Выбрать главу

— Не хачу, дык і не збіраюся.

— Твой жа Мішка таксама, напэўна, будзе…

— Дык і бяжы да яго! — абрыдлі мне гэтыя шпілечкі, абрыд Мішка.

— Змоўкніце! — спыняе нас Фрося.

— Хлопцам добра, — сцеле пасцель Жэня. — I не вучаць, і лепш за дзяўчат здаюць.

— Не «не вучаць», а вучаць разумна. Не зубраць усё ўпрыцён, а вучаць галоўнае… Пакажы свой гістарычны дакумент, — звяртаецца да Вольгі Фрося. — Ну вось, калі ласка: «У снежні 1900 года за граніцай выйшаў першы нумар газеты „Іскра“. Эпіграфам да яе былі ўзяты словы з адказу дзекабрыстаў Пушкіну: „Из искры возгорится пламя…“» Няўжо на гэта таксама патрэбна шпаргалка?

— «Откуда ты, прелестное дитя?..» — спытаў бы Пагуляй, прачытаўшы эпас Вольгі, — кладзецца ў ложак Жэня. — Ой, дзяўчаткі, стрэла я ўчора Пагуляя з жонкаю… Ён такі прыгожы, а яна…

— Дурная ты, ведаеш, хто яна!.. — перабівае Жэню Фрося.

— Не разумею прыгожых мужчын, якія жэняцца з непрыгожымі жанчынамі, — складае пад падушку канспекты і падручнікі Жэня.

— А я ніколі не пайшла б замуж за прыгожага, — катэгарычна паведамляе Вольга.

— А я пайду толькі за прыгожага! — пазіцыя Жэні дыяметральна супрацьлеглая. — А ты, Ганька?

— Ганька будзе чакаць Лазоўскага.

— Каго захачу, таго і буду чакаць…

Буду чакаць, чакаю, чакала… А пісьма няма.

— Слухай, Ганька, напішы лепей верш, як наш сёмы рыхтуецца да экзаменаў — прапануе, лежачы ў пасцелі, Жэня.

Я нічога не адказваю. I ў мяне распухла галава. I я ўжо больш не магу рыхтавацца. Мо і праўда лепей сесці і напісаць верш?..

Масква

Я ведаю яе даўно. Яшчэ з дзяцінства. З тых яшчэ часоў, калі мы з мамаю доўгімі зімовымі вечарамі сядзелі на печы, дралі пер’е і мама расказвала мне вершы. (Казкі расказваць мама не любіла, казкі хілілі яе ў сон.) Расказвала пра Маскву.

Город чудный, город древний, Ты вместил в свои концы И посады, и деревни, И палаты, и дворцы.
Опоясан лентой пашен, Весь пестреешь ты в садах, Сколько храмов, сколько башен На семи твоих холмах!
На плечах твоих старинных Вырастают дерева. Глаз не схватит улиц длинных — Это матушка Москва!

«Матушку Маскву» ў нас дома ведалі ўсе: сёстры Саша з Анютаю з гімназіі, мы з Нінаю ад мамы і ад сясцёр.

З тых часоў майго дзяцінства многа чаго змянілася. Я сама вырасла і не раз зімавала ў Маскве з дочкамі Ларынымі… Кружылася «в вихре вальса» на маскоўскіх балах разам з Наташай Растовай… Нарэшце, будучы пераконанай камсамолкай, не прамінала ніводнае рэвалюцыйнае дэманстрацыі:

«Страна моя, Москва моя! Ты самая любимая!..»

I вось зноў мяне чакае Масква. На гэты раз не кніжная, не праграмная, не з радыёрупараў, а самая сапраўдная, жывая Масква.

Нас, студэнтаў-выдатнікаў, пасля зімовае сесіі інстытут прэміраваў бясплатнымі пуцёўкамі на экскурсію ў Маскву.

Якая ж ты, Масква, цяпер?

…Адразу з Беларускага вакзала выходзім на плошчу, а потым — на вуліцу Максіма Горкага. Як і мы сёння, ён таксама ішоў па гэтым самым пероне, выходзіў у гэтыя самыя дзверы. I на момант спыняўся: павітацца пасля доўгай разлукі з ёю, спытаць: «Якая ж ты, Масква, цяпер?..»

— Таварышы, увага! — як квактуха куранят, збірае нас вакол сябе наш кіраўнік Ханін. Шырокі, прысадзісты, у расшпіленым паліто і ссунутай на патыліцу футравай шапцы, ён і сапраўды напамінае квактуху. — Таварышы, усе тут? Ніхто не згубіўся?

Ханін выкладае ў нас гісторыю сярэдніх вякоў і, ведучы лекцыю, мае звычку ўсе імёны і даты падзей запісваць на дошцы. Пры гэтым ён так грукае крэйдай, што крэйда ў яго пальцах крышыцца на муку. З аўдыторыі пасля лекцыі Ханін выходзіць што з млына — увесь белы.

Ханін заўсёды возіць у Маскву студэнтаў на экскурсіі. Ён ведае, дзе можна зручней размясціцца, у якой сталоўцы танней харчавацца. Да таго ён надзіва рухавы і спрытны чалавек, хоць з выгляду і грузны.

— Давайце ўмовімся адразу — не адставаць! — звяртаецца да нас Ханін. — А хто адстане… Заўтра з самае раніцы перш за ўсё мы ідзём на Красную плошчу. Хто адстане — кіруйце туды…

Больш на гэту тэму: хто адстане, хто заблудзіцца — у нас няма гаворкі. Нібыта ён палкаводзец, а мы яго войска. Ханін вядзе нас наперад!

У Маскве ўжо вечар, і нам трэба знайсці студэнцкі Пушкінскі гарадок. Там мы будзем жыць усе дзесяць дзён.

— Трымайцеся ўсе каля мяне, у метро лёгка адстаць, — папярэджвае нас Ханін.