Выбрать главу

Праўда, паміж мною і братам Сцёпам, як ён сам кажа, на нейкі час быў прабег чорны кот… Сцёпа настойваў, каб я абавязкова канчала дзесяцігодку і пасля пайшла ў інстытут. А я яго не паслухала і паступіла ў педвучылішча. I вось цяпер, калі я пакінула педвучылішча і пайшла ў інстытут, Сцёпа дараваў мне маё непаслухмянства. «Можа, з цябе, Ганна, яшчэ і атрымаецца чалавек. Я не вельмі ўпэўнены, але можа…»

I гэта ўсё роўна як велікоднае дараванне ўсіх грахоў.

У Ленінград мне цікава паехаць яшчэ і з чыста практычных меркаванняў… Хоць я ўжо і дарослая дзяўчына, але, калі казаць па шчырасці, на людзі паказацца мне зусім няма ў чым. А тут якраз прадалі маю (мае мамы…) хату. Мае грошы (мае!) ляжаць на ашчаднай кніжцы ў ашчаднай касе (і гэта каса, і кніжка ашчадная ўяўляюцца мне нейкімі калючымі, усё роўна як са шчаціны), і я магу забраць іх у любы час і магу зрабіць з імі што захачу.

Ліза кажа мне:

— На гэтыя грошы маладая дзяўчына ў Ленінградзе можа апрануцца і абуцца.

А гэта якраз тое самае, што мне патрэбна.

У Ленінградзе на Віцебскім вакзале нас страчае Сцёпа. Ён нас дадому вязе на трамваі. Пасля Масквы мне трамвай ужо не навіна, але ж усё роўна не воз…

У мяне тэрміну ўсяго дзесяць дзён, і Сцёпа з першага ж дня хоча, як ён кажа, загрузіць мяне ўражаннямі… Мы жывём на Фантанцы; з аднаго боку цырк, з другога — Летні сад. Той самы, дзе ў маленстве гуляў Анегін. Гэта яго Monsier ľ Abbê «слегка за шалости бранил и в Летний сад гулять водил»… Я ў Летні сад хаджу з маленькаю Наташаю. Наташа любіць дзядулю Крылова і яго «звяркоў». Вось тут, каля помніка славутаму байкапісцу, і бавім мы з ёю час… Вяртацца дадому я пабойваюся: усе дамы на Фантанцы — як блізняты (і няма нумароў). Я баюся заблудзіць.

— Гэта наш дом, Наташа? — пытаюся я.

— Не наш, не наш! — тупае яна ножкамі.

— А гэты?

— Не! — адмоўна круціць галавой Наташа.

— А дзе ж наш дом?

— Во наш дом! Во наш дом!

Дзякуй богу…

Сцёпа вядзе мяне да Меднага конніка.

— «Кумір на бронзавым кані…» Памятаеш? — экзаменуе мяне Сцёпа.

Ну, мне сорамна было б не памятаць.

А вось і славуты Неўскі праспект. Параўноўваемся з Казанскім саборам. Помнікі ўдзячнай Расіі: «Фельдмаршалу князю М. Н. Голенищеву-Кутузову», «Фельдмаршалу князю Барклаю де Толли»… У Казанскім саборы пахавана цела Кутузава.

— А вось гэта пампезная дама — матухна імператрыца Екацярына Вялікая. Амаль усю Александрынку засланіла, — насмешліва заўважае брат.

Выходзім на Анічкаў мост. Уздыбленыя коні, здаецца, уздымаюць на дыбкі і мост.

— Звярні ўвагу — Клот забыў адліць языкі коням…

I праўда, гнеўныя коні на Анічкавым мосце без языкоў.

Дзівам, цудам, захапленню няма канца.

На другі дзень Сцёпа вядзе мяне ў ДЛТ — «Дом ленинградской торговли». Яшчэ зроду не бачыла я ні такіх магазінаў, ні столькі пакупнікоў. (У Маскве ў нас не было часу хадзіць па магазінах.) Мора людзей на кожным паверсе, а ўсіх паверхаў аж чатыры. Затое купіць можна ўсё, што толькі пажадаецца чалавеку. Сцёпа вядзе мяне ў той аддзел, дзе прадаецца гатовае адзенне.

— Давядзецца табе заняць чаргу.

А чарзе той няма, здаецца, ні пачатку, ні краю. Усё роўна як на вакзалах, каля білетных кас.

Сцёпу трэба быць на службе, і, хоць мне і боязна заставацца адной у гэтым цёмным людскім лесе, я застаюся. (Добра, што хоць дарогу дадому запомніла.)

Спачатку я мераю сабе асенняе паліто — тут яно называецца дэмісезоннае… Паліто сіняе, пашыта якраз як на мяне: не цесна, не шырока і ў даўжыню якраз. Паліто каштуе сто дзевяноста рублёў, і ў мяне яшчэ застаецца немаведама колькі грошай! (Ліза і Сцёпа строга мне наказалі: «Не кладзі толькі грошы ў кішэню — гэта табе не Зялёная Дуброва».)

Мне хочацца яшчэ касцюм. Мне вельмі падабаюцца цёмныя касцюмы, асабліва з белай батыставай блузкай. Блузка ў мяне ўжо ёсць, якраз такая, як мне трэба, — батыставая «англійская». Анюта пашыла…

Дастаяўшыся ў другой чарзе, я прымяраю яшчэ і касцюм. Трэба ж гэткая ўдача: і касцюм як уліты! Цёмна-карычневы — сто дваццаць рублёў. Буду я шкадаваць тых грошай!..

Апетыт прыходзіць у часе яды… А чаму б гэта мне яшчэ не набраць сабе крамы на плацце ці, можа, і на два?.. Вунь колькі мануфактуры ляжыць на прылаўках! Аж трашчаць… і сацін, і мультан, і маркізеты. Гэта не тое што ў нас на Урэччы ці ў Хрумы паўстынскае.

Станаўлюся ў новую чаргу і — была не была! — загадваю крамсаць мне на два плацці светлага маркізету і на трэцяе — на зіму — мультану ў дробныя сінія і белыя клетачкі. З белым каўняром будзе вельмі прыгожа!