Выбрать главу

— А чаму гэта я павінен вазіць цябе на сваім Мальчыку? — Мальчык — даручаны Ігналеў конь.

— Дык вы ж не толькі мяне…

— Не толькі цябе. На Мальчыку сёння бабы да ветрака паехалі.

Хутка і Каштанка з Мальчыкам нам не памога… Змаўкае Ігналь. Маўчым, як рыбы, і мы з настаўнікам. Маўчання гэтага першы не вытрымлівае Ігналь:

— Што гэта вы маўчыце, моладзь, усё роўна як старыя… Гаварылі б пра што-небудзь.

— Пра што вам гаварыць?

— Сабе гаварыце…

— У вас да якога канікулы? — упершыню звяртаецца да мяне настаўнік. (З выгляду ён яшчэ зусім хлапчук — які з яго там можа быць настаўнік?)

— Да адзінаццатага.

— I ў школах таксама да адзінаццатага.

I мы змаўкаем зноў. Змаўкаем надоўга і безнадзейна.

— Глядзі, як сыпле. Усё роўна як з меха… — зноў стараецца вынырнуць Ігналь. — На тым тыдні, калі дарога ўляжацца, лес пачнём вывозіць. Канюшню новую калгас маецца з вясны будаваць… Няхай сыпле… — закурвае Ігналь.

I праўда: снег кружыць, іскрыцца. Снег засыпаў Ігналеў каўнер на кажусе, засыпаў настаўнікаву шапку. Ён сеецца нам на бровы, на вейкі. Павекі робяцца цяжкія — маргнеш, і яны апахнуць табе шчокі смяшлівым халадком…

Падаюць сняжынкі, Дыяменты-росы, Падаюць бялюткі За маім акном, Расчасалі вішні Шоўкавыя косы I ўранілі долу Снегавы вянок…

Гэта настаўнік не вытрымаў, загаварыў вершамі Паўлюка Труса. I я ведаю на памяць амаль увесь «Дзесяты падмурак» — уступ да яго мне здаецца вяршыняй паэзіі…

Дзесьці ў прасторах Празвінелі бомы, Дацвілі пялёсткі Нечае тугі… I, здаецца, зноўку Еду я дадому Пераведаць родных, Блізкіх, дарагіх…

— Гэта пра вас, — усміхаецца мне настаўнік.

— I праўда: як быццам і сапраўды пра мяне.

Зноў зіма паслала Снежныя кілімы, Зажурыла беллю Паплавы, лугі. I прыходзіць радасць У красе маўклівай. Адплываюць хвалі Смутку і тугі…

Гэтыя радкі мы паўтараем ужо ўдваіх… Паўтараем ціха, зладжана, быццам яны напісаны таксама пра нас дваіх.

— Вось бачыце, і разгаманіліся, — падахвочвае нас Ігналь.

— А мы мяркуем пастаноўку ставіць, — паведамляе мне настаўнік.

— Пастаноўку? Якую? Дзе?

— У школе паставім. Я думаю «Прымакоў» Купалы паставіць. Нямнога дзеючых асоб. На першы раз…

— А хто ж будзе ўдзельнічаць?

— Як хто? А хіба мала знойдзецца і студэнтаў, і старэйшых вучняў.

Збярэцца і праўда нямала.

— Вось возьмем і прапануем вам Кацярынку…

— Што вы! Я не ўмею…

— Ніхто не ўмее. У нас жа няма артыстаў. Усе будуць пачынаць.

— Гэта вы добра, настаўнік, прыдумалі. Нешта ў нас даўно моладзь аціхла… Некалі яшчэ мы, калі маладымі быўшы, ставілі, з таго часу і няма нічога…

— Будзе! У гэтыя канікулы паставім, — цвёрда абяцае настаўнік.

— Калі ж мы паспеем? — мяне гэта таксама ўжо захапіла.

— А вось заўтра днём усе і збяромся. Якраз нядзеля.

— Нешта не верыцца…

— Без веры нічога не будзе.

Не, ён не такі ўжо ціхі і сарамяжлівы, гэты настаўнік. I не такі маўчун. У яго прыемны твар. Нават вельмі прыемны…

— Ну як, моладзь, пагрэемся? — пытаецца ў нас Ігналь і саскоквае з вазка. — Ногі, халера на яго, зайшліся… Давайце і вы, настаўнік…

Услед за Ігналем саскоквае з вазка і настаўнік. Для настаўніка то ён сапраўды шчуплаваты. I ростам не вельмі ўдаўся… Ігналь і настаўнік, пабраўшыся за білы, бягуць абапал вазка. Каштанка як трухала, так і трухае па мяккай дарозе.

— Далучайцеся да нашага кросу! — смяецца да мяне настаўнік.

У мяне ногі таксама добра змерзлі — колькі там таго цяпла ад тых бурак, пашытых са старога сукна… I я саскокваю з вазка. От, гэта і сапраўды крос! Сапраўды «парылка», як кажа Ігналь. Хвілін якіх праз дзесяць мы садзімся ў вазок ужо распараныя, як у добрай лазні.

— Вучыцеся, моладзь, як трэба жыць на свеце! — задаволена павяртае да нас чырвоны потны твар Ігналь. — А то памерзлі б, як мышы…

— Мышы, дзядзька, якраз і не мерзнуць, — кажа настаўнік.

— Як у нары, — не здаецца Ігналь. — А пасадзі яе вось гэтак, як нас з вамі, на вазку, ды абуй у такія чаравікі, як у вас, настаўнік…

Мы з настаўнікам уяўляем сабе, як едзе вось гэтакі вазок, а на ім расселіся мышы, і ўсе ў чаравіках…

Нам весела.

— То-та ж! — зноў дастае з кішэні тытунь і закурвае Ігналь. — Я вас сёння дамчу дадому пад першы сорт!