе, жыве адна), каб даць ёй палёгку.

Мне Таня Мялешка падабаецца, і я хацела б сябраваць з ёю таксама. Але якая ёй цікавасць? У мяне ж няма ні хлопцаў, ні пісем… Пра што яна будзе са мною гаварыць? Пра алгебру ці геаметрыю? Тут, праўда, у нас з ёю аднолькавыя поспехі: ні я, ні яна, як толькі кантрольная, без шпаргалкі задачу не рошым.

Звычайна ў нас на кантрольнай адзін варыянт з Надзяй Вярбіцкай.

— Надзя… — шэпчам мы з Таняю Мялешка — адна з аднае, другая з другое парты. — Ты рашыла?

У Надзі Вярбіцкай на твары заўсёды салодкая ўсмешка.

— Не расіла, — пасміхаецца Надзя: яна не выгаворвае шыпячых.

У гэты час па праходзе між партаў кіруецца Садоўнікаў. На яго поўным твары — летуценне і лянота адначасова.

— Бешкарышна, Гурновіч, шама рашай, шама… — у яго, наадварот, усе свісцячыя гукі шыпяць.

— Жмінда! — без усякай ужо надзеі шапчу я ў бок Вярбіцкай.

У гэты час з другога боку шэпча мне Роза Вальфсон:

— Ганька, ты рашыла задачу?

— Не яшчэ…

— А які ў цябе адказ у першым прыкладзе?

— Ноль цэлых і сем дзесятых…

— А ў мяне ноль і тры дзесятых…

— Ноль і тры?.. — І я хапаюся зноў за першы прыклад.

— Дзешач хвілін жасталошя… — глядзіць на гадзіннік Садоўнікаў. — Вальвшон, ты ўжо шпішала?

(У адрозненне ад астатніх выкладчыкаў Садоўнікаў заве ўсіх на «ты».)

— Не яшчэ… — не прыслухоўваецца да таго, што пытаецца выкладчык, Роза.

— Яшчэ не шпішала… I ты, Гурновіч, яшчэ не шпішала?..

— Я не спісваю… — Я стараюся глядзець на Садоўнікава невінаватымі вачыма, а сама ў гэты час хаваю шпаргалку пад «рызінку» на панчосе (нейкая добрая душа прыслала).

— До-о-обра… Ведаю я чабе. Хто рашыў кантрольную?

Надзя Вярбіцкая як апараная першая выхоплівае руку ўгору.

Садоўнікаў не глядзіць на яе.

— Я расіла, — не ўседзіць на месцы Вярбіцкая.

— Ідзі, ідзі, Вярбічкая, — усё гэтак жа не гледзячы на яе, махае на дзверы Садоўнікаў.

— Ты, Гірко, не рашыла яшчэ?

— Я яшчэ рашаю…

— Яшчэ не пашпела ўсім шпаргалкі напішаць? — спакойна цікавіцца Садоўнікаў. I праўда: Надзя Гірко памагае ўсяму свайму варыянту.

Надзя Вярбіцкая выносіць сваю салодзенькую ўсмешку за дзверы.

— Жмінда…

Гэта нікога не абурае. Усе мы даём спісваць адно аднаму, усе памагаем, калі хто чаго не ведае або не вывучыў. Соня Серада, напрыклад, тая есці не пойдзе ў сталоўку, а будзе разбіраць табе па клетачцы якога-небудзь анофелеса ці дажджавога чарвяка… Толькі скажы ёй. Яна ўсе гэтыя інфузорыі і туфелькі ведае лепш за самую Раманоўскую — нашу біялагічку.

Або Тоня Данілевіч. Між сабою мы завём яе Аляксандрам Македонскім. Яе сярод начы разбудзі і спытай — калі пачалася вайна Алай і Белай Ружы, дык яна табе не толькі год успомніць (хоць вучылі мы гэтую «Алую» І «Белую» ружы сто гадоў назад), а пералічыць яшчэ эканамічныя прычыны, раскажа, якія трафеі былі ўзяты… Або ўсе гэтыя рускія князі, розныя там Андрэі Багалюбскія, ці Юрыі Далгарукія, ці Усевалады Вялікія Гнёзды — пра іх Тоня расказвае так, нібыта ўсе яны былі яе родныя дзядзькі…