За сухары — пшанічныя каржы на кіслым малацэ — лепшага ласунку не прыдумаеш… Дзяўчаты сядаюць да стала. Сядае і Валодзя. Ён дастае загорнутыя ў газету рэшткі свае дарожнае яды (не выкідаць жа вон). Апетыт у нас усіх дзякаваць богу, мо таму і самі не выглядаем уломкамі.
— Харошыя ў цябе дзяўкі, — зноў хваліць мне маіх таварышак Валодзя.
— Жаніхоў толькі няма! — Вольга ў нас маладзец. Яна ніколі нікога не саромеецца, яна заўсёды гатова жартаваць.
— Будуць! — упэўнена кажа Валодзя. — Каб у такіх дзявок ды не было жаніхоў!
— У вашае Ганькі ёсць…
— Вольга! — ну, хоць ты забі яе!
— У Ганькі ёсць? — пасміхаецца Валодзя. — А дадому ж яна нешта не хваліцца.
— От, слухайце вы яе… А дома ў нас што чутно, якія навіны? — Мне б толькі адвесці Валодзеву ўвагу ад гэтых жаніхоў.
— Навін столькі, што і не перакажаш усе… Сад у нас вымерз… Па ўсім засценку сады павымярзалі. Ды і па суседніх вёсках, чутно, таксама… Такіх маразоў як у гэту фінскую вайну, мо зроду не было. Старыя не памятаюць…
— Увесь чысценька вымерз сад?
— Не, спасаўка, што каля Адамавага боку, засталася, ды папяроўка, што за хатаю, у зацішку…
— Ай-яй-яй…
— Ці ты ж бо ведаеш, што Аляксандравага Мішу, майго пляменніка, забілі?
— Ведаю. Саша пісала.
— Спраўны быў хлопец… Яшчэ тады, як мяне забралі, касіў ужо з бацькам.
— Харошы быў хлопец.
— У Жука Івана, з Паўстыні, таксама забілі хлопца… I ў Заграддзі двох не вярнулася, — расказвае мне Валодзя. — Адно слова, набілі кругом, як снапоў на таку…
Я нічога не адказваю: мо гэта яшчэ і не ўсё, што ведае Валодзя. Мо і яшчэ чые сыны не вярнуліся з фінскае вайны…
— Але, я ж забыў, — успамінае Валодзя. — Там, на дне, пад газетамі, Саша прыслала табе плацце. Анюта пашыла.
Плацце? Якое?! Плацце мне, вядома, у сто разоў цікавей за ўвесь гэты чамадан з ядою.
— Не ведаю. На Урэччы, казала, набрала.
Ад плацця — белы паркаль у ружовы «гарошак» — я ў захапленні. Доўга не здаюся на просьбы, я хаваюся за шафаю і прымерваю плацце. Дзяўчатам таксама маё плацце падабаецца. «Як хораша пашыта!»
— Гэта наша Анюта, — хвалюся я.
— Гэта яна гэтак умее, — хваліць Анюту і Валодзя. Плацце я, вядома, тут жа скідаю і вешаю ў шафу.
Вечарам я вяду Валодзю ў кіно. Паказваюць фільм «Тры танкісты». А назаўтра раніцой (мы яшчэ ўсе спім) Валодзя ціхенька ўстае і ідзе на вакзал. Я яго не праводжу: праспала…
Свята ў Змяёўцы
Фрося Брыкет запрашае мяне на Майскія святы да сябе дадому ў госці.
Першага мая мы ідзём на дэманстрацыю. Наш інстытут стаіць на Пясчанай плошчы ў першай калоне дэманстрантаў. Перад намі пад гром маршу страявым крокам праходзіць святочная пяхота: «Левай! Левай! Левай!» Некаторыя нашы студэнткі ў гэтых жалезных шарэнгах пазнаюць сваіх добрых знаёмых…
Палошчуцца ў паветры хвалі чырвоных сцягоў. Над галовамі дэманстрантаў калышуцца партрэты Леніна, Сталіна, Маркса, Энгельса… Партрэты ўсіх членаў Палітбюро… Лозунгі і транспаранты. «Няхай жыве Першае мая — свята працоўных усяго свету!», «Пяцігодку ў чатыры гады!»
Пясчаная плошча патанае ў разліве бадзёрых песень:
Устане! У гэтым няма ні ў воднага чалавека сумнення! Гэта, як па кнізе, можна чытаць па захопленых тварах дэманстрантаў.
Дэманстрацыя канчаецца недзе толькі пад вечар. У інтэрнат мы ўсе вяртаемся спечаныя майскім сонцам і без ног.
А назаўтра ранічкай — святочны горад яшчэ не прачынаўся — мы з Фросяю ідзём у яе Змяёўку.
Дарога не сказаць каб вельмі далёкая (дваццаць пяць усяго кіламетраў), і мы адольваем яе, дзе лесам, а большасць адкрытым месцам, недзе ўжо к поўдню. Праўда, апошнія кіламетры здаюцца нам вельмі доўгімі.
Змяёўка паказваецца нам з пагорка, як толькі мы выходзім з Краснага Берага. Вёска ўся ў садах і прысадах. Сады толькі пачынаюць зацвітаць, і здалёку хаты і ўсе забудовы здаюцца палітымі малаком. Хораша!
— А вунь наша хата! — здалёку радуецца сваёй хаце Фрося.
Іх хата ў вёсцы самая крайняя. Пад вокнамі з вуліцы стаіць старая бяроза. На вуліцу прыступкамі сходзіць высокі ганак. Фрося ўглядаецца, ці не відно каго на двары… Адчыняюцца дзверы — і на ганку паказваецца дзяўчо ў светлай сукенцы.
I дзяўчо глядзіць у наш бок. I дзяўчо таксама раптам пазнае…
— Малая… — ружавее ад радасці Фрося.
— Фрося! — зрываецца з ганка дзяўчо. — Мама, Фроська! — азіраецца яно назад і імчыць насустрач нам.