Нібыта яна гасціла ў іх.
Сама я пішу дыктоўкі без памылак. Удаюцца мне таксама і хатнія ўкладанні. Я магу іх пячы, як аладкі.
I сабе паспею і дзяўчатам напяку кожны раз. Лічыцца таксама за мною і вусная літаратура: галоўная тэма твора, яго ідэйная накіраванасць, сацыяльная характарыстыка вобразаў… Паспрабуй не ведаць гэтага ў Стычынскай! Яна ўсяму курсу (па алфавіце!) заляпіла па «калу» толькі за тое, што ніхто з нас не запомніў імя няні Таццяны Ларынай. («Другі раз будзеце чытаць уважліва»…)
Ну і шчасце мае наш Уладзімір Феафілавіч — гэтакую жоначку! — шкадуем мы свайго курсавога кіраўніка.
Вось яго дык мы любім! Яго лекцыі ў нас — як свята. На іх лёгка і радасна. I ён не толькі вучыць нас — ён яшчэ і выхоўвае. I не дзіўна, што хлопцы нашы непрыкметна пераймаюць і яго гаворку і нават хаду. А дзяўчатам таксама хочацца быць і лепшымі і прыгажэйшымі перад Уладзімірам Феафілавічам.
…Не шукае ніхто з нас помачы таксама ў нашага старасты, самай лепшай студэнткі і самай актыўнай камсамолкі Раечкі Байцовай. I яна, як і Вярбіцкая, таксама не паможа. Расчырванеецца, развохкаецца, ледзь не заплача (не напісала, не рашыла, не вывучыла…). А потым, гэтаксама як і Вярбіцкая, першая выхапіць руку: «Я ведаю!..»
Такія вось мы на першым курсе. Вось так мы вучымся.
Метамарфоза
Адразу ж пасля другой стыпендыі на маёй тумбачцы пасяляецца шкляная баначка з надпісам «Метамарфоза». На вечку «Метамарфозы» — зверху — папяровая галоўка пісанае красуні. Адчыніш вечка, а там гэта самая красуня ўся ў рабацінні… Значыць, вымаж баначку — і сама сябе не пазнаеш… Мяне «Метамарфоза», хоць я і не разумею сэнсу гэтага слова, цікавіць. Мне таксама не шкодзіла б займець хараства…
З другой стыпендыі заводзіцца і выконваецца, як воінская павіннасць, жалезнае правіла: фатаграфавацца! Фатаграфавацца і абавязкова мяняцца фотакарткамі з дзяўчатамі-сяброўкамі. Ну, і з хлопцамі таксама — вядома, з тымі, хто сам першы табе падорыць сваю фотакартку. Мы, дзяўчаты, у першую чаргу павінны зняцца цэлым інтэрнацкім пакоем… Да таго ж кожная з нас — мала ні мала, а дзве-тры сукенкі мае абавязкова… Вось і трэба зняцца ў кожнай. А хто забароніць памяняцца з сяброўкай ці пазычыць? Неабходна таксама зняцца ў паліто… Зімовае паліто з футравым каўняром на нашым курсе ёсць толькі ў Раі Байцовай і Розы Вальфсон. Рая — тая і сама шкадуе кожны дзень насіць сваё новае паліто — шэрае сукно з чорным коцікавым каўняром. Рая даношвае вучнёўскае, з рукавамі да локця і аблезлым зайцам.
А Роза не шкадуе. Розіна паліто мы ўсе чамусьці завём «шубаю» — і вось у гэтай «шубе» ды яшчэ з капелюшом (Роза купіла сабе сіні капялюш з шырокімі палямі) фатаграфуецца ўвесь наш курс! Я ў гэтым капелюшы і ў Розінай «шубе» на фотакартцы (6x6) здаюся такой важнай, што дома мяне адразу не пазнаюць.
— А хто ж гэта за дзеўчына ў капелюшы, усё роўна як пані на патрэце? — адводзіць далёка ад вачэй руку і ўглядаецца баба Іваніха.
— Паглядзеце лепш, то мо і пазнаеце, — пасміхаецца збоку сястра Ніна.
— Дзе ж я пазнаю, — вяртае назад мне мой «патрэт» баба Іваніха.
— То гэта ж яна сама, — бярэ картку ў рукі Ніна.
— Дзіва што сама! Будзеце мне тут дурыць галаву, — крыўдзіцца баба Іваніха.
Сястра Саша забірае картку ў Ніны з рук.
— Каб не ведала, то і я не пазнала б, — кажа яна.
Самая не ведаю, радавацца мне ці крыўдаваць на іх, што яны не пазнаюць мяне. Я, мусіць, каб не ведала, таксама не пазнала б сама сябе тут, на гэтым «патрэце». I сапраўды, «шуба», капялюш — і ўсё чужое… I я нейкая як быццам чужая, нават самой сабе. Але на гэтай фотакартцы я як быццам і нічога сабе… Ці зноў жа: мо ўсё гэта ад Розінае «шубы» і капелюша?
З наступнай стыпендыі я сама купляю капялюш. Маленькі светла-карычневы капялюшык, упрыгожаны залацістаю шаўковаю стужкаю. На мой погляд — дык ён прыгажэйшы за Розін капялюш. (Вось каб толькі да яго яшчэ і паліто з футравым каўняром! Або няхай бы сабе і без каўняра — але каб новае…) Наступная хваля дзявочых здымкаў з нашага курса ідзе ўжо ў маім капелюшы. (Ага! «Выйшаў я ўпярод!»)
На гэты раз дома ў нас ідзе ўжо абмеркаванне адначасова і майго ўласнага капелюша і ўсіх маіх, разам з дарункамі, здымкаў.
I зноў, як і заўсёды, з прамовай выступае баба Іваніха.
— У печы можна выпаліць… — Гэта яна пра мае фотаздымкі — яны мігцяць ёй у вачах, гэтыя шубы і капелюшы, яна іх ніяк не можа адрозніць.