Выбрать главу

Праз увесь горад, злосная, няшчасная, цягнуся я на станцыю. (Жэня вяртаецца пераначаваць да знаёмых.) За дурною галавою… Мне ўжо не хочацца ніякага Бабруйска, мне ўжо толькі б дадому вярнуцца.

Аказваецца, «яма» не ў адных толькі Асіповічах. Яма, ды яшчэ якая яма, і тут!.. Толькі ў Асіповічах са мною быў Іван Сцяпанавіч Мялешка. Мілы Іван Сцяпанавіч, з якім шкадаваннем і пяшчотай успамінаю я яго тут, у гэтым рагачоўскім стоўпатварэнні. Каб здарылася цуда і з’явіўся ён…

— Ану, грамадзяначка, з дарогі! — здаравенны дзядзька ў белым фартуху, з бляхаю на грудзях змахвае мяне з дарогі, як паперку. У дзядзькі на галаве два здаравенныя чамаданы. Іх ён, як фокуснік, прытрымлівае адною рукою, у другой нясе таўшчэзны, як бочка, скураны баул.

— З праходу, грамадзяне і грамадзяначкі! З праходу! — далей тралюе сабе дарогу дзядзька ў белым фартуху.

— Куды цябе трасца нясе! — абураецца мужчынскі голас недзе з-пад лаўкі: чалавек выцягнуў ногі, каб адпачылі, а не каб таўкліся па іх… Толькі што наступілі мне на нагу. Цяпер я адчуваю, што сама стаю абцасам на нейчым шырокім боце… На адной назе доўга не выстаіш… Наўрад ці большае пекла было і ў Асіповічах.

— Дзяўчына з баульчыкам, вам далёка ехаць? — адчуваю, што пытанне гэта адносіцца да мяне, раблю спробу павярнуцца на голас. Па-мойму, ён належыць вось гэтаму прыгожаму хлопцу ў белай рубашцы. (У шырокім разрэзе каўняра выглядае паласатая матроская цяльняшка.)

— Вы на які цягнік? — усё ж гэта ён пытаецца ў мяне.

— Я і сама не ведаю…

— Ну, які напрамак?

— На Слуцак.

— Ого, зямлячка! Давайце сюды, на маё месца! — устае з лаўкі хлопец. Ён высокі, плячысты. I яшчэ гэта цяльняшка… Дзе я яго бачыла? Ага! Здавалі разам гісторыю… Мне трэба было якраз заходзіць, і ён у гэты самы час падышоў да дзвярэй з хлопцамі. Я тады яшчэ паспела заўважыць гэту яго цяльняшку. Не запомніла твару, а цяльняшка запомнілася. Яшчэ нехта з іх пажадаў мне тады ўслед: «Ні пуху ні пер’я…»

— А вы?.. — няёмка неяк узяць вось так сагнаць чалавека і самой усесціся.

— Сядайце, сядайце. У мяне там чарга па білеты, дык мне ўсё роўна трэба ісці паглядзець.

— Вы таксама на Слуцак?

— Дык я ж і кажу: землякі.

— Дык, можа, вы і мне?..

— Што за пытанне: давайце чатыры рублі!

Госпадзі, ды каб у мяне банк цэлы быў — я і яго аддала б…

— Трымайце вось гэта! — кідае ён мне на калені вайсковага тыпу сумку на рэмені. — Я пайшоў.

— Бачыш — маладыя, дык адразу і згаварыліся, — кажа да мяне пажылая жанчына, што сядзіць тут жа на лаўцы. — А я другі дзень сяджу… Два паязды не згледзела.

Ну, чым ёй паможаш?

— А куды вам ехаць?

— Я, мая галубка, далёка еду… У Пярмяцкі вокруг аж…

Па тым, як уздыхае жанчына, няцяжка здагадацца, што радасці гэты «Пярмяцкі вокруг» ёй не абяцае…

— Узялі ўжо білет?

— Узяла. Як стала сёння ў поўдзень, дык толькі к вечару дастаялася. Як мыш, вылезла мокрая ўся… Дзякуй яму, гэты вось ваш хлапчына паглядзеў маіх клумкаў. Я, сказаць праўду, і пабойвалася. Розныя людзі ёсць…

Клумкаў у цёткі і праўда многа. Да каго яна едзе, чаго — лепей не пытацца.

— Дык я вось і кажу: як маладая, дык адразу і згледзеў, — зноў успамінае цётка.

Я і сама дзіўлюся гэтаму. Есць жа ўсё-такі ў мяне шчасце. Каб не гэты хлопец, я, мусіць, як і гэта цётка, і за два дні адсюль не выехала б…

— Вікторыя! — здалёку паказвае мне білеты мой новы знаёмы. Ён трымае іх высока над галовамі людзей, што снуюць туды-сюды, як мурашкі.

Я смяюся ад шчасця.

Смяецца і цётка.

— Бач, як спраўна павярнуўся, як дзеўчыну добрую ўбачыў…

— А што ж! — не адмаўляецца хлопец. — Давялося, праўда, каля касы локцямі крыху папрацаваць… — і ён выразна паказвае, як ён там, каля касы, «працаваў» локцямі. — Але ж затое — перамога!

Яшчэ якая перамога!

— Сядайце… — мне няёмка сядзець, я хачу ўстаць: чалавек, можна сказаць, з пекла выхапіў мне білет, а я яшчэ і месца яго заняла.

— Сядзіце! — рукою паказвае, каб я не ўставала, хлопец і азіраецца кругом. — Зрэшты, ёсць ідэя, — паведамляе ён.

Удзячная, я гатова прыняць любую яго ідэю.

— Да адыходу нашага цягніка застаецца яшчэ роўна гадзіна… — ён глядзіць на круглы гадзіннік на сцяне, — гадзіна і семнаццаць хвілін. Хадзем на перон, а тут няхай цётка лепей падрэмле. Ёй яшчэ не хутка ехаць.