Выбрать главу

— Не бойся.

Мы ўліваемся ў густы натоўп, і ён зацягвае нас, як вір.

— Не згубіся, — кажа Мялешка і бярэ мяне за руку. Рука ў яго моцная і гарачая. Нас з усіх бакоў штурхаюць, раз’ядноўваюць. Я баюся патануць у гэтым віры.

— Не бойся. Не бойся… — моцна трымае мяне за руку мой спадарожнік.

Нарэшце нас уціскаюць у вагон. А ў вагоне — прастор! Свабодныя паліцы. Мы займаем адразу аж дзве. Ніжнюю і верхнюю.

— Вось тут, унізе, будзеш спаць ты. А я палезу наверх, — уладкоўвае нашы нямудрыя пажыткі Іван Сцяпанавіч.

— Нізашто!

Я ўжо выспалася, і мне не хочацца спаць. Я не засну яшчэ і таму, што ў Жлобіне ў мяне зноў перасадка, што я баюся праспаць.

— Спіце вы, а я буду сядзець! — цяпер ужо загадваю я Івану Сцяпанавічу.

Ён некаторы час нешта вырашае.

— Ну, тады няхай зойме гэту паліцу хто-небудзь іншы… А я лягу тут, унізе. А ты пасядзі каля мяне… А калі захочаш спаць — пабудзіш. Добра?

Цяпер ужо я кладу яму яго партфель за падушку і ўкрываю яго плашчом, як быццам старэйшая цяпер я, а не ён.

— Ах, Ганька, Ганька… — кажа Іван Сцяпанавіч.

— Спіце! — загадваю я і саджуся ў яго збоку.

Вагон наш ужо запоўніўся. Людзі сядзяць і ляжаць, хто якое месца паспеў захапіць. Глуха грукаюць калёсы, закалыхваюць, нібы ў калысцы… Заснуў і мой спадарожнік. Сама я не засну.

…Прачынаюся я ад таго, што еду на нашай кабыле Каштанцы. Каштанка, здурнеўшы, бярэ раптам угалоп, і я не ўтрымліваюся ў яе на спіне — лячу цераз галаву. Гоп — аб зямлю!..

Свеціць у акно сонца.

— Прыехалі!.. — кажа мне нейчы вельмі знаёмы голас. Я расплюшчваю вочы і нічога не разумею: у мяне пад галавою чорны скураны партфель, сама я ўкрыта плашчом. Зноў мы ў Асіповічах?

— Ты ж заснула, — смяецца Іван Сцяпанавіч, — схілілася на столік і заснула…

Сам ён стаіць на праходзе перад акном каля століка.

— Жлобін ужо? — палохаюся я: можа, я праспала?!

— Жлобін.

Я хуценька расчэсваю валасы, апранаю сваю шэрую картовую ад касцюма жакетку.

— Я цябе правяду. Да касы…

Мы ідзём да касы.

— Займі чаргу, — кажа мне Іван Сцяпанавіч.

Я займаю чаргу. Стаю далёка ў хвасце. Ці хоць паспею закампасціраваць білет?..

— Паспееш… Праз дзве гадзіны ты ўжо будзеш у інстытуце, — кажа Іван Сцяпанавіч, калі мы выходзім на перон.

Праз дзве гадзіны?!

Чуецца званок адпраўлення.

— Гэта мне, — кажа Іван Сцяпанавіч. — Ну, Ганька… — падае ён мне руку.

Мне шкада развітвацца з ім. Але ж там, каля касы ў станцыйнай зале, мая чарга…

Іван Сцяпанавіч стаіць на падножцы вагона і махае мне рукою. Я махаю яму ў адказ. Няўжо мы ніколі больш не стрэнемся?.. I я бягу ў дзверы вакзала, да свае чаргі.

…А праз дзве гадзіны я і сапраўды спыняю свой крок перад дзвярыма Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. Як жа ты стрэнеш мяне, інстытут?

За акном цягніка

А далей усё мільгае, нібыта за акном цягніка. Інстытут, экзаменатары, новыя знаёмствы з абітурыентамі… Нас тут, усіх, хто прыехаў здаваць іспыты, завуць абітурыентамі. (Я гэта слова чую ўпершыню.)

Усё мне тут, у інстытуце, падабаецца. У адрозненне ад нашага мура-педвучылішча ён нейкі вельмі прыветны і сонечны. Можа, таму, што вокны шырокія, светлыя? Ці таму, што стаіць у кляновых прысадах? Ці што замест двара дбайна дагледжаны і выпеставаны кветнік? Мая няўдзячная памяць толькі тое і робіць, што адшуквае цьмяныя плямы на тых сценах, якіх два гады назад я дамагалася гэтак жа палка, як сёння дамагаюся гэтых…

Іспыты для мяне няцяжкія (ці такія я здавала!). I дзяўчаты-сяброўкі ў мяне ўжо завяліся. Я нават не збіраюся адразу ехаць дадому — з бабруйчанкаю Жэняю маю намер ехаць у Бабруйск. Там жыве мая стрыечная сястра Вера. Яна ўжо замужам за камандзірам, ужо «ваенная дама».

У Бабруйск можна ехаць цягніком. Можна і на падарожнай машыне. Толькі прагаласаваць… Цягнік, я лічу, — старасветчына. А вось на машыне я яшчэ ні разу ў жыцці не ездзіла. I мы з Жэняй, з самае раніцы, ідзём на Бабруйскую шашу — галасаваць.

Чакаем на мураве каля прыдарожнага слупа, каб, як толькі пакажацца аўтамашына, адразу і руку ўгору… Да паўдня па Бабруйскай шашы прайшлі ўсяго толькі адна «эмка» і дзве паўтаратонкі. У «эмцы» — камандзіры. Паўтаратонкі нагружаны пяском, відаць, вязуць на нейкае будаўніцтва. У наш бок, вядома, ніхто і не глядзіць. Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца: равучы, ідуць на пад’ём — вось сіла дык сіла! — аж некалькі, адна за другой, трохтонак. Таксама пясок і каменне. I трохтонкі не спыняюцца. Праносіцца яшчэ некалькі «эмак»… Я гатова ўжо разарваць сябе, што пацяглася, дурная, на гэта дурное галасаванне… Цягнік даўно ўжо завёз бы мяне ў той самы Бабруйск. I дадому ўжо завёз бы… А цяпер невядома, ці будзе начны. Можа, давядзецца да раніцы чакаць на станцыі. I ці будуць яшчэ білеты раніцай?