Выбрать главу

Ідэя братэрскага інтэрнацыяналізму разам з калыханкай Арловай гучыць у кожным сэрцы непадробна і шчыра. Спі і расці дужым, маленькі чорны брат…

…Каля «Зоркі» ў прыстойным зялёным буданчыку, як і належыць, прадаюцца воды і піва. Перад пачаткам сеансаў у піўны буданчык не прабіцца. У прадаўшчыцы няма хвіліны азірнуцца: усе даюць наперабой грошы, усе хочуць піць, усіх паспей напаіць да сеанса. Ад пацёртых рублёвак і траячак на нейкі момант яна толькі адрознівае шоргат новенькае ружовае трыццаткі. I трыццатка атрымала піва і рэшту… Дзякуй богу, званок — перадыхнуць якое паўгадзіны, прыбраць грошы і прылавак. А там зноў пачнецца… I прадаўшчыца бярэцца за грошы: рублёўкі да рублёвак, траячкі да траячак… I зноў увага яе на нейкі момант звяртаецца на трыццатку. Зусім новенькая, толькі з банка, відаць… Мусіць, у студэнтаў сёння стыпендыя (студэнтаў адрозніваць навучылася яна ўжо з першага позірку: іх не зблытаеш ні з кім). Па выпрацаванай звычцы прадаўшчыца машынальна глядзіць храбусткую трыццатку на святло. Круціць яе і так і гэтак… А божачка! Падробленая! Няма вадзяных знакаў… Гвалт!

…Уладальнікаў трыццаткі прадаўшчыца назаўтра пазнае. Яна іх, як адчувала ўсё роўна, і ўчора прыкмеціла (як не прыкмеціць жанчыне прыгожага хлопца?..). Вось гэты невысокі, са светлым тварам, падаваў ёй трыццатку, а худы чарнявы браў рэшту… Яна яшчэ спытала ў светлага: «Вы разам?» — «Мы — заадно…» — са смехам адказаў ён ёй. Смеючыся, яны і падаліся на вуліцу. Яна гэта добра памятае.

Уладальнікамі новенькай трыццаткі аказваюцца студэнты нашага педвучылішча, нашае прафшколы знакамітыя мастакі Кулікоўскі і Раманоўскі. Яны і самі не адмаўляюцца: трыццатку намалявалі, каб праверыць свае мастацкія здольнасці: пазнаюць ці не?

Раманоўскага і Кулікоўскага (яны лепшыя студэнты) бярэ на парукі педвучылішча, і суд прысуджае ім толькі па году ўмоўна.

Халва

«Халвой» мы завём цётку Розу, якая гандлюе ў крамцы на рагу вуліцы поруч з нашай прафшколай. Цётка Роза выключны чалавек: яна ведае кожнага студэнта ў твар і не памятае ніводнага нашага сапраўднага прозвішча. I таму ўсе мы ходзім у гучных літаратурных імёнах. Вось як гэта выглядае.

Апошнія дні перад стыпендыяй. Уся прафшкола вытрасла ўжо свае кішэні, і студэнцкае жыццё, за нязначным выключэннем, перабіваецца выключна ў крэдыт. Наш другі курс займаецца на другую змену — і гэта, вядома, дадатна ўплывае на нашы кашалькі: хто спіць, той есці не просіць. I таму мы спім — хто даўжэй… Аднак колькі ні спі — адзін раз да заняткаў пад’есці трэба…

— Дзяўчаткі, у каго ёсць адзінаццаць капеек? — прыадчыняе дзверы з суседняга — прахаднога — пакоя ў наш Таня Мялешка (адзінаццаць капеек каштуе бутэлька морсу).

— У мяне ёсць пустая бутэлька… — з пасцелі яшчэ, з падушкі, узнімае галаву Саша Прышчэпа. Яна ў нашым пакоі складае выключэнне, яна ў нас самая заможная: у Сашы старэйшыя брат і сястра настаўнікі, а брат нават дырэктар школы. Саша кожны месяц атрымлівае добрую падмогу. Не дзіўна, што на мінулым тыдні яна выкінула з тумбачкі ладны кавалак сала: ёй тое сала здалося ёлкім.

— Можна ўзяць? — пытаецца Таня.

— Вазьмі. Толькі скажы Халве: Карэніна здала. Няхай выкрасліць.

— Добра, скажу. — Таня з бутэлькай знікае. Праз хвіліну ў адчыненае акно мы ўжо чуем яе голас на дварэ. У самым найлепшым настроі Таня шыбуе на рог вуліцы да Халвы.

Живём мы весело сегодня. А завтра будет веселей!

Таня без спеваў не ступіць ні кроку.

На Танін стук у акенечка высоўвае са свае крамкі-шпакоўні ўскалмачаную галаву (яна не носіць хусткі) цётка Роза.

— Добры дзень, цётка Роза!

— Добры дзень.

— Цётка Роза. Карэніна перадала пустую бутэльку, дык выкрасліце… А мне запішыце, калі ласка, кухан і бутэльку морсу. Да стыпендыі…

Цётка Роза гартае сваю бухгалтэрыю. У яе зашмальцаваным «гросбуху» зроду не разабраўся б ніводзін рэвізор — сама цётка Роза плавае ў ім, як рыба ў вадзе.

— Карэніна? Анна?

— Анна Карэніна, — паспешліва паўтарае Таня.

— Выкрэсліваю. Карэніна… Адна бутэлька.

— А мне, цётка Роза, запішыце…

— Каму гэта «мне» пісаць, каму? Куды ты гэтак спяшаешся? — сама цётка Роза, наадварот, зроду нікуды не спяшаецца.

— Ларынай. Таццяне Ларынай — адзін кухан і адну бутэльку морсу.

— Ларынай? Ты ж мінулы раз, здаецца, была Растова.

— Што вы, цётка Роза! Растова — гэта не я. Я — Ларына…