Выбрать главу

— А як жа ты думаў — і замуж спатрэбіцца, — сваё ўстаўляе баба Іваніха.

— Ёй яшчэ трэба пачаць і скончыць навуку — тады будзеце клапаціцца пра замуж! — ускоквае з месца Міша.

Я гатова ўсіх іх паразрываць за гэту гаворку, за гэты замуж: на чорта ён мне здаўся!

…Пашпарт я атрымліваю неяк вельмі будзённа: здаю тры фотакарткі, здаю метрыку і іншыя патрэбныя даведкі — і на трэці дзень атрымліваю кніжачку ў цубкай рудой (зусім не «краснокожей») вокладцы: «Пашпарт…»

Стыпендыю я больш не замыкаю — яна выцякае ў мяне, як вада скрозь пальцы… А вось на пашпарт — на чырвоны свой куфэрак — я вешаю замок! Не дай божа яму згубіцца ці трапіць у варожыя рукі!

У камсамол нас прымаюць зусім інакш. Спачатку мы падаём заявы ў камітэт камсамола. Потым на агульным камсамольскім сходзе расказваем свае біяграфіі. Потым, калі камсамольскі сход за нас прагаласуе і прыме ў свае шэрагі — тады мы ідзём яшчэ ў райкам камсамола на зацвярджэнне.

Райкам камсамола — утульны асабняк у зеляніне — стаіць, углыбіўшыся ў двор, па вуліцы Пралетарскай. З раніцы ў мяне калоціцца сэрца. Апетыту ніякага — я нават не іду абедаць у нашу студэнцкую сталоўку (сваё жыццё я падтрымліваю толькі булачкаю за пяць капеек…). Мяне не пакідае лёгкая дрыготка: а што, калі раптам райкам камсамола возьме ды не зацвердзіць мяне ў шэрагах камсамола?.. Скажуць — у яе дзядзька раскулачаны, яе стрыечнай сястры муж… Мне страшна нават думаць пра сваю радню… Праўда, гэтак жа хвалююцца і іншыя мае аднакурснікі: у Тоні Данілевіч таксама нейкія цёткі высланы недзе вельмі далёка (не то на Салаўкі, не то ў Котлас). I Валодзя Гурбо, як і я, жыве ў сваякоў — толькі яго бацькі высланыя… Амаль у кожнага нешта ёсць, амаль кожнаму сваякі не даюць жыцця… Толькі мая Шура Палявая чыстая, як шкельца: самая старэйшая сястра яе — настаўніца і замужам таксама за настаўнікам; сярэдняя сястра — настаўніца таксама. Гэта ж, тутэйшая сястра, — жонка камандзіра! Бацькі ў Шуры таксама дома, на месцы. Ёсць чаму пазайздросціць…

У райкам камсамола нас выклікаюць на шэсць гадзін вечара. Страх страхам, але ўсё роўна гэты дзень у нас — свята: у гэты дзень мы апранаем лепшыя свае строі, у гэты дзень усе мы, не як звычайна, прыціхлыя і ўрачыстыя… У райкаме чакаем яшчэ з гадзіну на калідоры. У зашклёнай вітрыне на сцяне — усё Палітбюро. I гэта вельмі дарэчы: хоць кожны і ведае склад яго назубок, а ўсё роўна паўтарыць не пашкодзіць. У райкаме нас чакаюць іспыты па палітграмаце.

У кабінеце сакратара райкама за чырвоным сталом сядзіць сам сакратар — хударлявы цёмнавалосы хлопец з камсамольскім значком на сацінавай касаваротцы, яшчэ нейкі хлопец з вясёлым позіркам і гэткім жа вясёлым чубам і яшчэ дзяўчына — таксама ў сацінавай сіняй сукенцы з белым мярэжаным каўнерыкам. Гэтыя абое таксама з камсамольскімі значкамі.

У кабінет нас выклікаюць па адным.

Перад чырвоным сталом у мяне падкошваюцца ногі.

— Раскажы сваю біяграфію.

Я паўтараю сваю біяграфію.

— Маладзец, што не спалохалася цяжкасцей і пайшла вучыцца далей. Нам патрэбны педагагічныя кадры на вёсцы, — хваліць мяне сакратар.

— Назаві склад усіх членаў і кандыдатаў Палітбюро, — гэтага патрабуе ад мяне хлопец з вясёлым позіркам і вясёлым светлым чубам.

А я іх толькі што ўсіх перагледзела ў твар на вітрыне! Склад Палітбюро я паўтараю, як табліцу множання.

— Якія грамадскія абавязкі выконваеш? — гэта пытанне задае мне дзяўчына ў сіняй сукенцы з белым каўнерыкам.

— З’яўляюся членам МОПРа, рыхтуюся здаць нормы ГСО і ПВХО…

— Вельмі добра, але я пытаюся, які ты ўдзел прымаеш у грамадскім жыцці свайго калектыву?

Калі казаць праўду, дык у грамадскім жыцці я не прымаю ніякага прыкметнага ўдзелу. Але калі топішся…

— Прымаю ўдзел у курсавой сценгазеце…

— А яшчэ? — гэта ўсё дзяўчыне хочацца ад мяне дзейнасці.

— Хопіць! Добра… Як, таварышы, вы лічыце: Ганна Гурновіч вартая быць у шэрагах Ленінскага камсамола?

— Вартая, чаму ж не! — весела і адразу ж згаджаецца з сакратаром светлы хлопец.

Дзяўчына маўчыць.

— Галасуем, значыць. Хто — за?

«За» галасуюць усе трое.

— Віншую цябе, Гурновіч! Ты прынята ў шэрагі Ленінскага камсамола! — урачыста паціскае мне руку сакратар райкама.

Я накіроўваюся за дзверы як п’яная.

— Пакліч наступнага! — загадвае мне ўслед сакратар.

У кабінет ідзе наступны.

Райкам камсамола мы не пакідаем да таго часу, пакуль не пройдуць усе да апошняга чалавека… Гадзіны за тры прапускаюць нас усіх, за выключэннем аднаго Рыгора Дарашэвіча. У Рыгора бацька сядзіць у турме. Хто ж яго прыме ў камсамол?