Выбрать главу

— Слухай, Ганька, што гэта азначае? — пытаецца ў мяне Павел і выразна паказвае ў бок Дубовіка і Веры. Ён лічыць, што, карыстаючыся правам сваяка, можа лезці мне ў душу разам са сваімі наваксаванымі ботамі…

— Што — што азначае? — мне хочацца гэтага дурня паслаць к чорту. Але ж людзі вакол.

— Чаму гэта твой Дубовік не выпускае Заброцкай з рук?

— Чаму гэта ён мой?

— Ну, не прыкідвайся… I гэта — глядзі якая!

— А табе што да гэтага? Ты глядзі на сябе!

У гэты час якраз кружыцца паўз нас Анютка Корбутава. I зноў з Вадзімам. Анютка размахвае шаўковым шалікам так, каб абавязкова зачапіць нас з Паўлам. Павел імкнецца наўздагон Анютцы.

— Ну цябе! — кідаю я Паўла. — Адтаптаў мне ўсе ногі… — і прыкідваюся, раблю выгляд, што я не магу ступіць, кульгаю — гэтак ступіў ботам мне на нагу Павел.

— Вось кавалер! — смяюцца ўслед нам жанкі (нібыта без іх не абышлася б гэта вечарынка).

Я кульгаю мацней…

— Схаджу дадому, пагляджу нагу…

— Гэта ж трэба! — спачуваюць мне жанкі.

— Давай я цябе правяду, — шчыра бянтэжыцца мой сваяк.

— Я сама… Я сама… Танцуй.

I я бягу дадому.

…У хату, у расчыненае акно, заляцеў начны матылёк. Ён трапечацца, б’ецца ў лямпавае шкло, спальвае на агні кволыя крыльцы. Усяго і жыцця ў яго — адзін толькі дзень. I вось прамільгне ён, гэтакі трапяткі і прыгожы — і няма, як і не было…

Я падаю на ложак, на падушку, закрываюся з галавой.

Прафшкола

I вось мы ўжо студэнты другога курса. Вось мы ўжо і — прафшкола. Пасля няўтульнай калоніі прафшкола здаецца нам царскімі палацамі. Новы наш інтэрнат нагадвае сабой сапраўдны студэнцкі гарадок. Сюды не заедзеш і не зойдзеш без пропуска — не пусціць дзяжурны. Прафшкола мае ўласную танцпляцоўку, а гэта азначае, што тут пануюць і свае жалезныя законы (паспрабуй прайсці сюды чужак, з горада, на танцы!). Нарэшце прафшкола мае і сваю ўласную, можна сказаць, цётку Розу, якую, дарэчы, тут ніхто інакш не заве, як «Халвою». «Халва» — крамка з выгляду вельмі падобная на шпакоўню — сапраўдная крыніца існавання студэнцкай браціі. Нават не маючы капейкі за душою, студэнт заўсёды атрымае ў цёткі Розы крэдыт пад стыпендыю — сто грамаў халвы, ці няхай сабе бутэльку морсу, ці кухан, пасыпаны макам.

Прафшкола стаіць над рэчкай і весела хаваецца ў густой зеляніне бэзу і старых прысад. За спіною ў яе — старыя яўрэйскія могілкі. Тут напышлівы мармур помнікаў, прыдбаных яшчэ некалі да рэвалюцыі багатымі гандлярамі, адапхнуў у глушыню жоўтых акацый убогія камяні і пахілыя драўляныя слупкі яўрэйскай беднаты. Гэту наглядную класавую няроўнасць узброеныя да зубоў палітграматай студэнты і студэнткі педвучылішча топчуць літаральна нагамі: дзяўчаты слізгаюць на люстраных венецыянскіх плітах факстроты, хлопцы практыкуюцца рабіць на іх «стойку»… (Вайна багаццю!)

Яшчэ могілкі вельмі прыдаюцца прафшколе на рамантычныя спатканні. Няма таксама лепшага схову і цішыні, як тут, і ў час іспытаў: кожны, самы нават забыты, бугарок клапатліва падсцеле табе зялёную хусцінку муравы.

I наогул прафшкола — гэта прафшкола. Гэта табе зусім не тое, што нейкая там абшарпаная Калонія… I сапраўды студэнтамі па-сапраўднаму мы пачынаем адчуваць сябе толькі тут, у прафшколе. Да таго ж як ні кажы, а другі курс. У наступным годзе — мы ўжо выпускнікі… З прафшколы і ў педвучылішча хадзіць напалову бліжэй, чым з Калоніі: цераз Чортаў мосцік (вузенькі, гарбаты, з адною толькі парэнчаю цераз рэчку), цераз Летні сад (грамадская думка горада сцвярджае, што наш Летні сад — другі пасля Летняга саду ў Ленінградзе).

Зусім пад бокам у прафшколы і славутая «Зорка» — гарадскі кінатэатр, дзе кожны тыдзень круцяцца новыя фільмы.

Сердце — тебе не хочется покоя… Сердце — как хорошо на свете жить… Сердце — как хорошо, что ты такое… Спасибо, сердце, что мы умеешь так любить…

З ранку да позняй ночы, куды ні пайдзі, сіпяць на слупах і сценах чорныя папяровыя рупары. Спявае Леанід Уцёсаў. Любімец публікі… На «Вясёлых рабят» горад валіць валам. Прафшкола, вядома, наперадзе.

…Неўзабаве разліваецца «Волга-Волга» — па гарадах, па мястэчках, па ўсёй краіне. Тут ужо гледачоў палоняць Ігар Ільінскі і Любоў Арлова. Затым грыміць «Цырк». I зноў разам з ёю, з праслаўленай Арловай, здаецца, уся наша бязмежная Радзіма калыша на добрых клапатлівых руках чорнае негрыцянскае хлапчанё: «Спі, мой бэбі…»