Выбрать главу

— Бывайце, — так я і не ступіла далей парога.

— Бывайце, — кажа настаўнік і працягвае мне другую кніжку. — Вазьміце вось гэта. I толькі не разгортвайце дома… Добра?

— Добра…

— Разгорнеце тады, калі прыедзеце ў інтэрнат… Абяцаеце?

— Абяцаю…

I я выбягаю на школьны ганак. Маё сэрца вось-вось выскачыць з грудзей і разаб’ецца на друзачкі… Я прыціскаю яго да кніжкі, якую толькі што даў мне настаўнік Дубовік. I бягу, бягу колькі сілы цераз дарогу да свае хаты. I толькі тут, на парозе, спыняюся.

У небе, на срэбным чаўне, плыве задуменны поўнік. На вуліцы і ў вокнах хат ціша і сон… Я чую, як скрыпнулі школьныя дзверы, як паспешлівыя крокі збеглі з ганка… Што рабіць? Што рабіць?! Мае нябачныя крылы ўзнімаюць мяне з месца і нясуць у дзверы сваёй хаты.

— Бр-р-разь!

На небе

У хаце сон і ціша. Прыкручаны кнот у лямпе. Ледзь мігае сляпы агеньчык. Дзеці і сястра Саша, усе трое, спяць на адным ложку. Баба Іваніха пахрапвае на печы. Мой ложак засланы. Ён чакае мяне. Але хіба я здольна легчы і спаць… Хіба я засну? Я намацваю на комінку запалкі, у кутку на паліцы намацваю газоўку і, як злодзей, выкрадваюся з цёплае хаты.

— Гэта ты, Ганька? — пытаецца баба Іваніха.

— Я зараз… — шапчу я і нячутна прыціскаю клямку з сянец… I на дыбачках, цераз сенцы, крадуся ў новую хату. Пахне сухім халодным зернем і мышамі, пахне яблыкамі і яшчэ нечым, чаму і назвы не знойдзеш. Зімою тут не ступіць: уся хата застаўлена дзежкамі, ліпоўкамі, ліповачкамі — са збожжам, з мукой, з ільняным семем, сушанымі яблыкамі… (Куды падзелася ўсё маё летняе старанне, усе мае ўборы і хараство?) Ля самых дзвярэй старчма стаіць сяннік — мая інтэрнацкая пасцель на наступныя паўгода. У цемры я чапляюся за сяннік — і ён пляскаецца на падлогу (каб ты згарэў!). Я чыркаю запалкай — і трапяткое святло выхоплівае з цемры кодаўбы і дзежачкі пасярод хаты… На вокнах мярцвеюць сухія мушкаты — забылі за цяплом перанесці ў тую хату, і мушкаты памерзлі. А якім вясёлым полымем шугалі яны ў мяне ўсё лета!.. Іншы раз за гэтыя мушкаты я пазагрызала б усіх хатніх — сёння мне не да іх. Я нават не заўважаю іх, як наогул вакол сябе нічога не заўважаю. У руках у мяне кніжка «Выбраныя вершы» А. С. Пушкіна… Я дала слова, дала абяцанне, што не разгарну яе, аж пакуль не прыеду заўтра ў інтэрнат… Я трымаю яе ў руках… Разгарнуць ці не разгарнуць… Стрымаць сваё слова ці не стрымаць? А вы самі стрымалі б яго? Вы самі вытрымалі б да заўтра?

Выбраныя вершы… Я ліхаманкава гартаю іх. У цьмяным бляску газоўкі мітусяцца старонкі і радкі пушкінскіх вершаў… «Духовной жаждою томим…», «Исчезли юные забавы…», «И с каждой осенью я оживаю вновь!..» Далей! Далей!.. I вось нарэшце!

Я помню чудное мгновенье. Передо мной явилась ты, Как мимолетное виденье…

На гэтай старонцы я знаходжу канверт! Маленькі зграбны канверт з блакітнай акаймовачкай. Канверт моцна заклеены клеем. Разарваць яго — дык як тут павернецца рука рваць такое хараство?.. А тут жа, пад рукою, няма ні нажніц, ні нажа. I ў тую ж хату па іх не пойдзеш. Не хапала, каб усе паўстоўкваліся і паўставалі. Застаецца толькі асцярожненька, асцярожненька абгрызці канцік канверта… А ў канверце!.. На гладкім глянцаваным аркушыку, у рамачцы, намаляваны фарбамі партрэт незнаёмай мне красуні. На адваротным баку партрэта найпрыгажэйшым почыркам — прапісныя літары з дзівоснымі вусікамі і завіткамі — прысвячэнне: «Анне»… (Анне — гэта значыць, мне!) Вось яно:

Чакаю я з табою стрэчы. Пакутую ад нематы. Гляджу на зоркі кожны вечар… Ці прыйдзеш ты? Ці прыйдзеш ты?!.

Божа мой! Гэта мне?. Я перачытваю вершы раз, другі, трэці… Я вывучваю іх на памяць. Я паўтараю іх ужо з заплюшчанымі вачыма. Міжвольна параўноўваю з пушкінскімі вершамі. I гэтыя мне здаюцца лепшымі… Яны прысвечаны мне!

Спаць кладуся я далёка за поўнач. Зноў варочаецца на печы баба Іваніха.

— Чаго гэта ты сёння не заснеш усю ноч? — сама яна ўжо выспалася — колькі таго сну трэба старому, заклапочанаму чалавеку. А тым часам дзяруць горла ўжо другія пеўні.

— Я сплю… — прытвараюся соннаю, а ў самой і блізка няма таго сну.

Ну як заснуць? Як заснуць?.. «Ещё недавно мир был так хорош… Но всё равно ты не придёшь… Не придешь… Духовной жаждою томим… И шестикрылый серафим… Как мимолетное виденье…»

Скажыце, а вы заснулі б?..

На зямлі

Хочаш не хочаш, але калі ты ўзяўся спаборнічаць, ды яшчэ ўсім курсам, то тут табе ўжо ніхто спуску не дасць. Зрыўшчыкаў сацыялістычнага спаборніцтва ніхто не пацерпіць.