Выбрать главу

— Уга, дзеўка, хутка ты сама занясеш мяне ў Паўстынь! — жартуе Ніна з мае попраўкі.

Мне ўжо не хочацца сядзець на печы, і я злажу на хату. Мяне ўжо цягне на вуліцу. Да людзей. Я памагаю Сашы на цялятніку. Хаджу з ёю даваць трусянку нашай карове… I ўсё роўна дазволены мне доктарам месяц я сумленна выседжваю дома. А калі вяртаюся назад, у інтэрнат, у педвучылішча, дзяўчаты мяне не пазнаюць.

— Добрая ў цябе была хвароба! Мо прыкідвалася толькі…

Не, не прыкідвалася я. Толькі якая была ў мяне хвароба, я і сёння не ведаю. Доктар Мышковіч сказаў тады: парок сэрца…

Няўжо яно з тым даўнім парокам столькі вытрымала б?..

Жывыя жывуць

Гэтай раніцай усе газеты выходзяць з жалобнымі паведамленнямі: загінуў славуты лётчык-выпрабавальнік Герой Савецкага Саюза Валерый Чкалаў. Той самы Чкалаў, які скарыў сваім бяспрыкладным пералётам цэлы свет. Масква — Паўночны полюс — Амерыка — без пасадкі.

Як цяжка хаваць Радзіме такіх сыноў як непамерна балюча аддаваць іх зямлі…

Я іду на вакзал сустракаць сястру Сашу. Саша едзе ў бальніцу раджаць і вязе сёе-тое і мне з дому. Летам яна ездзіла даведацца гаспадара Валодзю (ён адбывае свой тэрмін на канале Масква — Волга)… Сашы дазволілі, і яна пражыла ў яго там аж цэлы тыдзень. I вось цяпер прыйшоў ужо тэрмін яе…

I Саша чула ўжо ў цягніку сумнае паведамленне. Настаўнік з Паўстынскае школы прачытаў у газеце. Валерый Чкалаў — хто яго не ведае, колькі разоў у газетах друкаваліся яго партрэты. Мусіць жа, і дзеці асталіся, і жонка. Саша шкадуе па-жаночы, гэтак, як шкадуюць нябожчыкаў у вёсцы: малады — жыць бы ды жыць толькі. Ды яшчэ пры такім жыцці, якое было ў яго напэўна ж.

Саша цяжкая, непаваротлівая. Як яна цягнула яшчэ гэтыя мае збанкі. Я забіраю ў яе сваю кашолку, забіраю яе клунак — дзіцяці — і вяду яе ў бальніцу.

— Трэба ж мне ў гэтакі дзень надумацца, — непакоіцца Саша. Яна ўпэўнена, што будзе раджаць сёння, што больш яна ўжо не працягне. — Аж страшна…

Як тут суцяшаць і чым суцяшаць у такой справе?

— Мо ты яшчэ паляжыш… — як быццам гэтым, што паляжыш, можна нешта перайначыць, няўпэўнена кажу я. Мне і самой не хочацца, каб Саша раджала ў гэты дзень. I мне страшна.

— Не, буду. Больш не працягну ўжо… — як дарослай, кажа мне Саша.

Ну, а хіба я не дарослая?

Я чакаю ў прыёмным пакоі, пакуль запісваюць Сашу ў бальніцы. Чакаю, пакуль яе слухаюць ці што ёй там робяць. Думаю, што яна яшчэ выйдзе да мяне. Але да мяне выходзіць фельчарыца ў белым халаце.

— Ты тут ёй нічым не паможаш, — звяртаецца да мяне фельчарыца, зачыняючы перад маім носам белыя дзверы: — Яна яшчэ паляжыць…

Мне раптам робіцца бясконца боязна і сумна. А што, як Саша памрэ?.. Я баюся заплакаць і хутка, каб не бачылі маіх вачэй людзі, выбягаю з прыёмнага пакоя.

На заняткі мне ісці не хочацца. У мяне сёння няма ніякага настрою займацца. Ды і якія заняткі? Ідзе ўжо трэцяя лекцыя. I я іду ў інтэрнат. Іду Летнім садам. Сад увесь у інеі і здаецца ў гэты бязветраны зімовы дзень яшчэ прыгажэйшым, чым улетку. У паветры кружаць рэдкія, як пух, сняжынкі. Бярэцца мароз. Пад нагамі вясёлы скрып. Гэтакі спакой і хараство на свеце! А нехта ў гэты час памірае. Некага закідваюць мёрзлымі грудамі цяжкое зямлі… Нехта нараджаецца. Каб таксама памерці… Чаму абавязкова людзям паміраць, чаму ім не жыць, не захапляцца такой вось прыгажосцю вечна?

Я ўспамінаю сваю нядаўнюю хваробу. Цяпер мне здаецца, што яе не было, што я ніколі не хварэла, што была гэткая лёгкая і здаровая, як сёння, заўсёды. I ў мяне раптам узнікае жаданне не толькі мець здароўе — мне хочацца адчуваць яго, хочацца карыстацца ім! Як?.. Я стаўлю сваю кашолку пад заінелае дрэва — разбягаюся па лёдзе катка! Не трэба канькоў — і так добра… Круг! Яшчэ круг! Яшчэ…

Як добра, што я здаровая, што я не памерла, што я жыву!

…Назаўтра раніцою я зноў іду ў бальніцу даведацца Сашы. Аказваецца, учора вечарам Саша нарадзіла хлопчыка.

Праз некалькі дзён прыязджае на санях Ніна і ў кажухах і падушках вязе Сашу з дзіцём дадому.

Аб’ява ў газеце

Я не люблю чытаць газет. Мне робіцца сумна, як толькі я разгарну газету. Вось часопісы дык я чытаю. Ад вокладкі да вокладкі — абы дарвалася ў чытальню. Так і гэты раз — «Смена» прачытана да апошняй старонкі… Засталося рашыць толькі красворд. Вядома, разгадваю я не ўсё, але гэта мяне не спыняе… Вядомы пісьменнік. Вядомы твор. Вядомы лётчык. Каштоўны камень… Стоп! Каштоўны камень я ведаю адзін толькі — рубін. У маміным дзявочым пярсцёнку ён гарэў чырвонаю кропелькаю крыві… Рубін, але ён не падыходзіць… Якія яшчэ ёсць каштоўныя камяні?.. Позірк мой бязмэтна блукае па сценах чытальні, па вокнах, спыняецца на стэлажах. Каштоўны камень… Каштоўны камень… На краі стала, за якім я сяджу, ляжыць падшыўка газеты «Звязда». Буйнымі літарамі «Звязда» па ўсёй старонцы аб’яўляе прыём дакументаў… Куды яны, усе гэтыя прыёмы? Мне яны ўжо непатрэбныя, але ж цікава…