— Толькі не плакаць! — прыкрыквае на мяне Лазоўскі. — Міхась, бяры рэчы — і пайшлі ў інтэрнат!
— Я паеду дадому…
— Паспееш дадому, — кажа Лазоўскі. — Спачатку ўладкуемся ў інтэрнаце, а потым будзе відно.
— Хто ж мяне пусціць у той інтэрнат…
— Мы з ім! — паказвае на Мішу Лазоўскі.
Хлопцы вядуць мяне ў дзявочы інтэрнат: вуліца Смідовіча, сорак два.
На ганку інтэрната нас страчае мажная жанчына ў хатнім заплёханым фартуху, без хусткі. Па ўсім адчуваецца, што яна тут за гаспадыню.
— Добры дзень, прымайце гасцей, калі ласка! — пачціва вітаецца з жанчынай Лазоўскі.
— Добры дзень, добры дзень… Толькі ж я прымаю нявест, а жаніхі няхай самі пра сябе клапоцяцца.
— Жаніхі спачатку павінны паклапаціцца пра нявест… — вядзе сваю лінію Лазоўскі.
— Праўда, праўда! — Гаспадыні падабаецца гэты ветлы прыгожы хлопец. — А накіраванне дзе ваша?
— Ды ведаеце, не аказалася на месцы сакратара. «Хуткая дапамога» забрала…
— А божа мой, што ж гэта з ёю зрабілася, з Нінаю Аляксандраўнаю!..
— Не ведаем… — у скрусе паціскае плячыма Лазоўскі, — пры нас якраз прыехала карэта…
— А божа мой, божа… — божкае жанчына і вядзе нас па калідоры інтэрната. — Вось так і жыві чалавек…
— Няшчасце, не кажыце… — падтаквае ёй Лазоўскі.
Мы з Мішам ідзём следам за імі і душымся ад смеху. Гаспадыня адмыкае нам адны дзверы, другія… Усе пакоі яшчэ незанятыя.
— Пакуль ніхто не прыехаў выбірайце любое месца, — дазваляе яна нам.
Мы ходзім, разглядаем пакоі, прыкідваем, дзе які ложак стаіць зручней.
— Ну, даволі перабіраць, — нарэшце кажа Лазоўскі, вяртаючыся ў самы светлы пакой. — Вось гэты пакой мы выберам. Вось гэтае месца, — паказвае ён на ложак, які займае ўтульны кут каля расчыненага акна. У акно заглядвае яблыня… Усіх ложкаў у пакоі восем.
— На здароўе пасяляйцеся, а я збегаю ў інстытут, даведаюся, што там з Нінаю Аляксандраўнаю здарылася, — кажа гаспадыня.
Мы пераглядваемся: будзе нам Ніна Аляксандраўна!
Але якраз у гэты самы час чуецца па калідоры тупат ног, чутно, людзі нясуць цяжкія рэчы. Смяюцца дзяўчаты, басіць хлапечы голас. Дзякуй богу!
— Нам трэба таварыш Кабетаву!
— Я — таварыш Кабетава!
— Прыбыло папаўненне… — падміргвае нам з Мішам Лазоўскі.
Мы зачыняем дзверы за «таварыш Кабетаваю» і рассаджваемся на пустых ложках. Хлопцы рагочуць.
— А што будзе з Нінаю Аляксандраўнаю?..
— Няхай жыве Ніна Аляксандраўна!
— Самы лепшы пакой… — абходзіць вакол стала Міша Грамыка.
Я сама радуюся, сапраўды — самы лепшы.
— А цяпер, — зноў загадвае мне Лазоўскі, — разбірай свой пасаг, сцялі пасцель і кладзіся спаць. I чакай нас з Міхасём у дзве гадзіны. Пойдзем разам абедаць — і ў кіно.
Ім яшчэ кіно ў галаве.
— Праз два тыдні тваё імя будзе ўпрыгожваць усе інстытуцкія спісы! — прарочыць мне на развітанне Лазоўскі. — Ну, Міхал, пайшлі і мы ўладкоўваць свае жыцці…
I пайшлі.
А я і сапраўды разбіраю свае рэчы і кладуся спаць. I тут жа засынаю як забітая.
…Майго прозвішча няма ні ў адным інстытуцкім спісе.
— Ідзі на штурм. Толькі на штурм! — натхняе мяне Лазоўскі.
I я пачынаю абіваць парогі дэканата.
— Мікалай Аляксандравіч, мяне чамусьці няма ў спісах.
— Няма? Чаму няма?
— Я не ведаю…
— Дык, можа, вы не здавалі ў нас экзаменаў?!
— Як не здавала! Зірніце ў ведамасць!
— Ніна Аляксандраўна, дайце мне ведамасць!.. М-так… Няблага. Няблага… — Мікалай Аляксандравіч Пагуляй — наш дэкан, ён чытае ў нас літаратуру XIX стагоддзя. Залаты век… — Дык у чым жа, уласна кажучы, справа? — позірк яго вузкіх, цёмных вачэй пранізлівы і агністы. Ад гэтага позірку нічога не схаваеш.
— Я не ведаю…
— У чым жа ўсё-такі справа, Ніна Аляксандраўна?
— Яна з педвучылішча, Мікалай Аляксандравіч. У яе няма пісьмовага дазволу на паступленне…
— Вось яно што! — адкідвае з вачэй непаслухмяны цыганскі чуб Пагуляй. — Няма пісьмовага дазволу, а яна хоча ў спісы!..
Я ўжо гатова заліцца слязамі.
— Мікалай Аляксандравіч, яна вельмі добра здала экзамены… На нашым аддзяленні лепш за ўсіх… — звычайна са мною ідзе ў «хадакі» хто-небудзь з дзяўчат з нашага курса. «Хадакі» ідуць у якасці маральнай падтрымкі, яны ж і ўзнімаюць мае акцыі…
— Яна добра здала экзамены! Ды каб яна здала іх кепска, хто б з ёю размаўляў наогул?.. Ніна Аляксандраўна!
— Я вас слухаю, Мікалай Аляксандравіч.