Пасля гэтага я цэлы тыдзень не хаджу на заняткі — ляжу ў інтэрнаце ў пасцелі. У мяне зусім прападае сіла, прападае апетыт, мне нічога на свеце не хочацца. Я толькі ляжу і драмлю, нават не сплю, як спяць усе людзі, як сама спала яшчэ зусім нядаўна.
У канцы тыдня да мяне наведваецца наша суседка Надзея.
— Што гэта з табою?! — палохаецца Надзея. — Была гэтакая вясёлая дзеўка — і на табе раптам…
Я і сама не ведаю, што са мною зрабілася.
— Дык трэба ж да доктара ісці! А то яшчэ памрэш, не дай божа…
Смерць мяне палохае. Я не хачу паміраць. Я хачу жыць! I ў той жа дзень, адразу ж пасля Надзеі, я іду ў амбулаторыю да доктара. Поўная прыгожая жанчына з рэгістратуры запісвае, хто я і што. Мусіць, і яна бачыць, што са мною вельмі кепска. Яна сама бярэ мяне і вядзе па доўгім калідоры да белых дзвярэй, перад якімі сядзіць і стаіць доўгая чарга хворых. Па дарозе прыгожая жанчына мяне супакойвае:
— Нічога, ачуняеш. Я цябе да самага лепшага доктара запісала. Да самога Мышковіча! — Імя доктара Мышковіча яна вымаўляе з падкрэсленай павагай.
Імя доктара Мышковіча вядома і мне. Яго ведае не толькі ўвесь горад — ведаюць яго нават у нас дома. Ён лічыцца лепшым доктарам у горадзе, і таму ўсе цяжкія хворыя едуць лячыцца толькі да доктара Мышковіча.
Доктар Мышковіч загадвае мне распрануцца да пояса. Ён доўга выстуквае мае плечы і грудзі, доўга прыслухоўваецца да нечага ў мяне ўсярэдзіне трубкаю, а потым вухам. Доўга піша нешта ў тоўстую кнігу, піша мне рэцэпты. Нарэшце звяртаецца да мяне:
— Табе, дзяўчынка, давядзецца пакуль кінуць заняткі… Давядзецца крыху адпачыць — у цябе парок сэрца… — па тым, як вымаўляе ён гэта «дзяўчынка», з якім шчырым шкадаваннем глядзіць мне ў твар, я здагадваюся пра дзве рэчы. Адна, што доктар Мышковіч і сапраўды вельмі добры доктар. I другая, што мае ўласныя справы вельмі кепскія.
— А вось з гэтым ты пойдзеш у туберкулёзны дыспансер, і там табе зробяць усё, што трэба.
Пры словах «туберкулёзны дыспансер» мне чамусьці ўспамінаецца мой аднакурснік Холад Іван, якога мы пахавалі на першым курсе вясною, перад самымі іспытамі. Ён таксама ўсё хадзіў у гэты самы туберкулёзны дыспансер лячыцца… (Парок сэрца мне здаецца не вартай увагі дробяззю.)
— Ну, ну, вышэй галаву! — як па кнізе чытае адчуванне маё доктар Мышковіч. — I ніякіх заняткаў! Ніякіх! Толькі адпачынак… — ласкава выштурхоўвае ён мяне за свае дзверы.
У туберкулёзным дыспансеры ніхто мне не спачувае і ніхто не суцяшае мяне. Там мне наогул нічога не кажуць. Там гэтакіх бедакоў, як я, паўнюткі калідор. У дыспансеры даюць мне адразу на цэлы месяц вызваленне ад заняткаў, даюць кучу рэцэптаў на лекі — і едзь з богам дадому.
Ад цягніка з Паўстынскага раз’езду я ледзьве цягнуся. Па мяне прыехала сястра Ніна, і калі я ўжо канчаткова знемагаю, Ніна бярэ мяне, як малое дзіця, на плечы і нясе гэтак на сабе, на плячах… Вось да чаго я дайшла за апошнія два тыдні.
Дома мяне страчаюць слязамі і божканнем.
— Што ж табе сказалі тыя дактары? — дапытваецца ў мяне баба Іваніха.
— А што яны мне сказалі? Нічога яны мне не сказалі. Доктар Мышковіч сказаў пакінуць заняткі і адпачываць. А ў туберкулёзным дыспансеры наогул нічога не сказалі…
— А то ім вельмі бяда вялікая. Вельмі яны нешта самі там ведаюць! — ганіць і ўшчэнт скасоўвае медыцыну баба Іваніха. — Трэба па бабах кінуцца. Трэба дома шукаць нейкіх лекаў, а не глытаць гэту іх атруту… — зняважліва махае яна на мае бутэлечкі і парашкі.
— Мо ты спалохалася чаго, дык трэба нейкае рады шукаць па бабах, — такі дыягназ ставіцца мне дома. I сапраўды, уся мая радня кідаецца «па бабах».
А я тым часам надзейна пасяляюся на печы (нешта мне ўсё холадна, усё я не нагрэюся). Наперадзе ў мяне на цэлы месяц няма ніякага клопату пра заняткі (ёсць афіцыйнае вызваленне!). Сплю я колькі хачу — цяпер мяне ўжо ніхто не будзіць. I рабіць нічога мне таксама не трэба. Зіма — няма клопату ў полі, не дакучаюць выган, паша (цяпер ужо мяне сестрыны дзеці заступілі — цяпер яны пасуць калгасных цялят). Жэня і Віцік таксама, як толькі прыбягуць са школы (настаўнік Дубовік у нашай школе ўжо не настаўнічае — ён пераехаў у другую школу), адразу лезуць да мяне на печ. Мне з імі весела!
— От, дасць бог, і без дактароў ачуняеш, — падбадзёрвае мяне баба Іваніха і падае мне на печ літровую конаўку ячменнае кавы з малаком. Дома чамусьці лічыцца, што маю хваробу трэба лячыць параным малаком і гарачаю ячменнаю каваю. Кава варыцца ў печы, у гладышы. За дзень гэтае кавы і малака я выпіваю па некалькі літраў.
I сапраўды я пачынаю хутка ачуньваць. Ці то ад лекаў, ці то ад бесклапотнага жыцця ў мяне зноў паяўляецца румянец на твары, прыкметна паўнее і ажывае цела.