Выбрать главу

— А што ты нам купіш?

— Кукіш купіш… Бач, ужо знайшліся ахвотнікі да пакупак, — сварыцца баба Іваніха. — Пабачым, як вы самі будзеце вучыцца, а то, бач, — што ты ім купіш…

Мне шкада малых: усе на іх наваліліся. Але за іспыты я, і праўда, добра выгаладалася: смажэнікі з маласольнымі гуркамі здаюцца царскай ядою!

— Схадзем, Ганечка, да мяне. Паможаш мне бульбы накапаць… Нешта мне сёння недабрыцца… — Анюта цяжарная, яна заняла паўлавы.

— От, табе абы толькі цягаць яе. Няхай лепш дома адпачне, — кажа сястра Саша.

— Я ўжо адпачыла. Я схаджу памагу! — Я люблю Анюту і гатова хадзіць да яе хоць кожны дзень.

Нам з ёю ўдзвюх заўсёды цікава… Да таго ж — і сапраўды, як ёй капаць тую бульбу, як ёй згінацца — гэтакая тоўстая зрабілася.

— Ты б да Каці, дзеўка, паказалася, — папракае Анюту маці — баба Іваніха (Каця — участковая акушэрка).

— Усё не збяруся ніяк. Заўтра ўжо з’езджу.

— Ды глядзі, няхай Васіль каня запражэ, — наказвае маці.

— Запражэ, няўжо ж пацягнуся…

Я пад’ела (сёння мне падалі, сёння за мной прыбралі!) і гатова ўжо ісці ў памочніцы да Анюты.

— Ну то бывайце здаровы, — цяжка ўстае з лавы і развітваецца Анюта.

От дзіва! Як быццам гэта хата ніколі не была ёй роднаю.

— Пайдзі здарова! — жадаюць Анюце на дарогу маці і сёстры. Няўжо і яны адвыклі ад яе? Прыйшла — пайшла…

Дзіва, дый толькі! Я гэтага зразумець, а тым больш прыняць сэрцам ніяк не магу. Як можна адвыкнуць ад дому? Як можна адвыкнуць ад Анюты? Я ж ад яе не адвыкла!

Дарогі ў Таліцы — адна ўсяго вярста. Сцежачкаю, наўскасок, спачатку цераз сваё жыта, а потым цераз таліцкія льны. Сцежачка ідзе паўз могілкі. Каторы год ужо тут спіць-спачывае мама. Каб магла яна ўстаць, каб сама я мела ўладу разбудзіць яе сёння… Пра гэта думае і Анюта. I Анюта ўслых гаворыць:

— От, Ганька, каб твая маці дачакалася сённяшняга дня… Колькі б ёй радасці было ўбачыць цябе студэнткаю!

Каб дажыла мама… Каб дачакалася… Я нічога не адказваю Анюце, бо ведаю, што, як толькі загавару, абавязкова заплачу. I мы абедзве моўчкі мінаем могілкі. Сонца на захадзе, і Анюта спяшаецца дадому.

Анюціна хата з краю вёскі, ля самага выгану. Двор з хлявом і скацінаю адгароджаны, і хата стаіць у садзе, сярод чысценькай муравы. Абступілі яе кругом і заглядваюць у вокны мальвы і кусты вяргіняў.

Хараство! Хораша і чыста ў Анюты і ў хаце.

I сама яна нейкая зусім не такая, як усе вясковыя жанкі. Анюта ўсё сама шые: і сабе, і дзецям. Цяпер вось толькі…

Мы з Анютаю бяром кашы, рыдлёўкі і ідзём у загарадзь капаць бульбу. А там, на суседскім агародзе, перапалох, мітрэнга.

— Анютка, галубка! Пакліч свайго Васіля, няхай бярэ пілу і сякеру і хутчэй бяжыць сюды!.. — на ўсю сядзібу лямантуе баба Алімпа.

— Што ў вас нарабілася? — спяшаецца да яе Анюта.

— Гэта ж Ігар ушчаміўся ў арфу, і ніяк яго не выбавіць адтуль… А нашых мужчын ніводнага дома няма — у лесе…

— Як гэта ён у той арфе апынуўся?

— У хованкі гулялі… I я ж тут, старая дурніца, была. Яшчэ задушыцца дзіця, — плача баба Алімпа, подбежкам шкандыбаючы назад да арфы.

— Дзе ж ён тут? — заглядваем мы абедзве з Анютай у арфу.

— Усярэдзіну ўбіўся… Мо зацёкся ўжо…

— Ды няма яго тут, цётка. Што вам здалося?

— А бацюхны мае, ён жа крычаў…

— Зірніце самі.

— Няўжо ж гэта ён уцёк, каб не білі…

— Няўжо ж ён дурны чакаць, пакуль пачнуць арфу секчы, — смяецца Анюта. — Добра напалохаў бабу — і ўцёк!

— Ах ты, лайдак! Ах, вуж печаны! — на ўсю загарадзь грозіць баба Алімпа. — Прыйдзеш ты мне дадому! Я табе пакажу арфу!

I не зразумець ужо, за што яна злуецца на ўнука: за тое, што ўлез у арфу і напалохаў яе, ці за тое, што сам выкараскаўся і ўцёк. Мы з Анютаю капаем бульбу, потым нясём яе ў кашах дадому, потым пачынаем уходжвацца: прыйшлі з пашы каровы і авечкі, дзеці прыгналі свіней з выгану. Неўзабаве прыходзіць з калгаснае работы і Васіль. I ён памагае Анюце: носіць у хату кашы з бульбаю, носіць ваду.

Сядзець доўга за вячэрай няма звычкі. Стол прыбіраем мы з Васілём самі. Анюта ледзь дацягнулася да ложка. Потым кладуся я з малымі — і тут, у Анюты з Васілём, іх таксама двое, і таксама дзяўчынка і хлопчык — як і ў нас дома, у сястры Сашы. Каб не разбураць прыбранага ложка, мы сцелемся на падлозе. Тушыць лямпу і апошнім кладзецца каля Анюты, на кухні, Васіль.

Стома і сон агортваюць мяне адразу, як толькі я кранаюся галавою падушкі. Малыя яшчэ штурхаюцца і капрызяць, але я ўжо нічога гэтага не чую. Я ўжо сплю. Я здала іспыты. Я на волі. Кайданы спалі…