Я сутаргава чапляюся за Фросю, чапляюся за Бірукова (Бірукоў — наш камсамольскі сакратар і амаль жыхар нашага сёмага: Бірукову падабаецца Жэня, і ён не вылазіць з нашага пакоя). Хутчэй, хутчэй, не адставайце! У метро нас падхоплівае паток… Білеты, кантралёры і — раптам! Душа адрываецца ад цела і коціцца недзе ўніз, пад ногі людскому патоку, у прорву… (Ну, калі я ўжо адсюль вярнуся жывая…) А людзям навокал хоць бы знак: коцяцца ў прорву і яшчэ кніжкі чытаюць.
Азірнуцца і ўразумець, што з табою здарылася, ці жывая ты — няма калі… Няма калі перавесці дух і азірнуцца на казачную прыгажосць падземнага царства. Усё кругом так і зіхаціць, так і ззяе… Але дзе там разглядацца.
— Ж-ж-жух! — праносіцца свіст, і на пероне спыняецца электрапоезд.
— За мною! Усе за мною! — нібыта заклікае ў бой, крычыць нам у гэтым маскоўскім метро Ханін і чакае, пакуль мы ўсе ўціснемся ў вагон.
Л-л-лясь!.. Ці хаця сеў ён сам? Куды мы без яго дзенемся адны, у гэтым віры?.. Ханін сеў. Азірае вагон: ці ўсе мы тут. Фросю адціснулі недзе ў куток. Я чапляюся за руку Шуркі Лашкевіча… Вось гэта дык цесната. Такой няма нават на нашых вакзалах… Але і тут чытаюць кніжкі.
— Шурка, што будзе, як мы згубімся?
— Не згубімся! — трымае мужчынскі гонар Шурка. (А сам у Гомелі, на экскурсіі ў палацы князя Паскевіча, заснуў каля грубкі і зваліўся з табурэткі…)
— Таварышы, выходзім! — камандуе Ханін і зноў чакае, пакуль мы ўсе выскачым з вагона.
Выскокваем.
— Цяпер нам трэба зрабіць пераход на станцыю Плошча Рэвалюцыі, — кажа Ханін. I зноў шыемся мы ўслед за ім у натоўп, якому, здаецца, тут няма канца. Цяпер ужо мы не спускаемся, цяпер эскалатар (трэба запомніць гэту назву!) ужо ўзносіць нашы душы недзе ўгору, можа, у самае неба… Зноў электрапоезд, зноў пераход, уверх-уніз па гэтых дзіўных, нібыта жывых, лесвіцах…
— Прыехалі! — нарэшце паведамляе Ханін. Ён чырвоны, спацеў, выцірае хусцінкай твар. — Усе тут? Ніхто не адстаў?
— Усе…
— Няма Шуркі Лашкевіча!..
— Шурка! Шурка! Шуркі Лашкевіча няма.
Дзе яго цяпер шукаць?.. Іголку ў стозе сена лягчэй знайсці.
— Вось табе і маеш! — аднак Ханін не злуецца. Такія падаруначкі яму не ў навіну: з кожнае экскурсіі хто-небудзь ды адстане. — Пачакаем, можа, пад’едзе.
Мы чакаем Шурку паўгадзіны, гадзіну… Позна ўжо.
— Будзе навука, — кажа Ханін, — запомніце гэта кожны. Гэта вам не па Цымерманаўскай разгульваць… У Маскве перш за ўсё патрэбна дысцыпліна. Паехалі!
I мы едзем — ужо трамваем — у свой Пушкінскі гарадок. Бедны Шурка, дзе ён і што з ім будзе?..
...Назаўтра раніцай мы ўсе ідзём на Красную плошчу. Ідзём да Маўзалея Уладзіміра Ільіча Леніна. Адсюль пачынаецца Масква…
Мы ўсе хвалюемся, ці скора ўжо?.. Ці скора? I калі нарэшце доўгачаканы момант настае, то што ж мы бачым?
Па самай сярэдзіне Краснай плошчы крочыць Шурка Лашкевіч!
Шурка адстаў ад нас на перадапошняй станцыі. Спачатку страшэнна спалохаўся, пачаў азірацца, шукаць нас і прапусціў некалькі электрапаяздоў. Махнуўшы рукой — усё роўна не дагоніш! — Шурка вырашыў аб’ехаць усе станцыі метро, паглядзець: няўжо ўсе яны такія дзівосныя… А калі зачынілі метро, Шурку затрымала міліцыя. I дала на ноч цёплы прытулак… Ну, а куды трымаць свой шлях раніцай, Шурка ўжо ведаў. Раніцай яго чакала Красная плошча.
З Краснае плошчы Ханін вядзе нас і становіць у чаргу недзе аж у Аляксандраўскім садзе. Чарга віецца па заснежаным парку, па бруку Манежнай плошчы і жывою ручаінаю выплёскваецца на Красную плошчу. У гэтай ручаіне і мы імкнём прыпасці да тых святых камянёў, якія вартуюць вечны сон Леніна… Крок за крокам. Усё бліжэй і бліжэй.
Замерла, не зварухне заінелымі вейкамі варта. Заінелыя бровы, заінелыя каўняры на шынялёх.
Мусіць, вось гэтакі ж мароз трашчаў і ў тыя дні, калі не стала Леніна…
Прыступка за прыступкай.
— Асцярожна…
— Асцярожна…
Асцярожна. Не патрывожце яго сон. Запомніце яго такім на ўсё жыццё. На ўсё жыццё захавайце яго вобраз у сэрцы. Асцярожна…
Людзі выходзяць да Крамлёўскай сцяны.
Імёны. Імёны. Імёны. Кіраў. Куйбышаў. Горкі. Крупская…
Усё такія нядаўнія і горкія страты.
Ці здолеем мы, новае пакаленне, здзейсніць іх надзеі?
З гэтым пачуццём, усхваляваныя і прыціхлыя, пакідаем мы Красную плошчу.
— Таварышы! — узнімае руку Ханін. — Усе на месцы?
— Усе.
— Уперад!
— Уперад і ўперад! — іншых слоў ад Ханіна за ўсе гэтыя дзесяць дзён у Маскве мы не чуем.
Уперад — і справа ад нас, за вуглом, цэрква: тут вянчаўся Пушкін з Наталляй Ганчаровай. Уперад — і на некалькі хвілін мы спыняемся на ціхай вуліцы перад асабняком графа Растова, дзе расла Наташа. Праз паўгадзіны мы ў Траццякоўскай галерэі.