Адно толькі, што ў мяне, напрыклад, доўга ў чамадане яны не ўлежалі б. А ў Фросі ляжаць! Фрося шкадуе насіць (яна кажа «трапаць») мадэльныя туфлі і крэпдэшынавае плацце ў інстытут. На заняткі, штодня, яна ходзіць у сацінавай «таццянцы». «Таццянка» — цяпер апошні крык моды.
…Мой адказ на адрас п/я…, заклеены таксама ў ружовы канверт, я апускаю ў паштовую скрынку ў гэты ж самы вечар.
I дзіўная рэч: у свой пакой, у інтэрнат, я вяртаюся з адчуваннем, якое цяжка нават акрэсліць. Ну, безумоўна ж, сённяшні дзень самы шчаслівы ў маім жыцці… I ў той жа час, зваліўшы цяжэрны камень, я як быццам нешта трачу, як быццам з нечым назаўсёды развітваюся і шкадую… Самой мне цяжка зразумець, а тым больш паверыць, што я прывыкла да гэтае каменнае глыбы. Пад ёю, недзе на самым дне скляпення, да самага апошняга моманту, трывала мая спакутаваная вера і надзея…
…Праходзіць не больш за тыдзень, і зноў пасля заняткаў знаходжу я на сваім ложку, каля падушкі, пісьмо. Адзінае, якое я цяпер чакаю і якое толькі мне патрэбна.
«Мая мілая Ганька…» Так пачынаецца гэта адзінае ў свеце пісьмо. Трэба не мець сэрца ці быць з жалеза, каб не дараваць за такое пісьмо — нават калі ён і быў грэх…
Ты нічога не ведаеш… Я ж, як прыехаў увосень дадому, так, нічога сам не ведаючы, што мяне чакае, і праседзеў у сваёй хаце больш за тры месяцы. Ты не можаш уявіць майго стану… Вы там, у інстытуце, вучыцеся, а я тры разы на дзень хаджу даваць карове трусянку… Спрабаваў піць гарэлку (няхай яна згарыць!). Спрабаваў хадзіць да дзяўчат і вясёлых маладзіц… (Я прызнаюся табе ва ўсім. Як на споведзі.) Мама пачала плакаць: „Сыночак мой, навошта табе ўсё гэта — ты ж хацеў чалавекам стаць, хацеў вучыцца“. I мне зрабілася брыдка мамы.
I я паехаў у горад і зайшоў там да аднаго вельмі харошага чалавека. Чалавек той даў мне розных кніжак, мне патрэбных… I я амаль падрыхтаваўся, каб здаваць экстэрнам зімовую сесію ў інстытуце разам з вамі… Але гэта мне не ўдалося. Мяне выклікаў наш райваенкамат і нарэшце адправіў мяне. I я ўжо рады быў і гэтаму. Няма большай пакуты на свеце, чым няпэўнасць. Цяпер я — курсант пяхотнага вучылішча.
Я ўсяму спачуваю. Я ўсё разумею. Толькі вось гэтыя дзяўчаты… I асабліва вясёлыя маладзіцы…
Толькі яны студзяць нешта ў маім сэрцы, нешта ў ім стрымліваюць. Каб не яны. Каб не яны… Я тут жа гатова сесці і напісаць, што я ўсё даравала, што я нічога не памятаю і наогул нават не здольна нічога кепскага думаць. Толькі вось яны… «А можа, у яго там з імі нічога такога і не было…» — хавае галаву пад не аперанае яшчэ крыло дурное страусянё.
Вядома, нічога не было!
Ёсць толькі ён. Ёсць толькі сама я. I яшчэ цэлы вырай пісем. Цэлы вырай — па два, па тры, па пяць пісем на тыдзень!
Еду ў Ленінград
Вырай не спыняецца і ў час маіх летніх канікулаў…
А дома не схавацца — хоць пад зямлю закапай, сястра Саша ўсё роўна знойдзе і прачытае. Я і плачу, і сваруся, але нічога не памагае.
— От, дурная дзеўка: хлопец піша пісьмы, дык яна хаваецца, — смяецца з мяне Саша.
Не, я павінна па сценах расклейваць гэтыя пісьмы…
— Хаця б зірнуць, што за ён, — кажа Ніна.
— На сваіх глядзеце, — заступаецца за мяне баба Іваніха.
— На сваіх мы ўжо нагледзеліся.
Неўзабаве прыходзіць пісьмо з фотакарткай: курсант пяхотнага вучылішча ў поўным парадзе.
— Пакажы!
— Наце! — хаваць усё роўна няма карысці, ды і ахвоты няма, шчыра кажучы, хаваць…
— Харошы хлопец! — першы хваліць Валодзя. — Ён у цябе мо за камандзіра будзе?
«Ён у мяне…»
— Можа, і будзе!
— От, ёй абы агрызацца, — кажа Ніна і забірае ў Валодзі з рук фотакартку. — Дык і праўда ж — удалы хлопец!
Цягне руку і баба Іваніха. I яна дае сваю атэстацыю.
— Але, харошы. I з твару поўны. Відно, іх там у салдатах добра кормяць…
Харошы, бо поўны з твару… А я сама ў іх заўсёды няўдалая, бо я «не поўная»…
— Няхай толькі бярэ, мы табе добрае вяселле справім, — абяцае мне Валодзя.
Што з імі гаварыць? Ужо вяселле… У іх няма іншай гаворкі.
— Ну, то сядзі дома, думаеш, ён цябе будзе доўга ўпрошваць, — пагражае мне баба Іваніха, нібыта нехта хапае мяне замуж, а я вырываюся.
Ой, хоць бы куды знікнуць, куды з’ехаць ад гэтае гаворкі!.. Выпадак з’яўляецца, і вельмі хутка.
У нас госціць Ліза — жонка брата Сцёпы з Ленінграда. Ліза прыехала з трохгадовай дачкою Наташкаю, і ў дарозе ёй адной будзе цяжка з дзіцём і рэчамі. Вырашана, што я паеду з ёю ў якасці памочніцы. Паеду ў Ленінград! Я на сёмым небе. Жартачкі, за паўгода з’ездзіць і ў Маскву і ў Ленінград. Сцёпа мне даўно абяцае: вырасцеш і прыедзеш да нас у Ленінград… Дзякуй богу — вырасла!