Ганька пакутуе? Ганька чакае пісем? А чаго ж гэта гісторыкі зачасцілі ў сёмы пакой?
Дурныя вы!.. Мішка Грамыка з Лазоўскім выраслі на адной вуліцы, на адным выгане. Разам хадзілі па адной сцежцы ў школу. I хаты іхнія стаяць страха да страхі… Я гэтыя іх сцежкі ведаю цяпер — ад Мішкі, а не ад Лазоўскага, — як свае ўласныя, нібыта я таксама хадзіла па іх уласнымі нагамі… I няўжо ж ніхто на свеце не разумее, што калі ты адзін, адзін на цэлым свеце, і над табою толькі беспрасветная восень, няўжо ніхто не разумее, як такому чалавеку патрэбен хоць самы кволы праменьчык?
На свеце ніхто нічога не разумее…
Насця Дзятлава, як і заўсёды, чым бы яна ні была занятая, нават калі шпаргалку піша, абавязкова наспеўвае сабе пад нос.
— Хопіць табе ўжо. Я сёння нічога не паўтарыла, — пакутліва адмахваецца ад Насцінай «чайкі» Вольга Башаркіна. Вольга з Прапойска, і таму мы яе ўсе завём: прапамчанка.
— На, лепей з’еш, а то высахла ўся на трэску з гэтым паўтарэннем. — адламвае ад цэлае булкі і дае кавалак Вользе Жэня Шурына. (Тая самая Жэня, з якою мы некалі галасавалі на Бабруйскам шашы.) Сама Жэня ад паўтарэння і ад экзаменаў не высахне… Няхай кругом пажар, няхай патоп, Жэня кроку не дадасць: куды спяшацца? Яна не вельмі паспяшае нават на спатканне з хлопцам. «Чакае? Памірае?.. Няхай памірае, я яго не абабрала…»
— Адчапіся з гэтай ядою!.. Фроська, ты ж усё ведаеш. Што трэба дадаваць: адзін год да з’езда ці з’езд да года? Наумовіч нам тлумачыў, але я ніяк не запомню…
— Трэба дадаваць адзінаццаць год, пачынаючы з шостага з’езда. Шосты — у семнаццатым годзе, сёмы — у васемнаццатым… I так да дзевятнаццатага… — тлумачыць Фрося. Яна ў нас стараста пакоя, і, можна смела сцвярджаць, сярод усіх нас яна — самы сур’ёзны і сталы чалавек. Яна і па гадах за нас старэйшая. Мы ўсе толькі вучымся, а яна да інстытута, ого, колькі ўжо напрацавалася. I на Бубруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце працавала, і рахункаводам… Таму цяпер, у інстытуце, яна займаецца не гэтак, як мы. Фрося рыхтуецца сістэматычна, штодня. Яна не марнуе часу на шпаргалкі — у яе ўвесь матэрыял заканспектаваны… Мы ўсе, астатнія з нашага сёмага пакоя, гэтак рыхтавацца не ўмеем. Да таго ж мы яшчэ і добрыя гультаі…
— Пачакай, пачакай! — нібыта Фрося спяшаецца ўцякаць, стрымлівае яе Вольга. — Паўтары яшчэ раз, я зараз запішу. У мяне ўсе з’езды ў галаве пераблыталіся…
— I што ты толькі будзеш рабіць з гэтаю сваёю рулеткаю на экзамене… — смачна ўмінае сухую булку Жэня.
— Абы я толькі паспела ўсё выпісаць…
— Вынаходніцтва Дзіны Антонавай, — не адрываючыся ад канспекта, заўважае Фрося.
— Гэта ж пры мне якраз было, — смяецца Аня Славіна.
Яны зямлячкі з Вольгаю: Аня таксама з Прапойска. Аня вельмі прыгожая дзяўчына. Прыгожая і ганарыстая. Будзе хлопец паміраць па ёй, самой ёй будзе падабацца, а яна з яго толькі насміхаецца: падумаеш, такі кавалер…
— Раскажы, Анька, усё роўна ўжо, — адкладвае ўбок свае запісы Вольга.
— Што расказваць. Мы якраз з Дзінкаю разам зайшлі. Выцягнулі білеты. Дзінка пайшла адказваць першай да дошкі. А Гудковіч сядзіць за сталом. — Аня паказвае, як стаіць ля дошкі Дзінка, як сядзіць засталом Гудковіч. — I Дзінка раптам забыла, ці што… — Аня ад смеху не можа далей працягваць.
— Што забыла? — нам усім ужо цікава паслухаць, што было далей.
— Раптам… Ха-ха-ха… Шпаргалка…
— Выпусціла з рук?! — жахаецца Вольга.
— Гудковіч спачатку не зразумеў… Ха-ха-ха!.. Узяў гэтак асцярожненька, нібыта вужаку, двума пальчыкамі… — Аня ўсё гэта ілюструе ў дзеянні. — I да Дзінкі: «Ля камарад Антонава кэс кё сэ?..» А Дзінка… Ха-ха-ха!.. Збялела: «Жэ нэ компранэ па ву…» А Гудковіч ёй раптам па-руску: «Затое я вас добра разумею! Сядайце!..»
— Я таксама магу забыць і выпусціць, як спалохаюся… — хвалюецца Вольга.
— А мне каб яшчэ адзін толькі дзень, — кажа Жэня, — тады б я ўсё паўтарыла, а так не паспею.
— А я сёння ўжо нічога больш не буду вучыць. Пайду ў кіно, — прыхарошваецца перад люстрам Аня Славіна.
— Ты ўжо зусім здурнела праз гэтага свайго Зорку… — Вольга лічыць, што яна павінна трымаць у руках зямлячку.
— У мяне ўсё роўна галава распухла, — смяецца Аня. Смяецца, вядома, не таму, што гэта яе вельмі захапляе. Захапляе яе зусім іншае: Зорка на Цымерманцы будзе чакаць яе з білетамі.
— А ты, Ганька, чаму не збіраешся? — Вольга павінна мець вычарпальную інфармацыю, інакш яна не здолее працягваць сваю капітальную падрыхтоўку да заўтрашняга экзамена.