I мы спаборнічаем: здаём нормы на значкі ГТО («Готов к труду и обороне»), ВС («Варашылаўскі стралок»), страляем з малакалібернай вінтоўкі. Здаём… Толькі не я: я ніяк не магу пацэліць у «яблычка», усе мае кулі ляцяць «па малако»… Вось табе і сцебель, грэбень, рукаятка!.. Састаўныя часткі затвора — іх я пералічу, хоць разбудзі мяне сярод ночы. «Варашылаўскага стралка» мне не бачыць як уласных вушэй… А дарэмна: мне трэба толькі зайсці да доктара-акуліста і папрасіць выпісаць мне акуляры (я блізарукая з маленства). I тады палі з чаго хочаш, хоць з бярданкі, хоць з кулямёта ці нават з гарматы…
Але я хутчэй згаджуся памерці, чым надзець акуляры.
А праз мяне церпіць увесь курс. Нібы камень на шыі — цягну я ўніз агульныя дасягненні і поспехі… Праўда, я стараюся на занятках ГСО («Готов к санитарной обороне») і ПВХО («Готов к противовоздушной химической обороне»). Цераз плячо процівагаз. Нам не страшны ніякі вораг, няхай толькі сунецца, мы ўзброены да зубоў… На грудзях у мяне апрача значкоў ГСО і ПВХО яшчэ прыколаты значок МОПРа. Кожны месяц плачу я (і мне наклейваюць маркі) пяць капеек у фонд міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам. Мае ўзносы памагаюць гуртавацца міжнароднаму рэвалюцыйнаму руху. Недалёкі той час — кожны ў гэтым перакананы, — калі міжнародны пралетарыят з’яднае свае шэрагі і пераможа сваіх уладароў-капіталістаў. Гэтак, як перамог пралетарыят у нашай краіне…
I, вядома ж, да маіх грудзей прымацаваны камсамольскі значок. Я нават выбрана членам камітэта камсамола нашага педвучылішча. А ў галаве гэтага члена цяпер зусім іншае: каб толькі хутчэй дачакацца каля акна на калідоры стрэчы з настаўнікам Дубовікам… Праўда, стрэчы гэтыя хутчэй нагадваюць гульню ў пошту: не столькі тае гаворкі, як кожны з нас хутчэй імкнецца перадаць другому вынашаную і напярэдадні каліграфічна перапісаную пакуту сэрца за тыдзень… Настаўнік Дубовік выказвае яе вершамі. Сама я здольна толькі на сумную прозу… (Муза мая чамусьці ад мяне адступілася.) Ужо і дзяўчаты ўсе ведаюць (і бачаць, бачаць!) пра гэтыя стрэчы і пасланні. Ужо і выкручвацца няма як (ды, кажучы па праўдзе, і не хочацца выкручвацца). Каханне… Як у Тані Мялешкі, як у Шуры Палявой. Ад яго няма спакою, няма сну, а самае галоўнае — няма вялікага старання да навукі… Каханне робіць дзіва з маім жыццём. Робіць яго незвычайным, уздымае і нясе мяне на крылах. Усё вышэй і вышэй над зямлёю! Нават няма калі заўважыць, што на гэтай грэшнай зямлі грэецца ўжо ласкавая вясна, а ў дзверы педвучылішча ўжо настойліва грукаюць іспыты… Хто ім рад? Але куды ты ад іх дзенешся?
Так, у педвучылішчы мы больш за ўсё баімся іспытаў па фізіцы. Корчык бязлітасны!
«Калі я пастаўлю студэнту „здавальняюча“, значыць, я абкраду дзяржаву…» — вось закон яго існавання. I таму Корчык ставіць студэнту «нездавальняюча»… Тады ён дзяржавы не абкрадае — тады студэнт ужо не атрымлівае ў дзяржавы шэсцьдзесят рублёў стыпендыі.
Гэтай вясной у педвучылішчы здараецца падзея, якая ўскалыхвае ўсе курсы ад першага да трэцяга. Недзе за месяц да экзаменаў нейкія тры змрочныя постаці ў чорных масках заступаюць вузенькі хісткі Чортаў мосцік якраз у тую пару, калі Корчык вяртаецца позна вечарам, з другое змены, з апошняе лекцыі. Корчык хоча размінуцца, але маскі абступаюць яго з трох бакоў.
— Рукі ўгору!
Пад пахай у Корчыка бітком набіты партфель — у гэты дзень якраз ён даваў трэцяму курсу кантрольную, прысланую з Наркамата асветы.
— Рукі ўгору!
Партфель ляціць у чорную бездань. Ён не зашпілены, і з яго вылятаюць вялікія белыя матылі — кантрольныя. Белыя матылі кружаць у цемры, паволі падаюць на ваду, паволі адплываюць…
Ніхто не ведае, што было далей, якая гаворка адбылася ў той вечар на Чортавым мосціку. Назаўтра Корчык на заняткі не з’явіўся. Ён захварэў. Не з’явіўся ён і на другі дзень. А на трэці дзень у курсавым журнале з’явіліся адзнакі па апошняй кантрольнай па фізіцы… Усе работы былі толькі добрыя!
У сувязі з гэтай падзеяй, мусіць, таму гэтак шанцуе на іспытах і Валодзю Гурбо. Валодзя не здае фізіку разам з усім курсам — у яго памерла цётка. Здаць іспыты дырэкцыя дазволіла яму асобна. А сам Корчык запрашае Валодзю прыйсці здаваць іспыты ў яго дома. Няшчасны ідзе… I што ж? Корчык страчае Валодзю ў садзе, у плеценым крэсле, пад густой ліпаю. Тут жа ў цяньку стаіць невысокі, круглы стол, а на ім падрыхтаваны ўжо ўсе прылады для катавання: чарнілка, ручка, наглянцаваны аркуш паперы… Корчык запрашае Валодзю садзіцца да стала. Валодзя — яго ўжо няма жывога, ад яго толькі цень — сядае.