Корчык распытвае Валодзю пра здароўе, выказвае яму сваё спачуванне ў няшчасці і нарэшце задае для прыліку некалькі пытанняў па фізіцы. Валодзя паступова адходзіць, нешта спрабуе нават адказваць на Корчыкавы пытанні. Корчык вуснымі Валодзевымі пытаннямі задаволены… Застаецца рашыць задачу. Корчык дыктуе ўмову задачы, Валодзя запісвае ўмову на глянцаваным аркушы і зноў жа спрабуе нешта рашаць…
У гэты час з’яўляецца з падносам служанка. На падносе чайнік, два кубкі, цукарніца, пячэнне. У Валодзі ад нечаканасці сутарга зводзіць руку. А Корчык сам бярэ ў служанкі кубкі і сам разлівае чай…
— Задача нікуды не дзенецца, а вось гарбата астыне, — падсоўвае ён Валодзю кубак духмянага пітва.
У Валодзі зводзіць і другую руку.
— Прашу вас, малады чалавек…
— Я яшчэ не скончыў задачу… — не ведае, што яму рабіць, вучань.
— Задача не воўк, у лес не ўцячэ, — супакойвае вучня настаўнік.
Задачу адсоўваюць убок. Пачынаецца чаяпіцце.
Адзнаку па фізіцы Валодзя атрымлівае выдатную.
Валодзевы іспыты робяцца легендаю педвучылішча.
Начны матылёк
Мне ўжо ўсё вядома. Мне толькі трэба вырашыць самой: ісці ці не ісці. Мне толькі трэба самой, на ўласныя вочы, упэўніцца: так ці не так?
I хоць самаю глыбінёю душы я адчуваю, што ўсё так. Усё так… А зрабіць з сабою не магу нічога… Усё-такі пайду. Пайду…
I я пачынаю апранацца. Мусіць, толькі перад смерцю, калі б толькі чалавек здольны быў збіраць сябе ў сваю апошнюю дарогу, мусіць, толькі тады ён адчуваў бы гэтакі сум развітання з жыццём. З мілым, дарагім жыццём, якое яму ўжо больш не належыць…
З гэтакім настроем я збіраюся на вечарынку… Мне б, каб на разумную галаву, зусім не трэба было б ісці на гэту вечарынку: навошта? Але і навошта дазваляць людзям лічыць мяне за няшчасную?.. Я не буду няшчаснаю. Я буду вясёлаю. Буду весялейшай нават, чым заўсёды.
Дарэмна гэтак старалася Анюта шыць мне новае плацце, дарэмна цешылася, як пашыла: «Ты ў нас цяпер як сапраўдная гарадская. Твой настаўнік…»
Няма ў мяне ніякага «майго настаўніка». I ніколі яго не было… На сцяне, поруч з люстрам, вісіць толькі дарунак настаўніка Дубовіка: Сталін трымае на руках Мамлакат Нахангаву з букетам кветак… У Сталіна такі добры бацькоўскі позірк, і чарнакосая маленькая ўзбечка абняла яго за шыю гэтак даверліва… Гэта для мяне, каб упрыгожыць нашу хату, маляваў настаўнік Дубовік Сталіна з баваўнаводкай Мамлакат Нахангавай зімою, пасля купалаўскіх «Прымакоў». А цяпер ён ужо малюе не мне. Заброцкай Веры намаляваў настаўнік Дубовік дыван на сцяну: цяпер пра гэты дыван з аленем на ўзлеску гаворкі на ўсю вёску: гэтакае хараство!.. Праўда, і Вера слаўная дзяўчына…
З расчыненых акон школы ў вокны нашай хаты льецца задуменны вальс «Дунайскія хвалі». Іграе на гармоніку Павел Корбут — мой далёкі сваяк, закаханы ў Анютку Корбутаву. Мы ўсе завём яго Анютчыным жаніхом. Сама Анютка — светлыя валасы яе коцяцца хвалямі па плячах — кружыцца ў вальсе з Вадзімам Адамавым (Вадзіму яна таксама падабаецца). Танцуе Анютчына сястра Вара, танцуюць абедзве Надзі — Паўлава і Ларыёнішына, — яны абедзве танцуюць з таліцкімі хлопцамі. I раптам на сярэдзіну круга выплывае яшчэ адна пара… Першае, што паспяваю я адзначыць, — гэта ганарыста прыўзнятую, асветленую задаволенаю ўсмешкаю, прыгожую галоўку дзяўчыны. У хлопца кідаецца мне ў вочы чамусьці толькі адкладны белы каўнер сарочкі. Як ён сам глядзіць на дзяўчыну — гэтага я не бачу: новая пара знікла ў крузе…
Я не бачу, я ўсёй сваёй істотай адчуваю толькі, як перашэптваюцца нечага, убачыўшы мяне ў парозе, жанкі, што сядзяць на ўслонах уздоўж сцен. Як ківаюць яны адна адной, паказваючы то ў мой бок, то ў бок пары, што зноў кружыцца пасярэдзіне круга…
Нарэшце вальс знемагае. «Кавалеры» вядуць «паненак» да месца. «Паненкі» тоўпяцца ўсе гуртам каля расчыненага на двор акна. У мяне быў крос у педвучылішчы, і таму я прыйшла на выхадны дадому позна і спазнілася на вечарынку. Таму я павінна падысці да гурту, павінна з усімі павітацца… Такі няпісаны закон вясковага этыкету.
…Мне весела. Я ледзь не бегла — гэтак спяшалася на вечарынку. I таму гэтак весела і бесклапотна вітаюся я са сталымі жанкамі, з дзяўчатамі… Працягваю руку Веры Заброцкай. (Якая яна сёння прыгожая!) Вера адказвае мне на вітанне, стрымана ўсміхаецца: гэта я адчуваю сябе нібыта на распаленай скаварадзе, а ў яе перада мною няма ніякае віны. Яна мне можа сёння нават паспачуваць.
У каханні няма віноўнікаў: у каханні ёсць перамога і забыццё.
На наступны танец мяне запрашае мой сваяк Павел Корбут. Свой гармонік ён аддаў і самому ахвота патанцаваць. (Праўда, Анютка паспела ўжо зноў з некім павіхрыцца — ёй не трэба чакаць хлопцаў — яны выбіраюць яе адзін перад другім.) Настаўнік Дубовік і Вера Заброцкая зноў танцуюць разам. Са мною «мой настаўнік» нават не павітаўся…