Выбрать главу

— А мой ты галубок, які ж ён будзе ў мяне той сон, з гэтымі клумкамі…

Госпадзі, якія яны ўсе падобныя, гэтыя цёткі, і ў нас дома, і тут… I чаму толькі жыццё даецца ім гэтак нялёгка… Сама я сёння гатова падзяліцца з гэтай цёткаю сваім лёсам. Маю дарогу апошнім часам ён высцілае пухам: і сюды даехала лёгка, і экзамены здала добра, і, напэўна ж, залічаць мяне ў інстытут…

I вось яшчэ гэта сённяшняя стрэча з гэтым хлопцам… Скрозь натоўп мы працярэбліваемся да выхаду на перон. Як ні дзіўна, хоць і цёплая летняя ноч, перон амаль пусты. Толькі некалькі чалавек сядзяць на лаўцы і на шырокіх прыступках, што вядуць да перона. (I чаму толькі гэтыя людзі таўкуцца ў той станцыйнай духаце?)

Мы таксама садзімся на прыступкі. Навокал ціша і бязмоўнае мігценне залатых зорак на чорным аксаміце неба. Мы глядзім у гэтае зорнае неба і доўга маўчым.

— «Звезда с звездою говорит…» — першы парушае маўчанне хлопец. — Сто гадоў прайшло — і быццам у свеце нічога не адбылося: усё тыя ж зоркі, усё тое ж неба. Як і пры Лермантаве… Толькі пры Лермантаве не было вось такіх чыгунак…

— Былі карэты…

— Былі карэты! I былі зухаватыя гусары, якія тайна звозілі дзяўчат да царквы!.. Слухайце, — раптам мяняе тэму гаворкі хлопец, — а што, калі пацікавіцца, як вас завуць? I наогул, калі б нам перайсці з гэтага афіцыйнага «вы» на звычайнае таварыскае «ты»? Памятаеце: «Пустое „вы“ сердечным „ты“ она случайно заменила»… Я — Іван Лазоўскі. Дазваляецца зваць проста, як заве мяне мая мама: Ваня, — і ён працягвае мне сваю руку.

Іван… Ваня… Гэта імя я ўспрымаю, як даўно-даўно знаёмае.

— Вось і добра. А то гадзіну гамонім — і незнаёмыя.

Да пасадкі мы паспяваем даведацца ўсё, што датычыцца нашых жыццёвых апісанняў. Лазоўскі родам з-пад Грэска, а ў Грэску жыве нейкая наша далёкая цётка (я яе зроду не бачыла). Не дзіўна, што Грэск робіцца мне як быццам удвая сваяком…

Як і сама я, Ваня скончыў два курсы тэхнікума. Толькі кінатэхнікума ў Віцебску. I тут у нас агульнае…

— У мяне мама вельмі добрая, — расказвае мне Лазоўскі. — Нас усіх чацвёра. Дык мы, як былі малыя, усе каля яе толькі і грэліся… Бацька ў нас не такі…

I вось тут у нас агульнага няма. У мяне няма нікога: ні добрае мамы, ні бацькі.

— Маме з бацькам цяжка…

Я адчуваю, што ён не ўсё дагаворвае, што яму няёмка расказваць усё мне, па сутнасці, зусім не знаёмаму і чужому чалавеку. Хоць самой мне вельмі хацелася б, каб ён гэтага не адчуваў. Каб і ў яго было гэтакае ж прыхільнае да мяне адчуванне, гэтакая шчырасць, як і ў мяне да яго. Я была б няўдзячная, калі б адчувала да яго нешта іншае: чалавек, можна сказаць, выратаваў мяне. Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы… Такіх хлопцаў я яшчэ ні разу ў сваім жыцці не страчала. Ёсць і прыгожыя, і някепскія хлопцы і ў нашым педвучылішчы, але ў нас яны чамусьці дурні (зноў кепскае педвучылішча!). Лазоўскі мне падабаецца натуральнасцю сваіх паводзін. За гэта, я разумею, і цётцы на вакзале ён спадабаўся. Інакш ці пакінула б яна на яго свае клумкі…

У цягніку нам няма калі спаць — нейкія там тры гадзіны язды — ды ніводзін з нас усё роўна і не заснуў бы. Які там сон. Усю дарогу Лазоўскі чытае мне на памяць вершы. Ён ведае паэтаў, пра якіх я нават не чула. Вось ён дык ведае літаратуру!

I ён у гэтым інстытуце будзе на месцы…

Лазоўскі чытае мне незнаёмыя вершы на беларускай мове. Я не пазнаю паэта, але вершы мне падабаюцца. Хто іх напісаў?

— Разумееш… — закурвае ў цемнаце хлопец. — Вершы гэтыя напісаў адзін дзівак. Вершы, я табе скажу, не такія ўжо добрыя, як табе здаецца…

— Мне яны падабаюцца.

— Падабаюцца таму, што ты добрая дзяўчына, — смяецца Лазоўскі і, відаць не жадаючы называць імя паэта, раптам кажа: — I наогул ты падобна на коласаўскую Аленку…

(Прыемнае, вядома, параўнанне…)

— Дзе я падобна… — сам ён, бадай, таксама, мусіць, нечым на Сцёпку Баруту змахвае.

— Ты вершы часам не пішаш?

— Што ты! Я не ўмею… — хлушу я. Я хутчэй памерла б, чым прызналася пра тыя свае нязграбы, што пісала некалі яшчэ пасля школы. Ён бы мяне, напэўна, засмяяў за іх.

— А я думаў — пішаш.

— Я не ўмею…

— Можа, ты і добра робіш, што не пішаш… — зноў як быццам нечага не дагаворвае Лазоўскі.

Не, цяпер ужо нізашто нельга прызнавацца.

— Добра, што мы з табою стрэліся. — пасля нядоўгага маўчання кажа Лазоўскі.

Я нічога яму не адказваю, хоць сама рада гэтаму ў сто разоў больш за яго.

— Ты калі будзеш выязджаць на заняткі? — пытаецца ён.

— Я не ведаю, мо дваццаць дзевятага…

— Давай дваццаць восьмага выедзем. Каб застаўся адзін дзень на ўладкаванне.