Выбрать главу

Пакутлівая, як перад смяротным прысудам, паўза.

— Ніна Аляксандраўна! — урачыста загадвае Пагуляй. — Унясіце яе прозвішча ва ўсе спісы літаратурнага факультэта беларускага аддзялення!

— Дзякуй, Мікалай Аляксандравіч!

— Марш на лекцыю! Вы што, не чулі званка? — грыміць Пагуляй.

«Дан приказ…»

Наш інстытуцкі верасень супадае з хвалюючай гістарычнай падзеяй: Чырвоная Армія вызваліла з-пад улады пілсудчыкаў нашых братоў — заходніх беларусаў. Слова «таварыш!» — самае папулярнае цяпер там, дзе яшчэ зусім нядаўна былі Усходнія крэсы, дзе родная беларуская мова ледзь не каралася законам.

Наш інстытут на гэту падзею адклікаецца палка і дзейна. Выпускнікі падаюць заявы з просьбай накіраваць іх на работу ў заходнебеларускія школы. Многіх пасылаюць: настаўнікі цяпер патрэбны там больш, чым хто…

Мы, першакурснікі, зайздросцім нашым старэйшым сябрам, аднак разумеем і другое: нам туды яшчэ рана. Нам яшчэ самім не шкодзіць падвучыцца…

…Не праходзіць і двух месяцаў заняткаў, як па інстытуце раптам праносіцца чутка: хлопцаў ваенкамат будзе забіраць у вайсковыя вучылішчы. Каго калі — дакладна пакуль што невядома нічога. Хлопцы то адзін, то другі атрымліваюць павесткі, ходзяць на нейкія камісіі, у ваенкамат, і пакуль што ўсе вяртаюцца. Аднак таго запалу, з якім пачыналіся заняткі, няма ўжо і следу. Тыя, хто атрымаў павестку, амаль не ходзяць ужо на лекцыі, настрой упаў. Страчваецца, тым часам, і дзявочая раўнавага. Два месяцы — дастатковы тэрмін для таго, каб выявіцца ўжо і сардэчным прыхільнасцям.

Атрымаў павестку і ходзіць па камісіях Лазоўскі. I яго мала відно на занятках. А калі і паказваецца, то маўклівы, раздражнёны. Я не адважваюся нават падысці да яго, не толькі каб яшчэ пра нешта распытваць. Стаіць у калідоры інстытута каля акна, лёгенька барабаніць пальцамі ў шыбу і насвіствае: «Дан приказ: ему — на запад, ей — в другую сторону…»

Наогул мы з Лазоўскім увесь гэты час амаль не страчаемся, хоць і займаемся на адным аддзяленні, разам наведваем лекцыі, ходзім у чытальню, у сталоўку. Нешта нічога не атрымліваецца ў нас з нашым знаёмствам. Я — заўсёды са сваім «сёмым», са сваімі дзяўчатамі. Лазоўскі або адзін, або з хлопцамі таксама.

Міша Грамыка — ён на гістарычным — той часта заходзіць да нас на факультэт. Тады толькі мы і збіраемся разам. Я не хачу набівацца на гэта сяброўства, хоць маё самалюбства і пакутуе: што ж усё-такі здарылася? Чаму Лазоўскі сам не падыходзіць да мяне? Я ўпэўнена, што не павінна першая падыходзіць да яго, шукаць з ім гутаркі ці яго ўвагі. Я не хачу набівацца! А ў яго няма адбою ад дзяўчат. Аня Батракова — наша факультэцкая красуня — не дае яму праходу.

— Лазоўскі, зірні, я так збіраю затвор (гэта на ваенных занятках)? Лазоўскі, дай мне руку, а то я звалюся (гэта на фізкультуры). Лазоўскі, пакажы свой канспект, я не запісала цытату (на лекцыі).

Яе зусім не бянтэжыць тая акалічнасць, што месца на лекцыі займае не ён, гэты самы Лазоўскі, ёй, а яна сама колькі сілы імчыць паперадзе «патоку», каб заняць два месцы поруч. «Тут занята!» — садзіцца яна сама і кладзе на свабоднае месца свае канспекты. I абавязкова цягне на гэта месца яго. А калі ён не ідзе — вялікая бяда! — яна сама перасядае да яго.

Гэта бачыць ужо ўвесь курс, увесь курс падсмейваецца, але Аня і вухам не вядзе. «Хто з вас устоіць перад маім хараством?» — ганарыстым позіркам акідвае яна хлопцаў. I праўда, не ўсе хлопцы вытрымліваюць гэты зманлівы позірк блакітных, як неба, вачэй у шоўку доўгіх чорных веек. Не адзін з іх гатовы пісаць ёй хоць усе канспекты — за гэтыя свежыя, як пялёсткі ружы, шчочкі з пяшчотнымі ямачкамі, за гэтыя пунсовыя поўныя губкі, за бяздумную ўсмешку, асветленую бляскам роўных, як шнурочак, бялюткіх зубоў. Прыгожая — нічога не скажаш.

На нас, дзяўчат, Аня Батракова глядзіць зняважліва: падумаеш!.. Непакоіць яе крыху толькі Нюша Філіповіч. Ёй таксама падабаецца Лазоўскі, але Нюша не кідаецца за ім гэтак, як Аня. У Нюшы свая і, трэба сказаць, больш надзейная тактыка: за яе дзейнічаюць яе сяброўкі. Нюша была замужам, і, вядома, яе жыццёвы вопыт не параўнаеш з Анінымі заляцаннямі. Ну, і калі гаварыць шчыра, Нюша, мусіць, усё ж хутчэй можа спадабацца, чым Аня. Ва ўсякім разе, сама я ўпадабала б Нюшу… Яна негаваркая. Яна заўсёды апранута прыгожа і стрымана. I галаву яна ўмее трымаць так, нібыта носіць не чорную бліскучую касу, а царскую карону.

Вядома ж, я пакутую. Адкуль я што ведаю? Нехта бачыў, нехта некаму казаў — і наша Вольга пачула! — што Лазоўскі хадзіў з Нюшаю Філіповіч у кіно. Вядома ж, Вольга тут жа прыляцела да мяне: «Ганька, кінь ты гэтага свайго Лазоўскага!..»