Выбрать главу

Беларускі дзяржаўны універсітэт… Гомельскі педагагічны… Віцебскі медыцынскі інстытут. У самым куточку газеты Рагачоўскі настаўніцкі інстытут аб’яўляе прыём заяў на гістарычны і літаратурны (рускае І беларускае аддзяленне) факультэты… Заявы прымаюцца ад асоб, якія скончылі 9 класаў або два курсы педвучылішча. Экзамены па беларускай і рускай мове і літаратуры (вусны і пісьмовы), па гісторыі, геаграфіі і канстытуцыі… Толькі.

Можа, гэта мне сніцца? Але не, я не сплю. I Рагачоўскі настаўніцкі інстытут сапраўды аб’яўляе набор на літаратурны факультэт. Прымае студэнтаў педвучылішчаў, якія скончылі два курсы. I на экзаменах не трэба здаваць ніякае матэматыкі, ніякае фізікі!.. У мяне такое адчуванне, нібыта ў мяне здарылася нешта з галавою: чытаю вачыма, а сабе не веру… Я кідаю красворд (не трэба мне каштоўных камянёў!), здаю лабарантцы часопісы і хутчэй бягу з чытальні. Бягу ў інтэрнат — хутчэй расказаць дзяўчатам.

Свежае паветра паступова ахалоджвае маю галаву, прыносіць мне развагу і сумненні: усё добра, толькі ў аб’яве гаворыцца, што ў дадатак да дакументаў студэнты педвучылішча павінны прыслаць яшчэ афіцыйную даведку-дазвол на паступленне ў інстытут з педвучылішча… Ці дазволіць яшчэ дырэктар, ці дасць такую даведку?

А калі і дасць, то ці здолею я сама здаць там, у інстытуце, экзамены?.. I як не здам, то што рабіць тады? Куды дзецца ад сораму? Захацела, бачыш, у інстытут… Я ўяўляю сябе пасаромленай гэтым зваротам з інстытута тут у нас, у інтэрнаце і ў педвучылішчы. Усе будуць смяяцца і расказваць: паступала ў інстытут і не паступіла…

— Нізашто! — гэта ўжо адносіцца да майго першапачатковага рашэння пахваліцца сваім намерам дзяўчатам з інтэрната. Хто мяне прымушае?.. Падам дакументы, а там будзе відно: паступлю, не паступлю… Аднак што я іх падам — у гэтым я ўжо не сумняваюся. У мяне зноў гучыць у вушах шкадаванне бабы Іваніхі: «Якая ж з цябе, мая дзевачка, настаўніца… Цябе ж вучні засмяюць…» Я і сама ніколькі не сумняваюся, што засмяюць. Праз гэтыя праклятыя цягнікі, праз гэтыя пустыя і напоўненыя вадою дурныя бочкі…

Далей маё жыццё ідзе ўжо і сапраўды як скрозь сон. Скрозь сон размаўляю з дзяўчатамі і хаджу на кансультацыі. Скрозь сон здаю іспыты за другі курс, хаджу па вуліцах. Вакол мяне ўжо нічога не існуе. Рэальны свет з’яў растварыўся, знік. Існуе толькі няісны яшчэ для мяне літаратурны факультэт інстытута.

— Ведаеш, што ўчора сказаў мне Валодзька Гурбо?.. — шчасліва смяецца Шура Палявая.

Божа, навошта мне яе Валодзька Гурбо…

Я ўжо сфатаграфавалася на дакументы і, здаецца, нядрэнна атрымалася. Атрымала ўжо даведку аб стане здароўя.

Доктар Мышковіч гэты раз мяне амаль не стукае і не слухае. Ён мною задаволены: «Ідзі, дзяўчынка, скачы», — з такімі словамі выпраўляе ён мяне за свае белыя дзверы на гэты раз. Я, і праўда, ад доктара Мышковіча з яго даведкай бягу бягом.

Адразу ж пасля экзаменаў атрымліваем мы, другія курсы, і пасведчанні з усімі гадавымі адзнакамі. Застаецца толькі атрымаць дазвол ад дырэктара педвучылішча. Я набіраюся адвагі і стукаю ў высачэзныя дзверы дырэктарскага кабінета. Дырэктар педвучылішча — поўны лысы мужчына — сядзіць за сваім неабсяжным, як поле, дубовым сталом. Я заікаюся, чырванею, паведамляю, што хачу паступаць у інстытут.

— У інстытут? — аж прыўстае дырэктар. — У інстытут, такая малая? — і як добры, спагадлівы бацька, які ведае, што дзіця яго хоча зрабіць глупства і яго можна пераканаць не рабіць гэтага глупства, дырэктар мякка і ў той жа час настойліва раіць мне: — Табе няма куды спяшацца, табе трэба яшчэ падрасці. Вунь якая ты яшчэ… Тады і будзем гаварыць пра інстытут. Ідзі.

Ах, так? Дык я ўсё роўна буду паступаць — і без дазволу!

Частка другая

Спатканне

Дзве шустрыя, як мышкі, дзяўчынкі гатовы правесці і паказаць мне хоць усе вуліцы. Яны не ведаюць толькі аднае: Смідовіча. Смідовіча сорак два…

— А навошта яна вам?

— Я там некалі жыла…

— Калі?

Калі?.. Сказаць ім, што іх тады яшчэ не было на свеце… I мы ідзём далей, прыглядваемся, чытаем надпісы, шукаем вуліцу Смідовіча… Пачакайце, пачакайце, дзеці! А куды ж Пясчаная плошча падзелася?