Выбрать главу

У інтэрнат мы вяртаемся позна вечарам. На вуліцы ўжо амаль не страчаецца людзей. Мы пабраліся за рукі шарэнгамі, заняўшы ўвесь брук, крочым сярэдзінаю Пралетарскай вуліцы.

— Запявай! — звонка камандуе Валодзя Гурбо.

I нехта з дзяўчат адклікаецца на яго каманду гэтак жа звонка і задзірыста:

Шагай вперёд, комсомольское племя, Шути и пой, чтоб улыбки цвели, Мы покоряем пространство и время, Мы — молодые хозяева земли…

Песню падхоплівае ўвесь строй.

Нам весела. Мы адважныя. I сапраўды ў гэты вечар як ніколі адчуваем сябе гаспадарамі нашага маленькага горада: «Мы — молодые хозяева земли!»

Познія пешаходы туляцца ў цень да сцен будынкаў: адкуль гэты паход і куды ён кіруецца?

Мы кіруем на нашу Калонію. «Ведь мы такими родились на свете, что не сдаёмся нигде и никогда!»

Гэта песня зусім нядаўна гучала на экране. З экрана яна перакінулася ў клубы і гурткі мастацкай самадзейнасці, адтуль выплеснулася на вуліцы і плошчы. Цяпер яе спявае кожны юнак і дзяўчына, спяваюць усе! Камсамольскі гімн. З ім на вуснах уступае ў самастойнае жыццё пакаленне камсамольцаў трыццатых гадоў!

Падаюць сняжынкі

Першыя крокі зімы. Цярушыць і тут жа растае першы сняжок. Санная дарога яшчэ не ўлеглася, у калёсах таксама ўжо не язда: ліпне снег. З дому мне наказалі абавязкова чакаць падводы ці саней.

Вось так непрыкметна, нібыта закружанае вірам, прамільгнула першае паўгоддзе і надышлі зімовыя канікулы. Наша Калонія раз’язджаецца па хатах — на санях, на фурманках, хто на чым здолее.

З раніцы сеецца спорны снег. Пад поўдзень ён ужо ладна засцілае зямлю. Пад вечар санная дарога хоць куды. Па дарозе з педвучылішча я паспяваю забегчы яшчэ ў магазіны: купіць гасцінцаў дадому (якраз і стыпендыю далі нам на канікулы). Мяне непакоіць — хто па мяне заедзе і ці заедзе. Начаваць у пустым і халодным інтэрнаце (у нашым пакоі ўжо нікога не засталося) няма ніякай цікавасці.

…На Калоніі, якраз пад вокнамі нашага пакоя, стаіць, я бачу, Каштанка, наша, даручаная калгасам, кабыла. Каштанка запрэжана ў вішнёвы вазок (вазок яшчэ майго дзядзькі Мікалая). На вазку сядзіць нейкі мне зусім не знаёмы хлопец… Можа, гэта не Каштанка і, можа, гэта не дзядзькаў вазок? Але кабыла, пазнаўшы радню, падняла ад посцілкі з сенам галаву і коратка павіталася са мною: «І-і-г!..» Каштанка! Я падышла б да яе абавязкова пагладзіць добрую разумную галаву, змахнуць снег з грывы, але ж гэты хлопец сядзіць… Я подбежкам, пазбягаючы недаўменнага Каштанчынага позірку, шмыгаю на ганак інтэрната.

— Яна сабе недзе ходзіць, а мы яе тут чакаем цэлую гадзіну, — гэта наш сусед Ігналь. Ён сядзіць на халодных жалязяках майго, пустога ўжо, ложка.

— Добры дзень… Я толькі ў магазін забегла…

— Добра забегла. Дубовік, настаўнік, там мо адубеў, седзячы.

Ах, дык вунь хто гэта — настаўнік… А я яго яшчэ ні разу не бачыла дома!

— А чаму ж ён не зайшоў з вамі ў пакой?

— У гэтым тваім пакоі таксама хоць сабак ганяй. Але ўсё ж… Я папрасіўся, дык мне тэхнічка дазволіла…

— З нашага пакоя паехалі ўжо ўсе.

— Я бачу, што паехалі… Дык і ты, дзеўка, хутчэй збірайся, ды едзьма…

— Я звечара яшчэ сабралася. Я хутка…

— Я ж кажу, а то настаўнік там зусім здубянее…

(Дзівак нейкі сапраўды — сядзіць на холадзе…)

— Дык няхай бы ж зайшоў!

— Саромеецца, мусіць: тут жа ў вас гэтулькі дзявок маладых.

— Падумаеш, гэткі сарамяжлівы.

Мы з Ігналем нясём мае рэчы на вазок. I дзіўна: самой мне чамусьці таксама сорамна робіцца: і клумкаў маіх, і гэтага чырвонага майго куфэрка. Каб хаця не сядзеў у вазку гэты настаўнік…

— Ну, як вы тут, настаўнік, не змерзлі? — збірае з-пад ног у Каштанкі сена Ігналь.

— Што вы — цёпла! — чырванее настаўнік. Ён у кароценькім паліцечку, у зімовай шапцы. На нагах скураныя чаравікі. Наўрад ці ўжо гэтак яму цёпла.

— Цёпла, то і добра, — згаджаецца Ігналь. — Маладому і мне было цёпла.

— А то ўжо вы гэтакі стары… — нешта ж трэба ўсё-такі гаварыць.

— Пасаджу я вас, як маладых, у задку, — і сапраўды саджае мяне поруч з настаўнікам на задняе сядзенне Ігналь і закідвае нашы ногі ахапкам сена: — А то адляцяць, пакуль даедзем дадому…

Мы з настаўнікам не ведаем, куды дзецца. I без сена горача… Ігналь забірае лейцы, садзіцца сам у перадок, кратае з месца Каштанку:

— Ну, з богам.

— А чаму гэта вы на нашай Каштанцы?

(Можа, хоць яна, Каштанка, выратуе нас.)